1 да Карынфянаў 5 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад П. Татарыновіча

 
 

І яшчэ, ста́ла чутно, што ў вас блудадзейства, і такое блудадзейства, якога ня чутно нават у паганаў, што (за жонку) нехта мае жонку ба́цькі.
 
Чутно незапярэчна аб распусьце у вас, ды такой распусьце, якое навет і між паганамі ня чувана: што нехта мае жонку бацькі свайго.

І вы заганарыліся замест таго, каб зажурыцца, каб быў выдалены з вашага асяродку той, хто зрабіў такі ўчынак.
 
І вы напышніліся, ўместа жалобай акрыцца, каб выключыць з-паміж сябе таго, хто дапусьціўся гэткага ўчынку.

А я, адсутнічаючы целам, але як бы прысутнічаючы духам, ужо прысудзіў, як бы прысутнічаючы (у вас), таго, хто гэта ўчыніў,
 
Я то — хоць ня быў прысутны ў вас целам, а толькі духам — ужо асудзіў такога праступніка, якбы й прысутна:

Іменем Госпада нашага Ісуса Хрыста і маім духам у сходзе вашым з сілай Госпада нашага Ісуса Хрыста,
 
на вашым, у імя Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса, зыбранні лучна з маім духам, моцаю Усеспадара нашага Езуса,

аддаць такога шата́ну на змардаваньне грахоўнай чалавечай прыроды, каб дух быў (бы) зба́ўлены ў дзень Госпада Ісуса.
 
выдаць гэткага на загубу цела шатану, каб дух быў збаўлёны ў дзень Госпадавы!

Нядобрая пахвальба вашая. Ці ня ведаеце, што трошкі рашчыны кіслíць усё цеста?
 
Няма чым хваліцца вам! Ціж ня ведаеце, што крошка закісі ўсё цеста заквашвае?

Дык ачысьціце стару́ю закваску, каб вы сталіся новым цестам, таму што вы ёсьць прэсныя, і таму што Пасха нашая (ёсьць) Хрыстос, Які ахвярава́ны за нас.
 
Дык вычысьцьце старую закваску, каб сталіся новай рошчынай, вы-ж бо бесквасыя; бо Пасха наша — ахвяраваны Хрыстус.

Дык станем сьвяткаваць ня з старой рашчынай, ня з рашчынай зла і нячыстасьці, але з праснакамі чысьціні і праўды.
 
Сьвяткуйма восьжа не ў старой заквасцы, ані ў кісьлі негадзі й крывадушша, але ў праснакох чыстасьці і праўды.

Я напісаў вам у Пасланьні ня мець лучнасьці з блудадзеямі;
 
Я ў лісьце пісаў вам: ня мець зносінаў з распусьнікамі, —

але ня ўвогуле з блудадзеямі сьвету гэтага ці з хапугамі, ці з рабаўнікамі, ці з балванаслужкамі, таму што вам належала б тады выйсьці з (гэтага) сьвету.
 
не наагул з распусьнікамі гэтага сьвету, ні скупцамі, ані грабежнікамі, ці ідалапаклоннікамі, бо давялосяб хіба зыйсьці з гэтага сьвету; —

Цяпер жа я напісаў вам ня мець лучнасьці з (тым), калі хто, называючыся братам, ёсьць блудадзей, альбо хапуга, альбо балванаслужка, альбо зламоўны, альбо п’яніца, альбо рабаўнік; з такім нават ня есьці разам.
 
але я пісаў вам ня мець лучнасьці з такімі, хто называючыся братам, астаецца распусьнікам, скупяньдзёю, балванахвальцам, пляткаром, ці п’яніцай, або грабежнікам — з гэткімі дык навет і ня есьці разам.

Бо і што мне судзіць вонкавых? Ці ня ўнутраных вы судзіце?
 
Бо якое мне дзела да тых, што вонках нас? Ці ня тых і вы судзцес што сярод вас?

Вонкавых жа будзе судзіць Бог. Дык выкіньце распуснага спасярод вас.
 
Тых бо, што остарань нас, Бог судзіціме. Выкіньце благое з-пасярод вас!