1 да Цімафея 6 разьдзел
Першае пасланьне да Цімафея
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Яна Пятроўскага
Усе рабы, якія пад ярмом, павінны лічыць сваіх гаспадароў вартымі ўсякай чэсьці, каб ня было ганьбаваным Імя Бога і вучэньне.
А тыя, хто мае гаспадарамі вернікаў, ня павінны імі грэбаваць, толькі таму, што яны браты; але тым больш павінны ім служыць, таму што яны вернікі і любасныя, якія прымаюць удзел у добрых учынках. Гэтаму вучы і пераконавай.
Калі хто вучыць іншаму і ня згаджаецца са здаровымі Словамі Госпада нашага Ісуса Хрыста і з вучэньнем пра багабойнасьць,
той надзьмуўся ад ганарлівасьці, нічога ня ведае, але захоплены прагай да спрэчак і словазмаганьняў, ад чаго паходзяць зайздрасьць, сваркі, зламоўі, ліхія падазрэньні,
пустыя спрэчкі паміж людзьмі з сапсаваным розумам і пазбаўленых праўды, якія думаюць, што багабойнасьць зьяўляецца сродкам для прыбытку. Ухіляйся ад гэтакіх.
Але вялікім набыткам ёсьць багабойнасьць з задаволенасьцю.
Бо мы нічога ня прынесьлі ў гэты сьвет; таксама і вынясьці зь яго нічога ня можам.
Дык маючы ежу і вопратку, будзем гэтым задаволены.
А тыя, што жадаюць разбагацець, упадаюць у спакусу і пастку і многія няразумныя і шкодныя пажадлівасьці, якія топяць людзей у зьніштажэньні і загубе.
Бо корань усякага ліха ёсьць срэбралюбства, аддаўшыся якому, нікаторыя ўхіліліся ад веры і наклікалі на сябе многія мукі.
Ты ж, о чалавек Божы, ухіляйся ад гэтага, але дасягай праведнасьці, багабойнасьці, (памнажэньня) веры, любові, цярплівасьці, ціхасьці.
Змагайся добрым змаганьнем веры, трымайся вечнага жыцьця, да якога ты і быў прыкліканы, і вызнаў добрае вызнаньне перад многімі сьведкамі.
Я загадваю табе — перад Богам, Які ўсё ажыўляе, і перад Хрыстом Ісусам, Які засьведчыў перад Понціем Пілатам добрае вызнаньне —
зьберагчы гэтае прыказаньне чыстым, бяззаганным, аж да зьяўленьня Госпада нашага Ісуса Хрыста,
якое ў свой час пакажа багаславёны і адзіны Валадар, Кароль над каралямі і Госпад над гаспадарамі,
Адзіны, Які мае нясьмяротнасьць, Які жыве ў сьвятле няпрыступным, Якого ніхто зь людзей ня бачыў, і ўбачыць ня можа, Якому чэсьць і ўлада вечная. Амін.
Багатым у цяперашнім веку загадвай, каб высока пра сябе ня думалі і ня спадзяваліся на багацьце нянадзейнае, але на Бога жывога, Які дае нам са збыткам усё патрэбнае;
рабілі дабро, багацелі на ўчынкі добрыя, былі шчодрымі, ахвотна дзяліліся,
зьбіраючы сабе скарб — добрую аснову для будучыні, каб дасягнуць ім жыцьця вечнага.
О, Цімахвею! Беражы, што табе даверана, ухіляючыся ад агіднага пустаслоўя і супярэчлівых сьцьверджаньняў хвальшывай навукі,
аддаўшыся якой, нікаторыя адступіліся ад веры. Багадаць з табою. Амін.