Да Каласянаў 3 разьдзел
Пасланьне да Каласянаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
І вось, калі вы ўваскрэсьлі з Хрыстом, дык шукайце вышыняў, дзе Хрыстос сядзіць праваруч Бога;
Дык калі вы ўваскрэсьлі з Хрыстом, шукайце ўзгорнага, дзе Хрыстос сядзіць праваруч Бога.
пра вышыннае думайце, а не пра зямное.
Пра ўзгорнае думайце, а не пра зямное,
Бо вы памерлі, і жыцьцё ваша схавана з Хрыстом у Богу;
бо вы памерлі, і жыцьцё вашае схаванае з Хрыстом у Богу.
калі зьявіцца Хрыстос, жыцьцё вашае, тады і вы зьявіцеся зь Ім у славе.
Калі зьявіцца Хрыстос, жыцьцё нашае, тады і вы зьявіцеся разам з Ім у славе.
Дык жа ўмярцьвеце зямныя чэлесы вашыя: распусту, нечысьць, юр, ліхую хцівасьць і любазьдзірства, якое ёсьць ідаласлужэньне,
Дык мярцьвіце члены вашыя, што на зямлі: распусту, нячыстасьць, жарсьць, благое пажаданьне і хцівасьць, якая ёсьць ідалапаклонствам,
за якія гнеў Божы ідзе на сыноў супраціву,
за што гнеў Божы прыходзіць на сыноў непакорнасьці,
у якіх і вы колісь блукалі, калі жылі сярод іх.
сярод якіх і вы раней хадзілі, калі жылі між імі.
А зараз вы адкладзеце ўсё: гнеў, лютасьць, злосьць, ліхаслоўе, кляцьбу з вуснаў вашых;
А цяпер вы адкіньце ўсё: гнеў, ярасьць, ліхоту, блюзьне́рствы, брыдкаслоўе з вуснаў вашых;
ня хлусеце адно аднаму, бо вы распранулі зь сябе старога чалавека зь дзеямі ягонымі
не хлусі́це адзін аднаму, распрануўшыся са старога чалавека з учынкамі ягонымі
і, апрануўшыся ў новага, які абнаўляецца ў пазнаньні паводле вобраза Стваральніка ягонага,
і апрануўшыся ў новага, які абнаўляецца ў пазнаньні паводле вобразу Таго, Хто яго стварыў,
дзе няма ні Эліна, ні Юдэя, ні абразаньня, ні неабразаньня, варвара, Скіфа, раба, вольніка, а ўсё і ўва ўсім — Хрыстос.
дзе няма Грэка і Юдэя, абраза́ньня і неабраза́ньня, ба́рбара, Скі́фа, слугі́, свабоднага, але ўсё і ў-ва ўсім Хрыстос.
Дык апранецеся, як выбранцы Божыя, сьвятыя і ўлюбёнцы, у міласэрнасьць, даброць, мудрую пакору, лагоднасьць, доўгую цярплівасьць,
Дык апраніцеся, як выбраныя Божыя, сьвятыя і ўлюбёныя, у міласэрнасьць, ласкавасьць, пакору, ціхасьць, доўгацярплівасьць,
паблажаючы адно аднаму і даруючы ўзаемна, калі хто на каго мае крыўду: як Хрыстос дараваў вам, так і вы.
церпячы адзін аднаго і прабачаючы адзін аднаму, калі хто на каго мае крыўду, як Хрыстос дараваў вам, гэтак і вы.
а найболей апранецеся ў любоў, якая ёсьць сукупнасьць дасканаласьці;
А па-над усё [апраніцеся] ў любоў, якая ёсьць вузел дасканаласьці,
і няхай валадарыць у сэрцах вашых мір Божы, да якога вы і пакліканы ў адным целе; і будзьце прыязныя.
і няхай гаспадарыць у сэрцах вашых супакой Божы, да якога вы і пакліканыя ў адным целе, і будзьце ўдзячныя.
Слова Хрыстовае хай усяляецца ў вас шчодра, з усякаю мудрасьцю; вучэце і настаўляйце на розум адзін аднаго псальмамі, славаслоўем і духоўнымі песьнямі, у мілаце апяваючы ў сэрцах вашых Госпада.
Слова Хрыстовае няхай жыве ў вас багата, у-ва ўсякай мудрасьці; навучайце і настаўляйце адзін аднаго псальмамі, і гімнамі, і сьпевамі духоўнымі, у ласцы сьпяваючы Госпаду ў сэрцах вашых.
І ўсё, што вы робіце словам ці ўчынкам, усё рабеце ў імя Госпада Ісуса Хрыста, дзякуючы празь Яго Богу і Айцу.
І ўсё, што вы робіце, словам або справаю, усё [рабіце] ў імя Госпада Ісуса, дзякуючы праз Яго Богу і Айцу.
Жонкі, упакорвайцеся мужам сваім, як прыстойна гэта ў Госпадзе.
Жонкі, падпарадкоўвайцеся мужам вашым, як прыстойна ў Госпадзе.
Мужы, кахайце сваіх жонак і ня будзьце зь імі суровыя.
Мужы, любі́це жонак і ня будзьце для іх прыкрымі.
Дзеці, слухайцеся бацькоў вашых ва ўсім, бо гэта даспадобы Госпаду.
Дзеці, слухайцеся бацькоў у-ва ўсім, бо гэта падабаецца Госпаду.
Бацькі, не дакучайце дзецям вашым, каб яны не падалі духам.
Бацькі, не зьнеахвочвайце дзяцей вашых, каб яны не гублялі духа.
Рабы, ва ўсім упакорвайцеся гаспадарам вашым па плоці, не для выгляду (толькі) служачы ім, не каб дагадзіць, а ў шчырасьці богабаязнага сэрца.
Слугі, у-ва ўсім слухайцеся паноў паводле цела, не на вачах толькі паслугуючы, як тыя, што людзям дагаджаюць, але ў шчырасьці сэрца, баючыся Бога.
І ўсё, што робіце, рабеце ад душы, як Госпаду, а не чалавеку,
І ўсё, што робіце, рабіце ад душы́, як для Госпада, а не для людзей,
ведаючы, што ў адзьдзяку ад Госпада дастанеце спадчыну; бо вы служыце Госпаду Хрысту.
ведаючы, што ад Госпада атрымаеце ў нагароду спадчыну, бо вы слу́жыце Госпаду Хрысту.
А хто несправядліва ўчыніць, той атрымае паводле сваёй няпраўды, у Яго няма агляду на асобы.
А хто робіць крыўду, атрымае паводле зробленае крыўды, бо няма [ў Бога] ўзіраньня на аблічча.