Да Габрэяў 6 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Аляксандара Надсана

 
 

Таму, мінуўшы пачатак вучэньня Хрыстовага, будзем ісьці да дасканаласьці, ня кладучы ізноў асновы для пакаяньня ў мёртвых учынках і (для) веры ў Бога,
 

(для) вучэньня аб хрышчэньнях, аб ускладаньні рук, аб уваскрасеньні мёртвых і аб судзе вечным.
 

Зробім і гэтае, калі Бог дазволіць.
 

Таму што нямагчыма тых, што былí аднойчы асьвечаныя, паспыталі дару нябеснага і сталі саўдзельнікамі Духа Сьвятога,
 

і паспыталі добрага Слова Божага і сілаў будучага веку,
 

але адпаўшых, ізноў абнаўляць пакаяньнем, якія ізноў раскрыжоўваюць у сабе Сына Божага і прылюдна ганьбуюць Яго.
 

Бо зямля, якая (са збыткам) напілася ад дажджу, які на яе часта ідзе́, і якая росьціць злак, карысны для тых, для каторых яна і абрабляецца, дастае багаславеньне ад Бога;
 

а якая росьціць цярніну і чартапалох — няпрыдатная і блізкая да пракляцьця, канец якой — спаленьне.
 

Мы ж упэўнены адносна вас, любасныя, што вы ёсьць у значна лепшым стане і трымаецеся збаўленьня, хоць і гаворым гэтак.
 

Таму што ня няверны Бог, каб забыць дзею вашую і працу любові, якую вы выявілі ў імя Ягонае, паслужыўшы і служачы сьвятым.
 

Жадаем жа, каб кожны з вас выявіў рупнасьць і поўную ўпэўненасьць у надзеі да канца.
 

Каб вы ня разгультаіліся, але сталі насьлядоўцамі тым, якія праз веру і доўгацярплівасьць спадкуюць абяцаньні.
 

Бо Бог, даўшы абяцаньні Абрагаму, калі ня меў нікога вышэйшага (за Сябе), каб (ім) прысягнуць, прысягнуў Самім Сабой,
 

кажучы: «Праўду, праўду кажу, багаслаўляючы багаслаўлю цябе і памнажаючы памножу цябе».
 

І такім чынам, (Абрагам) доўгаперацярпеўшы, атрымаў абяцаньне.
 

А людзі прысягаюцца вышэйшым, і ўсякая іхная спрэчка заканчываецца прысягай на сцьвярджэньне.
 

Таму і Бог, хочучы больш пераканаўча паказаць спадкаемцам абяцаньня нязьменнасьць Сваёй волі, скарыстаўся прысягай,
 

каб у двух нязьменных рэчах у якіх нямагчыма, каб Бог сказаў няпраўду, і мы, збаўленыя, мелі надзейнае суцяшэньне, і маглі ўхапіцца за надзею, якая ляжыць перад намі,
 

якую маем як якар для душы, моцны і надзейны, і якая ўваходзіць у ўнутранае, за заслону,
 

куды папярэднікам за нас увайшоў Ісус, зрабіўшыся Архірэем паводля чыну Мельхісэдэка на вякі вякоў.