2 да Цімафея 1 разьдзел

Другое пасланьне да Цімафея
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Яна Пятроўскага

 
 

Павал, Апостал Ісуса Хрыста паводля волі Бога, паводля абяцаньня жыцьця ў Хрысьце Ісусе —
 

Цімахвею, любаснаму сыну: Багадаць, літасьць, Мір ад Бога Бацькі і Хрыста Ісуса, Госпада нашага.
 

Дзякую Богу, Якому служу ад прабацькоў чыстым сумленьнем, што няспынна ўспамінаю цябе ў малітвах маіх ўначы і ўдзень,
 

жадаючы ўбачыць цябе, успамінаючы твае сьлёзы, каб мне напоўніцца радасьцю,
 

успамінаючы пра тваю няпрытворную веру, якая жыла сьпярша ў бабцы тваёй Лаíдзе і матцы тваёй Яўніцы; перакананы ж, што яна жыве і ў табе.
 

З гэтай прычыны напамінаю табе падаграваць дар Бога, які ёсьць у табе праз ускладаньне рук маіх,
 

бо ня даў нам Бог духа страху, але сілы і любові і здаровага розуму.
 

Таму ня саромейся сьведчаньня нашага Госпада, і ні мяне, вязьня Ягонага, але перанось разам са мною цяжкасьці Эвангельля паводля сілы Бога,
 

Які збавіў нас і прыклікаў нас сьвятым прыкліка́ньнем ня паводля нашых учынкаў, але паводля задумы Сваёй і Багадаці, якую даў нам у Хрысьце Ісусе спрадвеку,
 

а цяпер зьяўленай нам праз зьяўленьне Збавіцеля нашага Ісуса Хрыста, Які зьнішчыў сьмерць і зьявіў жыцьцё і нясьмяротнасьць праз Эвангельле
 

дзеля якога я і пастаўлены зьвястуном і Апосталам, і настаўнікам паганаў.
 

Таму я так і паку́тую, але ня саромлюся, бо ведаю Каму я паверыў, і ўпэўнены, што Ён мае сілу захаваць заруку маю на Дзень Гэны.
 

Май за ўзор праўдзівае вучэньне, якое ты пачуў ад мяне, зь верай і любоўю ў Хрысьце Ісусе.
 

Захоўвай добрую заруку Духам Сьвятым, Які жыве ў нас.
 

Ты ведаеш тое, што ўсе, хто ў Азіі, сярод якіх Хвігел і Гермагэн, пакінулі мяне.
 

Хай Госпад зьлітуецца над домам Анісіхвора, таму што ён часта мяне падтрымліваў і ня саромеўся путаў маіх,
 

але апынуўшыся ў Рыме вельмі старанна шукаў мяне і знайшоў.
 

Хай дасьць яму Госпад знайсьці міласэрнасьць у Госпада ў Той Дзень; а колькі служыў ён мне ў Эхвесе, ты ведаеш лепш.