2 да Цімафея 3 разьдзел
Другое пасланьне да Цімафея
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча
Але ведай гэтае, што ў апошнія дні настануць цяжкія часы,
бо людзі будуць самалюбныя, срэбралюбныя, ганарыстыя, пыхлівыя, зламоўныя, бацька́м няпаслухмяныя, няўдзячныя, бязбожныя,
бяздушныя, нязгодлівыя, паклёпнікі, нястрыманыя, жорсткія, супрацьстаячыя дабру,
здраднікі, бязразважныя, хванабэрыстыя, якія любяць раскошу больш, чым Бога,
якія маюць выгляд багабойнасьці, але сілу ейную адкінулі. Ад гэтакіх ухіляйся.
Бо сярод гэтакіх ёсьць тыя што ўкрадываюцца ў дамы і ачмураюць жанчын абцяжараных грахамі кіруемых рознымі пажадлівасьцямі
якія заўсёды вучацца, але ніколі ня могуць дайсьці да пазнаньня праўды.
Як Яній і Ямбрый супрацьстаялі Масею, гэтак і гэтыя супрацьстаяць праўдзе, — людзі сапсаванага розуму, якія ня вытрымалі выпрабаваньня ў веры;
але яны пасьпеюць ня многа, бо бязглуздасьць іхняя стане бачнай усім, як і з тымі здарылася.
Ты ж пайшоў усьлед за мною ў вучэньні, у жыцьці, у наме́рах, у веры, у вялікадушнасьці, у любові, у цярплівасьці,
у перасьледаваньнях, у пакутах, такіх, якія мяне спасьціглі ў Антыёхіі, у Іконі, у Лістры; гэтыя перасьледаваньні я перанёс, і ад усіх мяне збавіў Госпад.
І ўсе, хто жадае жыць багабойна ў Хрысьце Ісусе, будуць перасьледаваны.
А ліхія людзі і ашуканцы будуць пасьпяваць да горшага, будучы самі ў аблудзе і ўводзячы другіх у аблуду.
А ты трывай у тым, чаму навучаны і (у тым), што табе даверана, ведаючы, ад каго ты навучыўся,
і што з маленства ты ведаеш Сьвятыя Пісаньні, якія могуць умудрыць цябе на збавеньне праз веру ў Хрыста Ісуса.
Усё Пісаньне боганатхнёнае і карыснае дзеля навучаньня, дзеля дакору, дзеля выпраўленьня, дзеля выхаваньня ў праведнасьці,
каб чалавек Божы быў дасканалы і падрыхтаваны да ўсякай добрай справы.