Адкрыцьцё 12 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

І знак вялікі быў зьяўлены на небе: жанчына, апранутая ў сонца, і месяц пад нагамі ў яе, і на галаве ейнай вянок з дванаццаці зорак.
 

І маючы ўва ўлоньні, яна крычыць, пераносячы болі дзетанараджэньня і пакутуючы ад родаў.
 

І быў зьяўлены другі знак на небе: і вось дракон вялікі агніста-чырвоны, які мае сем галоў і дзесяць рагоў, і на галовах ягоных сем дыядэмаў.
 

І хвост ягоны звалок трэйцюю частку зорак (зь) неба, і скінуў іх на зямлю. І дракон стаў перад жанчынай, якая мела нарадзіць, каб калі народзіць дзіця сваё, зжэрці (яго).
 

І нарадзіла яна сына, мужнага, якому належыць пасьвіць усе народы паліцай жалезнай. І ўзьнята было дзіця ейнае да Бога і да Пасаду Ягонага.
 

І жанчына ўцякла ў пустэльню, дзе яна мае мейсца, прыгатаванае ад Бога, каб кармілі яе там тысячу дзьвесьце шэсьцьдзясят дзён.
 

І адбылася вайна на небе: Міхаіл і Ангелы ягоныя ваявалі супраць дракона, і дракон і ангелы ягоныя ваявалі (супраць іх).
 

Але (яны) ня выстаялі, і ня знайшлося ўжо мейсца для іх на небе.
 

І скінуты быў дракон вялікі, зьмей старадаўны, называны д’яблам і шата́нам, які ўводзіць у заблуджэньне ўсю зямлю, быў скінуты на зямлю, і ангелы ягоныя былі скінуты (разам) зь ім.
 

І пачуў я голас моцны, які гаварыў на небе: цяпер настала збаўленьне і сіла, і Валадарства Бога нашага, і ўлада Хрыста Ягонага, таму што скінены абвінаваўца братоў нашых, які вінаваціў іх перад Богам нашым удзень і ўноч.
 

І яны перамаглі яго Крывёю Ягняка і словам сьведчаньня свайго, і ня пашкадавалі жыцьця свайго аж да сьмерці.
 

Таму радуйцеся Нябёсы, і тыя, хто ў іх жыве! Гора жыхарам зямлі і мора, таму што зыйшоў д’ябал да вас, маючы лютасьць вялікую, ведаючы, што ня шмат мае часу.
 

І калі дракон убачыў, што скінуты на зямлю, пачаў перасьледаваць жанчыну, каторая нарадзіла мужнага.
 

І даны былі жанчыне два крылы арла вялікага, каб яна ляцела ў пустэльню ў мейсца сваё, (схавацца) ад аблічча зьмея, дзе б яна была харчаваная там пару́, і поры, і поўпары.
 

І пусьціў зьмей за жанчынай із роту свайго ваду, як раку, каб яна была зьнесена ракой.
 

Але жанчыне памагла зямля, і адчыніла зямля рот свой і праглынула раку, якую пусьціў быў дракон із роту свайго.
 

І раз'юшыўся дракон на жанчыну і пайшоў ваяваць з астатнімі з насеньня ейнага, якія выконваюць загады Бога і маюць сьведчаньне Ісуса Хрыста.