Адкрыцьцё 17 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

І прыйшоў адзін із сямёх Ангелаў, што мелі сем чараў, і прамовіў да мяне, кажучы мне: падыдзі, я пакажу табе суд (над) вялікай блудадзейкай, якая сядзіць на водах многіх,
 

зь якой блудадзеялі валадары зямлі, і былі напоены віном блудадзейства ейнага жыхары зямлі.
 

І ён завёў мяне ў пустэльню ў духу, і я ўбачыў жанчыну, якая сядзіць на зьверы барвовым, поўным імёнаў блюзьнерскіх, які мае сем галоў і дзесяць рогаў.
 

І гэта жанчына, апранутая ў пархвіру і (вопратку) барвовую, і ўпрыгожаная золатам і каштоўным камнем і пэрламі, мела залатую чару ў руцэ сваёй, поўную агідаў і бруду блудадзейства свайго.
 

І на лобе ейным напісана імя: тайна, Бабілёнія вялікая, матка блудадзеяк і агідаў зямлі.
 

І я ўбачыў гэту жанчыну, якая ўпілася крывёю сьвятых і крывёю сьведкаў Ісуса. І я зьдзівіўся, гледзячы на яе, зьдзіўленьнем вялікім.
 

І сказаў мне Ангел: чаго ты зьдзівіўся? Я скажу табе тайну гэтай жанчыны і зьвера, які носіць яе, які мае сем галоў і дзесяць рогаў.
 

Зьвер, якога ты ўбачыў, быў, і няма яго, і мае падняцца з бяздоньня і пайсьці ў пагібель; і зьдзівуюцца жыхары зямлі, чые імёны ня запісаны ў скрутак жыцьця ад стварэньня сьвету, бачучы зьвера, што (ён) быў, і няма яго, хаця (ён) ёсьць.
 

Тут розум, які мае мудрасьць. Сем галоў ёсьць сем гор, дзе гэта жанчына сядзіць на іх;
 

і сем валадароў, із каторых пяць упалі, а адзін ёсьць, (а) другі яшчэ ня прыйшоў, і калі прыйдзе, нядоўга ён мае заставацца.
 

І зьвер, які быў, і няма (яго), і ён ёсьць восьмы, і із сямёх ён, і ідзе ў пагібель.
 

І дзесяць рогаў, каторыя ты ўбачыў, ёсьць дзесяць валадароў, якія валадарства яшчэ ня прынялі, але ўладу як валадары на адну гадзіну прымуць разам са зьверам.
 

Яны маюць адну думку, і сілу і ўладу сваю перадаюць зьверу.
 

Яны будуць весьці вайну зь Ягняком, і Ягняк пераможа іх, таму што Ён Госпад валадароў і Кароль (над) каралямі, і тыя, што зь Ім — пакліканыя і выбраныя і верныя.
 

І кажа мне: воды, якія ты ўбачыў, дзе сядзіць блудадзейка — народы і натоўпы, і плямёны, і мовы.
 

І дзесяць рогаў, якія ты ўбачыў на зьверу, яны ўзьнянавідзяць блудадзейку і спустошаць яе, і аголяць, і зьядуць яе цела, і спаляць яе ў агні.
 

Бо Бог палажыў на сэрцы ім учыніць намер Ягоны, і выканаць адну волю і аддаць валадарства іхнае зьверу, дакуль ня споўняцца словы Бога.
 

І жанчына, якую ты ўбачыў, ёсьць мясьціна (у сэнсе: места, горад) вялікая, якая мае панаваньне над валадарамі зямлі.