Лікі 36 разьдзел
Лікі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012
Прыйшлі ўзначальнікі сямействаў ад роду сыноў Галаада, сына Махіравага, сына Манасіінага з роду сыноў Язэпавых, і гаварылі перад Майсеем і перад князямі, узначальнікамі пакаленьняў сыноў Ізраілевых,
І прыйшлі кіраўнікі сем’яў пакалення сыноў Галаада, сына Махіра, сына Манасы, з роду сыноў Язэпа, і расказалі Майсею, і князям, і кіраўнікам пакаленняў Ізраэля:
і сказалі: Гасподзь загадаў гаспадару нашаму даць зямлю ў надзел сынам Ізраілевых па жэрабі, а гаспадару нашаму загадана ад Госпада даць надзел Салпаада, брата нашага, дочкам ягоным.
«Табе, гаспадар наш, загадаў Госпад жэрабем падзяліць зямлю паміж сынамі Ізраэля і таксама даць уласнасць дочкам Салпаада, брата нашага;
А калі яны будуць жонкамі сыноў якога-небудзь іншага племя сыноў Ізраілевых, дык надзел іхні адымецца ад надзелу бацькоў нашых і дадасца да надзелу таго племя, у якім яны будуць, і адымецца ад надзелу нашага, які дастаўся па жэрабі.
калі яны будуць жонкамі якога з сыноў другога пакалення сыноў Ізраэля, то ўласнасць іх адымецца ад уласнасці бацькоў нашых і далучыцца да таго пакалення, у якім яны будуць жыць, а наша частка, атрыманая па жэрабі, зменшыцца.
І нават калі будзе ў сыноў Ізраілевых юбілей, тады надзел іхні дадасца да надзелу таго племя, у якім яны будуць, і ад таго надзелу бацькоў нашых адымецца надзел іхні.
І калі для Ізраэля настане год юбілейны, тады іх уласнасць будзе назаўсёды аддадзена пакаленню, да якога яна адышла, і ўласнасць пакалення нашых бацькоў паменшыцца на іх спадчыну».
І даў Майсей загад сынам Ізраілевым, па слове Гасподнім, і сказаў: праўду кажа племя сыноў Язэпавых.
Тады сказаў Майсей сынам Ізраэля па загадзе Госпада: «Справядліва сказала пакаленне сыноў Язэпа, і гэты закон
Вось што наказвае Гасподзь пра дочак Салпаадавых: яны могуць быць жонкамі тых, хто спадабаецца вачам іхнім, толькі павінны быць жонкамі ў родзе племя бацькі свайго,
пастанавіў Госпад для дачок Салпаада: яны могуць ісці замуж за каго пажадаюць, але за мужчын свайго пакалення,
каб надзел сыноў Ізраілевых не пераходзіў з племя ў племя; бо кожны з сыноў Ізраілевых павінен быць прывязаны да надзелу племя бацькоў сваіх.
каб не пераходзіла ўласнасць сыноў Ізраэля з аднаго пакалення ў другое пакаленне; хай сыны Ізраэля трымаюцца ўласнасці пакалення бацькоў сваіх,
І кожная дачка, якая спадкуе надзел у каленах сыноў Ізраілевых, павінна быць жонкаю каго-небудзь з роду племя бацькі свайго, калі сыны Ізраілевыя спадкавалі кожны надзел бацькоў сваіх,
а кожная дзяўчына, як атрымае спадчыну ў якімсьці пакаленні, хай стане жонкаю аднаго з мужчын свайго пакалення, каб ізраэльцы захавалі спадчыну сваіх бацькоў
і каб не пераходзіў надзел з племя ў другое племя; бо кожнае племя сыноў Ізраілевых павінна быць прывязана да свайго надзелу.
і каб спадчынная маёмасць не пераходзіла з аднаго пакалення ў другое; але пакаленні сыноў Ізраэля павінны трымацца спадчыны сваіх пакаленняў».
Як загадаў Гасподзь Майсею, так і зрабілі дочкі Салпаадавыя.
Дочкі Салпаада зрабілі так, як загадаў Госпад Майсею,
І выйшлі дочкі Салпаадавыя Махла, Тырца, Хогла, Мілка і Ноа замуж за сыноў дзядзькоў сваіх.
і выйшлі замуж Маала, Тэрса, Хэгла, Мэлха і Ноа за сыноў дзядзькоў сваіх
У родзе сыноў Манасіі, сына Язэпавага яны былі жонкамі, і застаўся надзел іхні ў племі роду бацькі іхняга.
з пакалення Манасы, сына Язэпа; і так іх уласнасць, якая ім была дадзена, засталася пры пакаленні і родзе бацькі іх.
Вось запаведзі і пастановы, якія даў Гасподзь сынам Ізраілевым праз Майсея на раўнінах Маавіцкіх, каля Ярдана, насупраць Ерыхона.
Гэта настаўленні і прыказанні, якія даў Госпад праз Майсея сынам Ізраэля на раўнінах Мааба каля Ярдана насупраць Ерыхона.