2 да Цімафея 2 разьдзел

Другое пасланьне да Цімафея
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Яна Пятроўскага

 
 

Дык ты, сын мой, узмацняйся ў Багадаці, што ў Хрысьце Ісусе,
 

і што ты пачуў ад мяне пры многіх сьведках, тое перадай верным людзям, якія будуць здольнымі і другіх навучыць.
 

Ты ж перанось цяжкасьці, як добры жаўнер Ісуса Хрыста.
 

Ніякі жаўнер ня заблытвае сябе жыцьцёвымі справамі, каб дагадзіць начальніку войска.
 

А калі хто і змагаецца, але змагаецца нязаконна, вянка ня здабудзе.
 

Земляроб, які працуе, мае першым скарыстаць ад пладоў земляробства.
 

Разумей, што кажу (табе) я. А Госпад хай дасьць табе разуменьне ва ўсім.
 

Памятай Ісуса Хрыста ад насеньня Давіда, Які ўваскрос зь мёртвых паводля Эвангельля майго,
 

за якое я пераношу нягоды аж да путаў, як злачынец; але Слова Бога ня зьвязана.
 

Таму я ўсё зношу дзеля выбраных, каб і яны дасягнулі збаўленьня ў Хрысьце Ісусе зь вечнай славай.
 

Слова гэтае вернае: бо калі мы зь Ім памерлі, то і жыць будзем зь Ім;
 

калі церпім, то і валадарыць будзем зь Ім; калі адцураемся ад Яго, то і Ён адцураецца ад нас;
 

калі мы няверныя, то Ён застаецца верным, бо Сам Сябе адрачыся ня можа.
 

Гэтае нагадвай, заклінаючы перад Госпадам, ня ўступаць у спрэчкі, якія ня толькі ня карысныя, але і служаць на катастрохву слухачоў.
 

Пільна рупся прадстаць перад Богам годным: працаўніком бяздакорным, які верна выкладае слова праўды,
 

ад нячыстай і пустой балбатні ўхіляйся, бо ўсялякія балбатуны яшчэ больш будуць памнажаць бязбожнасьць;
 

і слова іхнае, як гангрэна, будзе пашырацца. Гэткія ёсьць Гімэнэй і Хвілет,
 

якія адступіліся ад праўды, кажучы, што ўваскрэсеньне ўжо было, і разбураюць у нікаторых веру.
 

Аднак моцны падмурак Бога стаіць, маючы гэткую пячатку: «пазнаў Госпад, хто ёсьць Ягоны» і «хай адступіцца ад няпраўды кожны, хто вызнае імя Хрыста».
 

А ў вялікім доме ёсьць су́дзіны ня толькі залатыя і срэбныя, але і драўляныя і гліняныя; і адны — у чэсьці, а другія — ня ў чэсьці.
 

Дык калі хто ачысьціць сябе ад гэтага (ад няпраўды), той будзе су́дзінай у чэсьці, якая асьвячоная і карысная Гаспадару, на ўсякую добрую справу прыгатаваная.
 

Юнацкіх жа пажадлівасьцяў пазьбягай; але трымайся праведнасьці, веры, любові, міру са ўсімі, хто прыклікае Госпада ад чыстага сэрца.
 

Ад няразумных і духова не́вуцкіх спрэчак ухіляйся, ведаючы, што яны спараджаюць сваркі;
 

а раб Госпада ня павінен сварыцца, але ма́е быць ветлівым да ўсіх, навучальным, цярплівым,
 

які ў ціхасьці навучае праціўнікаў, ці ня дасьць ім Бог каяньня дзеля пазнаньня праўды,
 

і каб яны вызваліліся ад пасткі д’ябла, якой ён захапіў іх у сваю волю.