Да Каласянаў 4 разьдзел

Пасланьне да Каласянаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад П. Татарыновіча

 
 

Гаспадары, абыходзьцеся з рабамі па-добраму і справядліва, ведаючы, што і вы маеце Госпада ў Нябёсах.
 
Гаспадары, аказвайце слугам (вашым) належнаю справядлівасьць, ведаючы, што і вы маеце Усеспадара ў небе.

Трывайце ў малітве, чуваючы ў ёй з удзячнасьцю,
 
Трывайце ў маліцьве дбайліва і падзячна.

молячыся ў той жа час і аб нас, каб Бог адчыніў нам дзьверы для слова, каб нам апавяшчаць тайну Хрыста, з-за якой я і ў кайданах;
 
Малецеся такжа й за нас, каб Бог адчыніў нам браму слова вясьціць тайніцу Хрыстуса — за якую я вось і ў кайданох —

каб я раскрыў яе так, як і належыць мне яе апавяшчаць.
 
каб я мог яксьлед выглашаць яе.

Абыходзьцеся мудра з вонкавымі, (максімальна) выкарыстоўваючы час (для Дабравешчаньня).
 
Разважна абходзьцеся з тымі, што не належаць да нас, з розлікам на час.

Слова вашае хай будзе заўсёды ласкавае, прыпраўленае сольлю, каб вы ведалі, як належыць вам адказаць кожнаму.
 
Гутарка вашая хай будзе заўсёды ветлівая, мудрасьцю прысоленая, каб ведалі што кажнаму адказаць.

Пра мяне ўсё вам раскажа Тыхік, любасны брат і верны служыцель і супрацоўнік у Госпадзе,
 
Аб мне ўсё вам скажа Тыхік, мілы брат і верны слуга ды супрацоўнік ў Хрыстусе,

якога я паслаў да вас дзеля таго, каб мне даведацца пра вашыя абставіны, і каб ён суцешыў сэрцы вашыя;
 
якога я паслаў да вас разам з Анісімам, дарагім іверным братам з-паміж вас, каб даведаўся што ў вас;

(паслаў жа разам) з Анісімам, верным і любасным братам, які ёсьць ад вас. Яны раскажуць вам усё пра тутэйшыя справы.
 
яны пацешаць вашыя сэрцы і раскажуць вам усё, што дзеецца тутака.

Вітае вас Арыстарх, які зьняволены разам са мною, і Марк, сваяк Барнабы, адносна якога вы атрымалі даручэньні: калі прыйдзе да вас, прымеце яго,
 
Вітае вас Арыстарх, вязень разм са мною, і Марак сваяк Барнабы, якога ўжо паручыў вам, каб, як прыйдзе, прынялі яго.

і Ісус, называны Юстам, абодва з абрэзаных. Яны — адзіныя супрацоўнікі дзеля Валадарства Бога, якія былі дзеля мяне ўцехаю.
 
Дый (здаровіць вас) і Езус, называны Юстам; яны з абразаных адзіныя супрацоўнікі для Валадарства Божага, якіе былі маей патоляй.

Вітае вас Эпатрас, які з вашых, раб Хрыста, які заўсёды змагаецца за вас у малітвах, каб вы стаялі дасканалымі і напоўненымі ва ўсім воляй Бога.
 
Вітае вас Эпафрас, паходжаннем ад вас, слуга Хрыстуса Езуса, не забываючы вас у малітвах, каб вы сталіся поўнымі волі Божае і непахісна дасканалымі.

Сьведчу пра яго, што ён мае вялікую рупнасьць аб вас і аб тых, што ў Ляодыкіі і ў Яраполі.
 
Светчу аб ягонай вялікай рупнасьці пра вас ды пра тых у Ляодыцэі й Геропалі.

Вітае вас Лукаш, любасны лекар, і Дзімас.
 
Шле прывет вам Лукаш, лекар найдаражэйшы ды Дэмас.

Вітайце братоў, што ў Ляодыкіі і Німтана, і царкву, што ў яго доме.
 
Прывітайце братоў у Ляодыцэі ды Нымфаса з цэлай хрысьціянскай грамадою ў ягоным доме.

А калі гэтае Пасланьне будзе прачытана ў вас, зрабіце так, каб яно было прачытана і ў царкве Ляодыкіі; а якое з Ляодыкіі, прачытайце і вы;
 
Як адчытаеце гэты ліст у вас, тады пастарайцеся, каб ён быў адчытаны і ў набожні Ляодыцэйцаў, а вы самы адчытайце той з Ляодыцэі.

і скажэце Архіпу: «пільнуй служэньне, якое ты прыняў у Госпадзе, каб ты яго выконваў».
 
Ды скажэце Архіппу: Пільнуйся, каб выпаўніў службу прынятую пабожна!

Прывітаньне маёй рукою, Паўлаваю. Памятайце пра мае кайданы. Багадаць з вамі. Амін.
 
Прывет маею Паўлаваю рукою! Памятайце аб маіх кайданох! Ласка (хай будзе) з вамі!