Да Габрэяў 6 разьдзел
Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
Пасьля, пакінуўшы пачаткі вучэньня Хрыстовага, пасьпяшаймася да дасканаласьці; і ня будзем зноў закладваць аснову да каяньня за мёртвыя дзеі і аснову веры ў Бога,
Дзеля гэтага, пакінуўшы пачатак Хрыстовага слова, зьвернемся да дасканаласьці, не кладучы ізноў падмуркі, [гаворачы пра] навяртаньне ад мёртвых справаў і веру ў Бога,
вучэньню пра хрышчэньні, пра ўскладаньне рук, пра ўваскрэсеньне мёртвых і пра суд вечны.
вучэньне пра хрышчэньні, і ўскладаньне рук, і ўваскрасеньне мёртвых, і суд вечны.
І гэта зробім, калі Бог дазволіць.
І гэта зробім, калі Бог дазволіць.
Бо немагчыма — тых, што адзін раз пасьвечаныя і паспыталі дару нябеснага, і зрабіліся супольнікамі Духа Сьвятога,
Бо немагчыма тых, якія аднойчы былі прасьветленыя, і пакаштавалі да́ру нябеснага, і сталіся ўдзельнікамі Духа Сьвятога,
і паспыталі добраснага слова Божага і сіл будучага веку,
і пакаштавалі добрага слова Божага і моцаў будучага веку,
і адпалі, — нанава ўзнаўляць пакаяньнем, калі яны зноў крыжуюць у сабе Сына Божага і паглумляюць Яго.
і адпалі, ізноў абнаўляць праз навяртаньне, тых, якія ізноў укрыжоўваюць у сабе Сына Божага і аддаюць на сорам [Яго].
Зямля, якая піла дождж, што шматкроць на яе ападае, і родзіць збажыну, карысную тым, каму і вырошчваецца, прымае дабраславеньне ад Бога;
Бо зямля, якая п’е дождж, што часта зыходзіць на яе, і родзіць расьліну, карысную для тых, хто абрабляе яе, атрымлівае дабраслаўленьне ад Бога;
а якая плодзіць церні і бадзякі — няпрыдатная і блізкая да пракляцьця, канец якога — спаленьне.
а тая, якая прыносіць церні і асот, непрыдатная і блізкая да праклёну, і канец яе — спаленьне.
А што да вас, любасныя, дык мы спадзяёмся, што вы ў лепшым стане і трымаецеся збавеньня, хоць і гаворым так.
А мы перакананыя адносна вас, улюбёныя, што вы — лепшыя і маеце збаўленьне, хаця і гаворым гэтак.
Бо не несправядлівы Бог, каб забыў дзею вашую і працу любові, якую вы выявілі ў імя Ягонае, паслужыўшы і служачы сьвятым.
Бо Бог не няправедны, каб забыцца на справу вашую і працу любові, якую вы зьявілі ў імя Ягонае, калі служылі і слу́жыце сьвятым.
А жадаем, каб кожны з вас, дзеля поўнай пэўнасьці ў надзеі, выяўляў такую самую руплівасьць да канца;
А мы жадаем, каб кожны з вас выяўляў такую самую дбаласьць у пэўнасьці надзеі да канца,
каб вы не разгультаіліся, а пераймалі тых, якія вераю і доўгай цярплівасьцю спадкуюць абяцаньні.
каб ня стацца вам маруднымі, але пераймальнікамі тых, якія праз веру і доўгацярплівасьць бяруць у спадчыну абяцаньні.
Бог, даючы абяцаньне Абрагаму, калі ня мог нікім вышэйшым прысягнуць, прысягаў Самім Сабою,
Бо Бог, абяцаючы Абрагаму, ня маючы нікога вышэйшага, каб прысягаць, прысягаў Самім Сабою,
кажучы: «у ісьціне дабраслаўляючы, дабраслаўляю цябе і памнажаючы памножу цябе».
кажучы: «Праўдзіва, дабраслаўляючы, дабраслаўлю цябе і, памнажаючы, памножу цябе».
І так Абрагам цярплівасьцю атрымаў абяцанае.
І гэтак [Абрагам], маючы доўгацярплівасьць, атрымаў абяцаньне.
Людзі прысягаюць вышэйшым, і прысяга на сьведчаньне кладзе канец усякай спрэчцы іхняй.
Бо людзі прысягаюць вышэйшым, і ўсякая спрэчка між імі завяршаецца прысягай на сцьвярджэньне.
Таму і Бог, хочучы пераважней паказаць спадкаемцам абяцаньня непарушнасьць Сваёй волі, скарыстаўся прысягай,
Дзеля гэтага Бог, хочучы празьмерна паказаць спадкаемцам абяцаньня нязьменнасьць намеру Свайго, ужыў прысягу,
каб у двух непарушных рэчах, у якіх немагчыма Богу зманіць, моцную ўцеху мелі мы, пастанавіўшы прыняць прызначаную надзею,
каб праз дзьве нязьменныя рэчы, у якіх Богу хлусі́ць немагчыма, вялікае пацяшэньне мелі мы, якія прыбеглі ўхапіцца за надзею, што перад намі ляжыць,
якая для душы ёсьць — быццам якар бясьпечны і моцны, і ўваходзіць усярэдзіну за заслону,
якую маем, як якар душы́, пэўны і трывалы, які ўваходзіць у-ва ўнутранае за заслону,
куды як наш папярэднік увайшоў Ісус, стаўшыся Першасьвятаром навек па чыне Мелхісэдэка.
куды за нас як папярэднік увайшоў Ісус, стаўшыся Першасьвятаром на вякі паводле парадку Мэльхісэдэка.