Да Каласянаў 3 разьдзел
Пасланьне да Каласянаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012
І вось, калі вы ўваскрэсьлі з Хрыстом, дык шукайце вышыняў, дзе Хрыстос сядзіць праваруч Бога;
Дык калі вы ўваскрэслі з Хрыстом, шукайце таго, што ўгары ёсць, дзе Хрыстос сядзіць праваруч Бога;
пра вышыннае думайце, а не пра зямное.
пра ўзгорнае думайце, а не пра зямное.
Бо вы памерлі, і жыцьцё ваша схавана з Хрыстом у Богу;
Бо вы — памерлыя, і жыццё ваша пахавана з Хрыстом у Богу!
калі зьявіцца Хрыстос, жыцьцё вашае, тады і вы зьявіцеся зь Ім у славе.
Калі аб’явіцца Хрыстос, жыццё ваша, тады і вы аб’явіцеся з Ім у хвале.
Дык жа ўмярцьвеце зямныя чэлесы вашыя: распусту, нечысьць, юр, ліхую хцівасьць і любазьдзірства, якое ёсьць ідаласлужэньне,
Дык мярцвіце члены вашыя, што на зямлі: распусту, нячыстасць, чужаложства, ліхія пажаданні і сквапнасць, якая ёсць балванапаклонства,
за якія гнеў Божы ідзе на сыноў супраціву,
праз якія надыходзіць гнеў Божы на дзяцей нявер’я,
у якіх і вы колісь блукалі, калі жылі сярод іх.
сярод якіх і вы калісьці жылі, калі былі між імі.
А зараз вы адкладзеце ўсё: гнеў, лютасьць, злосьць, ліхаслоўе, кляцьбу з вуснаў вашых;
Але цяпер адкіньце і вы ўсё: гнеў, мсцівасць, злосць, блюзненні і брыдкія словы з вуснаў вашых.
ня хлусеце адно аднаму, бо вы распранулі зь сябе старога чалавека зь дзеямі ягонымі
Не хлусіце адзін аднаму вы, што скінулі з сябе старога чалавека з яго ўчынкамі
і, апрануўшыся ў новага, які абнаўляецца ў пазнаньні паводле вобраза Стваральніка ягонага,
і прыадзеліся ў новага, які несупынна аднаўляецца ў пазнанні па ўзоры Таго, Які яго стварыў,
дзе няма ні Эліна, ні Юдэя, ні абразаньня, ні неабразаньня, варвара, Скіфа, раба, вольніка, а ўсё і ўва ўсім — Хрыстос.
дзе ўжо няма грэка і юдэя, абрэзанага ці неабрэзанага, іншаземца, скіфа, нявольніка і вольнага, але ўсё і ва ўсім Хрыстос.
Дык апранецеся, як выбранцы Божыя, сьвятыя і ўлюбёнцы, у міласэрнасьць, даброць, мудрую пакору, лагоднасьць, доўгую цярплівасьць,
Дык апраніцеся як выбраннікі Божыя, святыя і ўлюбёныя, у сэрца спагаднае, ласкавасць, пакорлівасць, сціпласць, цярплівасць,
паблажаючы адно аднаму і даруючы ўзаемна, калі хто на каго мае крыўду: як Хрыстос дараваў вам, так і вы.
церпячы адны адных і прабачаючы адны адным, калі хто да каго мае жаль; як Госпад дараваў вам, так і вы.
а найболей апранецеся ў любоў, якая ёсьць сукупнасьць дасканаласьці;
А па-над усё апраніцеся ў любоў, якая ёсць вузел дасканаласці.
і няхай валадарыць у сэрцах вашых мір Божы, да якога вы і пакліканы ў адным целе; і будзьце прыязныя.
І супакой Хрыстоў, да якога вы і пакліканы ў адным целе, хай пануе ў сэрцах вашых. І будзьце ўдзячныя.
Слова Хрыстовае хай усяляецца ў вас шчодра, з усякаю мудрасьцю; вучэце і настаўляйце на розум адзін аднаго псальмамі, славаслоўем і духоўнымі песьнямі, у мілаце апяваючы ў сэрцах вашых Госпада.
Хай шчодра прабывае ў вас слова Хрыста, каб з усёю мудрасцю адны адных навучалі і настаўлялі ды каб з удзячнасцю Богу ў сэрцах вашых спявалі вы псалмы, гімны і песні духоўныя.
І ўсё, што вы робіце словам ці ўчынкам, усё рабеце ў імя Госпада Ісуса Хрыста, дзякуючы празь Яго Богу і Айцу.
І ўсё, што робіце словам ці дзеяннем, усё ў імя Госпада Ісуса, дзякуючы праз Яго Богу Айцу.
Жонкі, упакорвайцеся мужам сваім, як прыстойна гэта ў Госпадзе.
Жонкі, будзьце паслухмянымі мужам, як належыць у Госпадзе.
Мужы, кахайце сваіх жонак і ня будзьце зь імі суровыя.
Мужы, любіце жонак і не будзьце для іх прыкрымі.
Дзеці, слухайцеся бацькоў вашых ва ўсім, бо гэта даспадобы Госпаду.
Дзеці, слухайце бацькоў ва ўсім, бо гэта падабаецца Госпаду.
Бацькі, не дакучайце дзецям вашым, каб яны не падалі духам.
Бацькі, не раздражняйце дзяцей вашых, каб яны не слабелі духам.
Рабы, ва ўсім упакорвайцеся гаспадарам вашым па плоці, не для выгляду (толькі) служачы ім, не каб дагадзіць, а ў шчырасьці богабаязнага сэрца.
Нявольнікі, слухайцеся ва ўсім гаспадароў цялесных, не на вачах служачы, каб людзям падабацца, але ў прастаце сэрца, баючыся Бога.
І ўсё, што робіце, рабеце ад душы, як Госпаду, а не чалавеку,
Усё, што ні робіце, ад душы рабіце, як Богу, а не людзям,
ведаючы, што ў адзьдзяку ад Госпада дастанеце спадчыну; бо вы служыце Госпаду Хрысту.
ведаючы, што ў Госпада атрымаеце ва ўзнагароду спадчыну, бо вы служыце Госпаду Хрысту.
А хто несправядліва ўчыніць, той атрымае паводле сваёй няпраўды, у Яго няма агляду на асобы.
Хто чыніць несправядлівасць, атрымае тое, што зрабіў нягодна, бо ў Бога няма зважання на асобы.