Адкрыцьцё 11 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

І дана мне трысьціна падобная да скíпетру (і) сказана: устань (і ідзі) абмерай Сьвятыню Бога і ахвярнік і тых, што пакланяюцца ў ёй;
 

а панадворак, каторы вонках Сьвятыні, выключы і ня абмярай яго, бо ён адданы пага́нам; і места сьвятое яны будуць таптаць сорак два месяцы.
 

І дам двум сьведкам Маім, і будуць прарочыць тысячу дзьвесьце шэсьцьдзясят дзён, апранутыя ў зрэбніну.
 

Яны ёсьць дзьве аліўкі і два сьветачы, якія стаяць перад Богам зямлі.
 

І калі хто захоча ім нашкодзіць, агонь выйдзе із роту іхняга і пажарэ ворагаў іхных; і калі хто захоча ім нашкодзіць, то яму належыць быць забітым.
 

Яны маюць уладу зачыніць неба, каб ня ішоў дождж у дні іхнага прарочаньня, і маюць уладу над водамі ператвараць іх у кроў, і пляжыць зямлю ўсялякай напасьцяй, калі толькі захочуць.
 

І калі яны скончаць сьведчаньне сваё, зьвер, што выходзіць зь бяздоньня, будзе весьці вайну супраць іх, і пераможа іх і заб’е іх.
 

І трупы іхныя (будуць ляжаць) на (шырокай) вуліцы места вялікага, якое называецца духова Садом і Ягіпет, дзе і Госпад наш быў укрыжаваны.
 

І будуць глядзець на іхныя трупы із народаў і родаў, і моваў, і плямёнаў тры с паловай дні і трупы іхныя ня дазволяць пакласьці ў магілы.
 

І тыя, што жывуць на зямлі, будуць радавацца аб іх і весяліцца, і пашлюць адзін аднаму падарункі, таму што гэтыя два прарокі мучылі жыхароў зямлі.
 

І пасьля трох з паловай дзён дух жыцьця ад Бога ўвайшоў у іх, і яны ўсталі на ногі свае; і страх вялікі напаў на тых, што глядзелі на іх.
 

І пачулі яны моцны голас зь неба, які казаў ім: узыйдзіце сюды. І яны ўзыйшлі на неба на воблаку; і ўбачылі іх ворагі іхныя.
 

І ў той (жа) момант адбыўся вялікі землятрус, і дзясятая частка места разбурылася, і было забіта землятрусам сем тысячаў чалавечых імёнаў, а астатнія былі зьняты жахам і аддалі хвалу Богу Нябёснаму.
 

Гора другое прайшло, вось гора трэйцяе ідзе хутка.
 

І сёмы Ангел затрубіў, і прагучалі моцныя галасы на небе гаворачы: сталіся валадарствы сьвету (Валадарствам) Госпада нашага і Хрыста Ягонага, і Ён будзе валадарыць на векі вякоў.
 

І дваццаць чатыры старэйшыны, якія сядзелі перад Богам на пасадах сваіх, упалі на абліччы свае і пакланіліся Богу,
 

кажучы: дзякуем Табе, Госпадзе, Бог Уседзяржыцель, Які ёсьць і Які быў, і Які ідзе, што Ты праявіў сілу Тваю вялікую і заваладарыў.
 

І пагане былі напоўнены злосьцю, і прыйшоў гнеў Твой і пара́ мёртвым быць судзімымі, і даць узнагароду рабам Тваім прарокам і сьвятым, і тым, хто баіцца Імені Твайго, малым і вялікім, і зьнішчыць тых, што нішчаць зямлю.
 

І была расчынена Сьвятыня Бога на Небе, і быў зьяўлены кібот Запавету Ягонага ў Сьвятыні Ягонай; і сталіся маланкі і галасы і громы, і землятрус, і град вялікі.