Мацьвея 12 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Яна Станкевіча
У той час праходзіў Ісус ў суботу засеянымі палямі, а вучні Ягоныя прагаладаліся і пача́лі зрываць кало́сьсе і есьці.
У тым часе праходзіў Ісус у сыботу памеж збожжа; вучанікі Ягоныя запраглі і пачалі каласаваць а есьці.
Хварысэі ж, убачыўшы, сказалі Яму: вось вучні Твае робяць, чаго нельга рабіць у суботу.
Але фарысэі, згледзіўшы, сказалі Яму: «Гля, вучанікі Твае робяць, чаго не дазволена рабіць у сыботу».
Ён жа сказаў ім: хíба вы ня чыталі, што зрабіў Давід, калі згаладаўся сам і тыя, што былí зь ім.
Ён жа сказаў ім: «Хіба вы ня чыталі, што зрабіў Давід, як запрагнуў сам і бытыя зь ім?
Як ён увайшоў у дом Бога і з’еў хлябы ахвярныя, якіх не́льга было́ е́сьці ні яму, ні тым, што былí зь ім, а то́лькі адным сьвятара́м?
Як ён увыйшоў у дом Божы і еў хлябы Віду, каторыя не дазволена было есьці ані яму, ані былым ізь ім, а толькі адным сьвятаром?
Альбо ці ня чыталі вы ў Законе, што ў суботы сьвятары ў Сьвятыні парушаюць суботу, аднак ня вінаватыя?
Або ці ня чыталі вы ў законе, што ў сыботы сьвятарове будзеняць сыботу, адылі бязьвінныя?
Але кажу вам, што тут ёсьць Большы за Сьвятыню.
Але кажу вам, што тут Тый, што вялікшы за сьвятыню.
Калі б вы ведалі, што азначае: міласьці хачу, а ня ахвяры, то ня асудзілі бы нявінаватых;
Калі б вы ведалі, што знача: ’міласэрдзя хачу, а не аброку’, то ня судзілі б бязьвінных;
бо Госпад ёсьць і (Гаспадар) суботы, Ён ёсьць Сын Чалавечы.
Бо Сын Людзкі ё спадаром і сыботы».
І, адыйшоўшы адтуль, прыйшоў Ён у сынагогу іхную;
І, адыйшоўшы стуль, увыйшоў Ён у бажніцу іхную.
і вось (там) быў чалавек з сухою рукою; і каб абвінаваціць Яго, спыталі Яго, кажучы: ці можна аздараўляць у суботы?
І вось, чалавек із сухою рукою. І папыталіся ў Яго, каб абвінаваць Яго: «Ці дазволена ўздараўляць у сыботы?»
Ён жа сказаў ім: ці ёсьць сярод вас такі чалавек, каторы маючы адну авечку, і калі яна ў суботу ўваліцца ў яму, ня возьме яе і ня выцягне?
Ён жа сказаў ім: «Хто з вас, маючы адну авечку, калі яна ўвалілася ў яму, не дасягне яе й ня выцягне?
На колькі ж чалавек лепшы за авечку! Таму можна ў суботу рабіць дабро.
Колькі ж лепшы чалавек за авечку! Дык у сыботы дазволена рабіць дабро.
Тады (Ён) кажа гэнаму чалавеку: выцягні руку́ тваю! І той выцягнуў. І сталася яна здаровая, як другая.
Тады кажа чалавеку таму: «Выцягні руку сваю»; І ён выцягнуў: і стала яна здаровая, як і другая.
А хварысэі, выйшаўшы, учынілі супраць Яго раду, каб Яго загубіць.
Фарысэі ж, вышаўшы, зраджаліся на Яго, каб загубіць Яго.
Ісус жа, даве́даўшыся, пайшоў адтуль, і пайшлі ўсьлед за Ім мноства народу, і Ён аздаравіў іх усіх.
Але Ісус, даведаўшыся, здаліўся стуль. І пайшлі за Ім чысьленыя груды, і Ён уздаравіў іх усіх.
І забараніў ім, каб ніякіх распавяданьняў пра Яго ня рабілі.
І забараніў ім азнаймляць празь Яго,
Каб збыло́ся ска́занае праз праро́ка Гісаю, які кажа:
Каб спаўнілася сказанае Ісаям прарокам, што кажа:
вось Юнак Мой, Якога Я выбраў, Улюблены Мой, Якога ўпадаба́ла Душа́ Мая. Ускладу́ Дух Мой на Яго, і абвесьціць народам суд.
«Во, служэц Мой, Каторага Я абраў, любовы Мой, Катораму прыяе душа Мая; палажу Дух Свой на Яго, і агалосе суд народам;
Ня запярэчыць, ні залямантуе, ня пачуе ніхто на вуліцах Голасу Ягонага;
Ня будзе сьперачацца ані галёкаць, ніхто на вуліцах не пачуе голасу Ягонага;
трысьцíны надло́мленай ня перало́міць і лёну тлеючага ня зага́сіць, пакуль ня давядзе суд да перамогі;
Трысьціны наломленае не даломе і лёну тлеючага ня згасе, пакуль не давядзець суду да перамогі;
і на Імя Ягонае будуць спадзявацца народы.
І на імя Ягонае спадзявацца будуць народы».
Тады прывялí да Яго апанава́нага дэманам сьляпога і нямога, і аздаравíў яго, так што сьляпы і нямы стаў гаварыць і ба́чыць.
Тады прывялі да Яго апанаванага нячысьцікам нявіснога й немага; і ўздаравіў яго, так што нявісны й немы пачаў гукаць і бачыць.
І зьдзіўляліся ўсе людзі і казалі: ці ня Гэты ёсьць Сын Давіда?
І зумеўся ўвесь груд, і гукаў: «Ці ня гэта Сын Давідаў?»
А хварысэі пачуўшы (гэтае) сказалі: Ён выганяе дэманаў няйначай як Бэльзэбулам, князям дэманаў.
Фарысэі ж, пачуўшы, сказалі: «Ён выганяе нячысьцікаў ня накш, як вельзэвулам, князям нячысьцікаў».
Але Ісус ведаючы думкі іхныя, сказаў ім: усякае валадарства, якое разьдзялілася само́е ў сабе спусташа́ецца; і ўсякае места ці дом разьдзелены сам супраць сябе ня ўстоіць.
Але Ісус, ведаючы думкі іхныя, сказаў ім: «Кажнае гаспадарства, падзяліўшыся само супроці сябе, спусьцее; і кажнае места альбо дом, падзяліўшыся сам супроці сябе, ня ўстое.
І калі шатан шатана выганяе, ён сам супраць сябе разьдзелены. Як жа ўстоіць валадарства ягонае?
І калі шайтан шайтана выганяе, то ён падзяліўшыся сам супроці сябе: як жа ўстое гаспадарства ягонае?
І калі Я Бэльзэбулам выганяю дэманаў, (то) сыны вашыя кім выганяюць? Пагэтаму яны будуць судзьдзямі вашымі.
І калі Я вельзэвулам выганяю нячысьцікаў, то сынове вышыя кім выганяюць? Дык яны будуць вам судзьдзямі.
Калі ж Я Духам Бога выганяю дэманаў, значыць дасягнула да вас Валадарства Бога.
Калі ж Я духам Божым выганяю нячысьцікаў, тады дайшло да вас гаспадарства Божае.
Альбо як можа нехта ўвайсьці ў дом асілка, і адабраць у яго маёмасьць ягоную, калі сьпярша ня зьвяжа асілка? І тады адбярэ (у яго) маёмасьць дома ягонага.
«Або, як можа хто ўвыйсьці ў дом дужасіла і паграбіць рэчы ягоныя, калі пярвей ня зьвяжа дужасіла? і тады паграбе дом ягоны.
Хто ня са Мною, (той) супраць Мяне; і хто ня зьбірае са Мною, (той) раскідае.
Хто ня з Імною, тый супроці Мяне; і хто ня зьбірае з Імною, тый раськідае.
Таму кажу вам: усякі грэх і ганьбаваньне будуць дараваны чалавекам. Але зласлоўе на Духа ня будзе даравана чалавекам.
Дык кажу вам: кажны грэх а блявузґаньне будуць дараваны людзём, але блявузґаньне на Духа ня будзе даравана людзём.
Калі хто скажа слова супраць Сына Чалавечага, дарована будзе яму; а хто скажа супраць Духа Сьвятога, ня будзе дарована яму ані ў гэтым веку, ані ў будучым.
Калі хто скажа слова на Сына Людзкога, будзе даравана яму; калі ж скажа на Духа Сьвятога, ня будзе даравана ані ў гэтым веку, ані ў прыйдучым.
Альбо прызнайце дрэва добрым і плод ягоны добрым, альбо прызнайце дрэва благім і плод ягоны благім. Бо дрэва пазнаецца паводля плоду.
«Або прызнайце дзерва за добрае і плод яго за добры; або прызнайце дзерва за папсаванае і плод яго за папсаваны; бо пазнаюць дзерва з плоду.
Выро́дзьдзе яхідны! Як вы можаце казаць добрае, калі вы благія? Бо ад лішніцы сэрца гавораць вусны.
Родзе гадавы! як вы можаце гукаць добрае, будучы благімі? Бо ад паўніні сэрца гукаюць вусны.
Добры чалавек з добрага скарбу сэрца выносіць «добрае», а благі чалавек з благога скарбу сэрца выносіць благое.
Добрая людзіна з добрага скарбу выносе добрае; а благая людзіна з благога скарбу выносе благое.
Кажу ж вам, што за ўсякае пустое слова, якое скажуць людзі, яны дадуць адказ у дзень суду́.
Кажу ж вам, што за кажнае пустое слова, якое скажуць людзі, здадуць яны лічбу ў дзень судны;
Таму паводля слоў сваіх будзеш апра́ўданы, і паводля слоў сваіх будзеш засуджаны.
Бо із словаў сваіх аправішся і із словаў сваіх будзеш засуджаны».
Тады загаварылі нікаторыя з кніжнікаў і хварысэяў, кажучы: Настаўнік! хочам убачыць ад Цябе знак.
Тады некатрыя з кніжнікаў а фарысэяў адказалі, кажучы: «Вучыцелю! хочам ад Цябе пазнаку бачыць».
Ён жа, адказаўшы, сказаў ім: род спагу́дны і чужаложны шукае знаку, і знак ня будзе дадзены яму, апрача знаку Ёны прарока.
Але Ён, адказуючы, кажа ім: «Род благі а чужаложны шукае пазнакі, і пазнака ня дасца яму, апрача пазнакі Ёны прарокі;
Бо як Ёна быў у чэраве кіта́ тры дні і тры ночы, так і Сын Чалавечы будзе ў сэрцы зямлі тры дні і тры ночы.
Бо як Ёна быў у бруху кіта тры дні і тры ночы, так і Сын Людзкі будзе ў сэрцу зямлі тры дні і тры ночы.
Мужчыны нінэвійскія ўстануць на суд з родам гэтым і засудзяць яго, бо яны пакаяліся праз пропаведзь Ёны; і вось тут Бо́льшы за Ёну.
Нінявяне стануць на суд із родам гэтым і засудзяць яго, бо яны пакаяліся ад казані Ёнінае; а вось, тут вялікшы за Ёну.
Каралева паўднёвая будзе паднята на суд з родам гэтым і засудзіць яго, бо яна прыйшла з краю зямлі паслухаць мудрасьці Салямона; і вось тут Бо́льшы за Салямона.
Караліца паўднявая стане на суд із родам гэтым і засудзе яго, бо яна прыходзіла з канцоў зямлі паслухаць мудрасьць Салямонаву; і вось, тут вялікшы за Салямона.
Калі ж нячысты дух выйдзе з чалавека, дык блукае па бязводных мясьцінах, шукаючы супакою, і ня знаходзіць.
«Калі нячысты дух выйдзе зь людзіны, то ходзе па бязводных месцах, шукаючы супачынку, і не знаходзе;
Тады кажа: вярнуся ў дом свой, адкуль я выйшаў. І, прыйшоўшы, знаходзіць яго пустым, вымеценым і прыбраным.
Тады кажа: ’Зьвярнуся да дому свайго, скуль я вышаў’; і, прышоўшы, знаходзе незанятым, замеценым а прыбраным;
Тады ідзе і бярэ з сабою сем другіх духаў, люцейшых за сябе, і ўвайшоўшы жывуць там; і для чалавека гэнага апошняе становіцца горш за першае. Так будзе і роду гэтаму ліхому.
Тады йдзець і бярэць із сабою сямёх іншых духоў, негаднейшых за сябе, і, увыйшоўшы, жывуць там; і бывае людзіне тэй апошняе горшае за першае. Гэтак будзе і з гэтым родам благім».
Калі Ён яшчэ гаварыў да людзей, вось матка і браты Ягоныя сталі вонках, хочучы гаварыць зь Ім.
Вось, як Ён яшчэ гукаў да грудоў, Маці а браты ягоныя стаялі вонках, шукаючы гутарыць ізь Ім.
І нехта сказаў Яму: вось матка Твая і браты Твае стаяць вонках, хочучы з Табою пагаварыць.
І хтось сказаў Яму: «Вось, Маці Твая а браты Твае стаяць вонках, шукаючы гутарыць із Табою».
Ён жа, адказаўшы, сказаў гаварыўшаму Яму: хто ёсьць матка Мая і хто ёсьць браты Мае?
Ён жа адказаў таму, хто казаў Яму: «Хто маці Мая? і хто браты Мае?»
І, паказаўшы Рукою Сваёю на вучняў Сваіх, сказаў: вось матка Мая і браты Мае;
І, паказаўшы рукою Сваёй на вучанікаў Сваіх, сказаў: «Во маці Мая а браты Мае;
бо хто будзе выконваць волю Ба́цькі Майго, Які ёсьць у Нябёсах, той Мне брат, і сястра, і матка.
Бо хто будзе паўніць волю Айца Майго Нябёснага, тый Імне брат а сястра а маці».