Мацьвея 12 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Л. Гарошка

 
 

У той час праходзіў Ісус ў суботу засеянымі палямі, а вучні Ягоныя прагаладаліся і пача́лі зрываць кало́сьсе і есьці.
 
У той час Ісус прайходзіў у суботу паміж збожжа. Ягоныя-ж вучні пачулі голад і пачалі зрываць каласы да есьці.

Хварысэі ж, убачыўшы, сказалі Яму: вось вучні Твае робяць, чаго нельга рабіць у суботу.
 
Фарысэі-ж угледзеўшы гэтае, сказалі Яму: "Вось Твае вучні робяць тое, чаго ня можна рабіць у суботу."

Ён жа сказаў ім: хíба вы ня чыталі, што зрабіў Давід, калі згаладаўся сам і тыя, што былí зь ім.
 
Ён-жа сказаў ім: "Ці-ж вы ня чыталі, што зрабіў Давід, калі быў галодны і тыя, што былі з ім?

Як ён увайшоў у дом Бога і з’еў хлябы ахвярныя, якіх не́льга было́ е́сьці ні яму, ні тым, што былí зь ім, а то́лькі адным сьвятара́м?
 
Як ён увайшоў у Божы дом і еў ахвярныя хлябы, якіх ня можна было есьці ні яму, ні тым, што былі з ім, а толькі адным сьвятаром?

Альбо ці ня чыталі вы ў Законе, што ў суботы сьвятары ў Сьвятыні парушаюць суботу, аднак ня вінаватыя?
 
Або ці-ж вы ня чыталі ў законе, што ў суботы сьвятары ў сьвятыні парушаюць суботу, аднак бязьвінныя?

Але кажу вам, што тут ёсьць Большы за Сьвятыню.
 
А Я кажу вам, што тут ёсьць большы за сьвятыню.

Калі б вы ведалі, што азначае: міласьці хачу, а ня ахвяры, то ня асудзілі бы нявінаватых;
 
Калі-б вы зразумелі, што значыць: хачу міласэрнасьці, а не ахвяры, дык ня судзілі-б бязвінных.

бо Госпад ёсьць і (Гаспадар) суботы, Ён ёсьць Сын Чалавечы.
 
Бо Сын Чалавечы ёсьць Госпадам і суботы".

І, адыйшоўшы адтуль, прыйшоў Ён у сынагогу іхную;
 
І адыйшоўшы адтуль, Ён увайшоў у іхнюю бажніцу.

і вось (там) быў чалавек з сухою рукою; і каб абвінаваціць Яго, спыталі Яго, кажучы: ці можна аздараўляць у суботы?
 
І вось там быў сухарукі чалавек. І спыталіся ў Ісуса, каб абвінаваціць Яго: "Ці дазволена аздараўляць у суботу?"

Ён жа сказаў ім: ці ёсьць сярод вас такі чалавек, каторы маючы адну авечку, і калі яна ў суботу ўваліцца ў яму, ня возьме яе і ня выцягне?
 
Ён-жа сказаў ім: "Хто з вас, маючы адну авечку, калі яна ў суботу ўваліцца ў яму, ня возьме яе і ня выцягне?

На колькі ж чалавек лепшы за авечку! Таму можна ў суботу рабіць дабро.
 
На колькі-ж важнейшы чалавек за авечку? Значыць можна рабіць дабро і ў суботу".

Тады (Ён) кажа гэнаму чалавеку: выцягні руку́ тваю! І той выцягнуў. І сталася яна здаровая, як другая.
 
Тады кажа гэнаму чалавеку: "Выцягні тваю руку!" І той выцягнуў і яна сталася здароваю, як і другая.

А хварысэі, выйшаўшы, учынілі супраць Яго раду, каб Яго загубіць.
 
Фарысэі-ж, выйшаўшы змаўляліся, як-бы загубіць Яго.

Ісус жа, даве́даўшыся, пайшоў адтуль, і пайшлі ўсьлед за Ім мноства народу, і Ён аздаравіў іх усіх.
 
Даведаўшыся аб гэтым, Ісус пайшоў адтуль. І пайшло за Ім мноства народу. І Ён аздаравіў іх усіх.

І забараніў ім, каб ніякіх распавяданьняў пра Яго ня рабілі.
 
І забараніў ім, каб ня выяўлялі Яго,

Каб збыло́ся ска́занае праз праро́ка Гісаю, які кажа:
 
каб збылося сказанае праз прарока Ісаію, які кажа:

вось Юнак Мой, Якога Я выбраў, Улюблены Мой, Якога ўпадаба́ла Душа́ Мая. Ускладу́ Дух Мой на Яго, і абвесьціць народам суд.
 
"Вось мой слуга, якога я выбраў. Улюблены мой, якому спагадае Мая душа. Узлажу Мой Дух на Яго і абвесьціць народам суд.

Ня запярэчыць, ні залямантуе, ня пачуе ніхто на вуліцах Голасу Ягонага;
 
Ня будзе спрачацца, ані галасіць, і ніхто не пачуе на плошчы ягонага голасу.

трысьцíны надло́мленай ня перало́міць і лёну тлеючага ня зага́сіць, пакуль ня давядзе суд да перамогі;
 
Надломанае трасьціны не даломіць і тлеючага кноту не загасіць, пакуль не давядзе суду да перамогі.

і на Імя Ягонае будуць спадзявацца народы.
 
І на ягонае імя будуць спадзявацца народы".

Тады прывялí да Яго апанава́нага дэманам сьляпога і нямога, і аздаравíў яго, так што сьляпы і нямы стаў гаварыць і ба́чыць.
 
Тады прывялі да Яго апанжаванага нячысьцікам сьляпога і нямога, і аздаравіў яго так, што сьляпы і нямы стаў гаварыць і бачыць.

І зьдзіўляліся ўсе людзі і казалі: ці ня Гэты ёсьць Сын Давіда?
 
І дзіву даваўся ўвесь народ і гаварыў: "Ці ня гэта сын Давідаў?"

А хварысэі пачуўшы (гэтае) сказалі: Ён выганяе дэманаў няйначай як Бэльзэбулам, князям дэманаў.
 
А фарысэі, пачуўшы гэтае, сказалі: "Ён выганяе нячысьцікаў ня йначай, як сілаю Бэльзэбуба чартоўскага князя".

Але Ісус ведаючы думкі іхныя, сказаў ім: усякае валадарства, якое разьдзялілася само́е ў сабе спусташа́ецца; і ўсякае места ці дом разьдзелены сам супраць сябе ня ўстоіць.
 
Але Ісус, ведаючы іхныя думкі, сказаў ім: "Усякае валадарства, разьдзяліўшыся само ў сабе, апусьцее; і ўсякае места, ці дом, разьдзяліўшыся само ў сабе, ня ўстоіць.

І калі шатан шатана выганяе, ён сам супраць сябе разьдзелены. Як жа ўстоіць валадарства ягонае?
 
І калі нячысьцік выганяе нячысьціка, то ён разьдзяліўся сам у сабе; як-жа ўстаіцца ягонае валадарства?

І калі Я Бэльзэбулам выганяю дэманаў, (то) сыны вашыя кім выганяюць? Пагэтаму яны будуць судзьдзямі вашымі.
 
І калі Я сілаю Бэльзэбуба выганяю нячысьцікаў, дык чыею сілаю выганяюць іх? Таму яны будуць вам судзьдзямі.

Калі ж Я Духам Бога выганяю дэманаў, значыць дасягнула да вас Валадарства Бога.
 
А калі Я Божым Духам выганяю нячыстых духаў, дык прыйшло да вас Божае Валадарства.

Альбо як можа нехта ўвайсьці ў дом асілка, і адабраць у яго маёмасьць ягоную, калі сьпярша ня зьвяжа асілка? І тады адбярэ (у яго) маёмасьць дома ягонага.
 
Або як можа хто ўвайсьці ў дом асілка і абрабаваць ягоныя рэчы, калі перш ня зьвяжа асілка? і тады абрабуе ягоны дом.

Хто ня са Мною, (той) супраць Мяне; і хто ня зьбірае са Мною, (той) раскідае.
 
Хто не са Мною, той супраць Мяне; і хто ня зьбірае са Мною, той раскідае.

Таму кажу вам: усякі грэх і ганьбаваньне будуць дараваны чалавекам. Але зласлоўе на Духа ня будзе даравана чалавекам.
 
Дзеля гэтага кажу вам: усякі грэх і блюзьнерства даруюцца людзям, а блюзьнерства супраць Духа не даруецца.

Калі хто скажа слова супраць Сына Чалавечага, дарована будзе яму; а хто скажа супраць Духа Сьвятога, ня будзе дарована яму ані ў гэтым веку, ані ў будучым.
 
Калі хто скажа слова на Сына Чалавечага, даруецца яму; калі-ж скажа на Сьвятога Духа, не даруецца яму ні ў гэтым веку, ні ў будучым.

Альбо прызнайце дрэва добрым і плод ягоны добрым, альбо прызнайце дрэва благім і плод ягоны благім. Бо дрэва пазнаецца паводля плоду.
 
Або прызнайце дрэва добрым і плод яго добрым, або прызнайце дрэва дрэнным і плод яго дрэнным, бо дрэва пазнаецца па плоду.

Выро́дзьдзе яхідны! Як вы можаце казаць добрае, калі вы благія? Бо ад лішніцы сэрца гавораць вусны.
 
Родзе гадавы! як вы можаце гаварыць добрае, калі вы дрэнныя? бо ад паўнаты сэрца гавораць вусны.

Добры чалавек з добрага скарбу сэрца выносіць «добрае», а благі чалавек з благога скарбу сэрца выносіць благое.
 
Добры чалавек з добрага скарбу выносіць добрае, а дрэнны чалавек з дрэннага скарбу выносіць дрэннае.

Кажу ж вам, што за ўсякае пустое слова, якое скажуць людзі, яны дадуць адказ у дзень суду́.
 
Кажу-ж вам, што за ўсякае пустое слова, якое скажуць людзі, яны дадуць адказ у дзень суду.

Таму паводля слоў сваіх будзеш апра́ўданы, і паводля слоў сваіх будзеш засуджаны.
 
Бо паводле сваіх слоў будзеш апраўданы і паводле сваіх слоў будзеш засуджаны".

Тады загаварылі нікаторыя з кніжнікаў і хварысэяў, кажучы: Настаўнік! хочам убачыць ад Цябе знак.
 
Тады некаторыя з кніжнікаў і фарысэяў азваліся, кажучы: "Настаўнік! мы хочам бачыць ад Цябе якісьці знак".

Ён жа, адказаўшы, сказаў ім: род спагу́дны і чужаложны шукае знаку, і знак ня будзе дадзены яму, апрача знаку Ёны прарока.
 
Ён-жа сказаў у адказ: "Род ліхі і чухаложны шукае знаку, і знак ня будзе яму дадзены, апрача знаку Іоны прарока.

Бо як Ёна быў у чэраве кіта́ тры дні і тры ночы, так і Сын Чалавечы будзе ў сэрцы зямлі тры дні і тры ночы.
 
Бо як Іона быў у нутры кіта тры дні і тры ночы, так і Сын Чалавечы будзе ў сэрцы зямлі тры дні і тры ночы.

Мужчыны нінэвійскія ўстануць на суд з родам гэтым і засудзяць яго, бо яны пакаяліся праз пропаведзь Ёны; і вось тут Бо́льшы за Ёну.
 
Нінівейскія мужы ўстануць на суд з гэтым родам і засудзяць яго, бо яны пакаяліся ад навукі Іоны; і вось тут больш чым Іона.

Каралева паўднёвая будзе паднята на суд з родам гэтым і засудзіць яго, бо яна прыйшла з краю зямлі паслухаць мудрасьці Салямона; і вось тут Бо́льшы за Салямона.
 
Паўднёвая каралева паўстане на суд з гэтым родам і засудзіць яго, бо яна прыходзіла з краю зямлі паслухаць Салямонавае мудрасьці, а вось тут больш чым Салямон.

Калі ж нячысты дух выйдзе з чалавека, дык блукае па бязводных мясьцінах, шукаючы супакою, і ня знаходзіць.
 
Калі нячысты дух выйдзе з чалавеке, дык блукаецца па бязводзьдзі, шукаючы супакою і не знайходзіць.

Тады кажа: вярнуся ў дом свой, адкуль я выйшаў. І, прыйшоўшы, знаходзіць яго пустым, вымеценым і прыбраным.
 
Тады кажа: вярнуся ў мой дом, адмуль я выйшаў. І прыйшоўшы, знайходзіць яго незанятым, замеценым і прыбраным.

Тады ідзе і бярэ з сабою сем другіх духаў, люцейшых за сябе, і ўвайшоўшы жывуць там; і для чалавека гэнага апошняе становіцца горш за першае. Так будзе і роду гэтаму ліхому.
 
Тады йдзе і бярэ з сабою сем іншых духаў, горшых за сябе і, увайшоўшы, жывуць тамі і для таго чалавека апошняе бывае горшае, чым першае. Так будзе і з гэтым ліхім родам".

Калі Ён яшчэ гаварыў да людзей, вось матка і браты Ягоныя сталі вонках, хочучы гаварыць зь Ім.
 
Калі-ж Ён яшчэ гаварыў да грамадаў, вось Ягоная маці і Ягоныя браты стаялі на дварэ, хочучы гаварыць з Ім.

І нехта сказаў Яму: вось матка Твая і браты Твае стаяць вонках, хочучы з Табою пагаварыць.
 
І нехта сказаў Яму: "Вось Твая маці і Твае браты стаяцё вонках, хочучы гаварыць з Табою".

Ён жа, адказаўшы, сказаў гаварыўшаму Яму: хто ёсьць матка Мая і хто ёсьць браты Мае?
 
Ён-жа сказаў у адказ гаварыўшаму: "Хто маці Мая? Хто Мае браты?"

І, паказаўшы Рукою Сваёю на вучняў Сваіх, сказаў: вось матка Мая і браты Мае;
 
І паказаўшы сваею рукою на Сваіх вучнаў, сказаў: "Вось Мая маці і Мае браты;

бо хто будзе выконваць волю Ба́цькі Майго, Які ёсьць у Нябёсах, той Мне брат, і сястра, і матка.
 
бо хто будзе выконваць волю Майго Айца, што ў небе, той Мой брат і сястра і маці".