Мацьвея 27 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Л. Гарошка

 
 

Калі ж настала раніца, усе архірэі і старэйшыны народу ўчынілі нараду аб Ісусе, каб Яго забіць;
 

і зьвязаўшы Яго завялі і выдалі Яго Понтыю Пілату правіцелю.
 

Тады Юда, які прадаў Яго, убачыўшы, што Ён засуджаны пашкадаваў (аб сваім учынку і) аддаў назад трыццаць срэбнікаў архірэям і старэйшынам,
 

кажучы: саграшыў (я) прадаўшы Кроў нявінную. Яны ж сказалі: што нам да таго? Ты глядзі.
 

І кінуўшы срэбнікі ў Сьвятыні (ён) выйшаў і, пайшоўшы, павесіўся.
 

Архірэі ж, узяўшы срэбнікі, сказалі: ня дазваляецца класьці іх у скарбонку Сьвятыні, бо яны — цана крыві.
 

Учыніўшы ж нараду (яны) купілі за іх поле ганчара для пахаваньня чужынцаў.
 

Таму названа поле тое «полем крыві» нават па сёньняшні дзень.
 

Тады збылося сказанае Прарокам Ярэмай, які кажа: і ўзялі трыццаць срэбнікаў, цану Ацэненага, Якога ацанілі сыны Ізраэля,
 

і аддалі іх за поле ганчара, як сказаў мне Госпад.
 

Ісус жа стаў перад правіцелем. І спытаўся ў Яго правіцель, кажучы: Ты ёсьць Кароль жыдоў? Ісус сказаў яму: ты кажаш.
 

І калі абвінавачавалі Яго архірэі і старэйшыны, (Ён) нічога ня адказаў.
 

Тады кажа Яму Пілат: ці ня чуеш як многа супраць Цябе сьведчаць?
 

І ня адказаў яму аніводнага слова, так што правіцель вельмі зьдзіўляўся.
 

На сьвята ж правіцель меў звычай адпускаць народу аднаго вязьня якога хацелі.
 

Быў жа тады (у іх) вядомы вязень называны Бараўва.
 

І вось калі яны былі сабра́ныя, сказаў ім Пілат: каго хочаце каб (я) вам звольніў: Бараўву ці Ісуса, Якога завуць Хрыстом?
 

Бо ведаў, што з зайздрасьці выдалі Яго.
 

Калі ж ён сядзеў на судовым мейсцы, паслала да яго жонка ягоная, кажучы: нічога ня рабі Праведніку Таму, бо (я) сягоньня ў сьне шмат пацярпела за Яго.
 

Але архірэі і старэйшыны падбухторылі народ, каб папрасілі Бараўву, а Ісуса каб забілі.
 

Адказаўшы ж правіцель сказаў ім: каго хочаце з гэтых двух каб (я) звольніў вам? Яны ж сказалі: Бараўву.
 

Кажа ім Пілат: тады што зраблю Ісусу, Якога называюць Хрыстом? Кажуць яму ўсе: павінен быць раскрыжаваны.
 

Але правіцель сказаў: якое ж злачынства ўчыніў Ён? Яны ж яшчэ мацней крычалі, кажучы: павінен быць раскрыжаваны.
 

Тады Пілат убачыўшы, што нічога ня дапамагае, а ўзбурэньне яшчэ больш павялічваецца, узяўшы вады ўмыў рукі перад народам, кажучы: нявінаваты я ў Крыві Праведніка Гэтага; вы глядзіце.
 

І адказаўшы ўвесь народ сказаў: Кроў Ягоная на нас і на дзецях нашых.
 

Тады (ён) звольніў ім Бараўву, а Ісуса зьбічаваўшы аддаў каб (Ён) быў раскрыжаваны.
 

Тады жаўнеры правіцеля ўзяўшы Ісуса ў прэторыю сабра́лі на Яго ўсю кагорту.
 

І разьдзеўшы Яго апранулі на Яго чырвоны плашч.
 

І сьплёўшы вянок зь цярніны (як карону) усклалі Яму на Галаву і ў правую Руку Ягоную да́лі кій; і стаўшы на калені перад Ім зьдзекаваліся зь Яго, кажучы: радуйся, Кароль жыдоў!
 

І абпляваўшы Яго ўзялі кій і білі Яго па Галаве.
 

А калі назьдзекаваліся зь Яго зьнялі зь Яго (чырвоны) плашч і апранулі на Яго Ягоныя адзежы, і павялі Яго на раскрыжаваньне.
 

Выходзячы ж (яны) сустрэлі чалавека кірэнэйца па іменьню Сымон; гэтага прымусілі несьці крыж Ягоны.
 

І прыйшоўшы на мейсца, якое называецца Галгота што значыць «Чэрапу мейсца».
 

(Яны) далі Яму піць воцат зьмяшаны з жоўцяй; і пакаштаваўшы ня хацеў піць.
 

Раскрыжаваўшыя Яго разьдзялілі адзежы Ягоныя, кіда́ючы жэрабя; каб было споўнена сказанае праз Прарока: падзялілі адзежы Мае паміж сабою і на вопратку Маю кінулі жэрабя;
 

І, седзячы, вартавалі Яго там.
 

І зьмясьцілі над Галавою Ягонай надпіс аб віне Ягонай: Гэты ёсьць Ісус, Кароль жыдоў.
 

Тады раскрыжаваны былі разам зь Ім два разбойнікі: адзін справа, а другі — зьлева.
 

А тыя, што праходзілі міма, ліхасловілі Яго, ківаючы галовамі сваімі
 

і кажучы: Ты, што разбураеш Сьвятыню і за тры дні адбудоўваеш! Уратуй Сябе Самога! Калі Ты Сын Бога, зыйдзі з крыжа.
 

Падобна і архірэі разам з кніжнікамі і старэйшынамі насьмяхаючыся, казалі:
 

другіх ратаваў, а Самога Сябе ўратаваць ня можа. Калі Ён Кароль Ізраэля хай цяпер жа сыйдзе з крыжа, і (мы) паверым Яму.
 

Спадзяваўся на Бога; хай цяпер выбавіць Яго, калі Ён заўгодны Яму. Бо сказаў: Я ёсьць Сын Бога.
 

Нават і разбойнікі раскрыжаваныя зь Ім ліхасловілі Яго.
 

Ад шостай жа гадзіны цемра сталася па ўсёй зямлі аж да гадзіны дзявятае.
 

А каля дзявятай гадзіны загаласіў Ісус моцным голасам, кажучы: Элі! Элі! лама сабахтанí? гэта ёсьць: Божа Мой! Божа Мой! чаму (Ты) Мяне пакінуў?
 

І нікаторыя, што там стаялі пачуўшы казалі: Ён кліча Ільлю.
 

І адразу адзін зь іх пабег і ўзяўшы губку намачыўшы ў воцат і насадзіўшы на трысьціну даваў Яму піць.
 

А астатнія казалі: чакай, паглядзім ці прыйдзе Ільля ўратаваць Яго.
 

Ісус жа зноў загаласіўшы моцным голасам выпусьціў Дух.
 

І вось завеса Сьвятыні была разадрана напалам зьверху да нізу; і зямля была страсянута і скалы былі расколаты.
 

І магілы былі расчынены, і многія целы памёршых сьвятых былі ўваскрэшаны;
 

і выйшаўшы з магіл пасьля ўваскрасеньня Ягонага, увайшлі ў сьвятое места і былі яўлены многім,
 

Сотнік жа і тыя, што зь ім вартавалі Ісуса, убачыўшы трасеньне зямлі і што сталася, спалохаліся моцна, кажучы: сапраўды, Ён быў Сын Бога.
 

Было ж там многа жанчын якія назіралі здалёк, якія прыйшлі ўсьлед за Ісусам з Галілеі, служачы Яму;
 

сярод якіх была Марыля Магдаліна і Марыля, матка Якуба і Ёсі, а таксама матка сыноў Завядзея.
 

Калі ж настаў вечар прыйшоў багаты чалавек з Арыматэі, іменьнем Язэп, каторы таксама быў вучням Ісуса.
 

Ён, прыйшоўшы да Пілата, выпрасіў Цела Ісуса. Тады Пілат загадаў аддаць Цела.
 

І ўзяўшы Цела Язэп абгарнуў Яго ільняным палатном чыстым
 

і паклаў Яго ў сваёй новай магіле, якую (ён) высек у скале; і прываліўшы вялікі ка́мень да дзьвярэй магілы, адыйшоў.
 

Была ж там Марыля Магдаліна і другая Марыля, якія сядзелі насупраць магілы.
 

На другі дзень, каторы ёсьць пасьля параскевы, былі сабраныя архірэі і хварысэі да Пілата
 

кажучы: пане! мы ўспомнілі, што Ашуканец Той, як быў яшчэ жывы сказаў: цераз тры дні буду ўваскрэшаны.
 

Пагэтаму загадай вартаваць магілу да трэйцяга дня каб вучні Ягоныя прыйшоўшы ўначы ня ўкралі Яго, і ня сказалі народу: уваскрэшаны зь мёртвых. І будзе апошняе ашуканства горшае за першае.
 

А Пілат сказаў ім: маеце варту; ідзіце вартуйце як ведаеце.
 

Яны ж пайшоўшы перадалі вартаваньне магілы (рымскай) варце, прылажыўшы да ка́меня пячатку.