Да Рымлянаў 14 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Млявых жа ў веры прыймайце ня дзеля суджэньня паглядаў.
Слабога ў веры прымайце не дзеля спрэчак аб поглядах.
Хтось пэўны, што ён можа есьці ўсе, але слабы есьць гародніну.
Бо хтосьці верыць, што можна есці ўсё, а слабы есць гародніну.
Хто есьць, ня май улегцы таго, хто ня есьць; а хто ня есьць, ня судзі таго, хто есьць, бо Бог прыняў яго.
Хто есць, няхай не дакарае таго, хто не есць. І хто не есць, няхай не асуджае таго, хто есць, бо яго прыняў Бог.
Хто ты, што судзіш чужога слугу? Перад сваім Спадаром стаіць ён або валіцца; і будзе пастаноўлены, бо Спадар можа пастанавіць яго.
Хто ты, што судзіш чужога слугу? Перад сваім гаспадаром ён стаіць або падае. І будзе стаяць, бо мае Бог моц паставіць яго.
Адзін адрозьнюе дні, другі важа кажны дзень аднолькава. Няхай кажны будзе супоўна пераканаўшыся ў сваім собскім паглядзе.
Хтосьці адрознівае дзень ад дня, а для кагосьці кожны дзень аднолькавы. Няхай кожны застанецца пры сваім меркаванні.
Хто адрозьнюе дні, дзеля Спадара адрозьнюе. І хто есьць, дзеля Спадара есьць, бо дзякуе Богу; і хто ня есьць, дзеля Спадара ня есьць і дзякуе Богу.
Хто адрознівае дні, робіць гэта для Пана. І хто есць, для Пана есць, бо дзякуе Богу. І хто не есць, для Пана не есць ды дзякуе Богу.
Бо ніхто з нас ня жывець сам дзеля сябе, і ніхто не памірае сам дзеля сябе;
Ніхто з нас не жыве для сябе, і ніхто не памірае для сябе.
Бо ці жывем, дзеля Спадара жывем, ці паміраем, дзеля Спадара паміраем. І затым ці жывем, ці паміраем — мы Спадаровы.
Бо калі жывём, то жывём для Пана, калі ж паміраем — для Пана паміраем. Таму ці жывём, ці паміраем, мы належым Пану.
Бо Хрыстос дзеля таго памер і жывець, каб радзіць мертвых і жывых.
Бо дзеля гэтага Хрыстус і памёр, і ажыў, каб панаваць і над памерлымі, і над жывымі.
А ты чаму судзіш брата свайго? Або ізноў, чаму ўлегцы маеш брата свайго? Мы ж усі станем перад судовым пасадам Хрыстовым.
А ты чаму асуджаеш свайго брата? І чаму пагарджаеш сваім братам? Усе мы станем перад судовым пасадам Бога.
Бо напісана: «Жыў Я, кажа Спадар, перад Імною ўклякне кажнае калена, і кажны язык будзе вызнаваць Бога».
Бо напісана: «Паколькі Я жыву, — кажа Пан, — перада Мною схіліцца кожнае калена, і кожны язык будзе вызнаваць Бога».
Дык кажны з нас здасьць лічбу за сябе Богу.
Так кожны з нас адкажа за сябе перад Богам.
Ня судзіма болей адзін аднаго, але валей на тое ўважайце, каб ня класьці брату спатыкненьня альбо спадману.
Не будзем жа больш судзіць адзін аднаго, але глядзіце лепш, каб не даваць брату прычыны для спатыкнення ці спакусы.
Я ведаю і пераканаўшыся ў Ісусу Хрысту, што няма нічога ў сабе самым нячыстага, адно хто ўважае што-колечы за нячыстае, таму нячыстае.
Я ведаю і перакананы ў Пану Езусе, што нішто само па сабе не з’яўляецца нячыстым, але становіцца нячыстым для таго, хто лічыць што-небудзь нячыстым.
Бо калі за ежу немарасьціцца брат твой, ты ўжо ня подле міласьці абходзішся. Ня губі сваёй ежаю таго, за каго Хрыстос памер.
Калі ж твой брат сумуе праз страву, то ты ўжо жывеш не паводле любові. Не губі сваёй страваю таго, за каго памёр Хрыстус!
Няхай ня будзе блявузґана на ваша добрае.
Таму няхай не зневажаецца вашае дабро!
Бо гаспадарства Божае ня ежа ані піценьне, але справядлівасьць а супакой а радасьць у Духу Сьвятым.
Бо Валадарства Божае — гэта не ежа і піццё, але справядлівасць, спакой і радасць у Духу Святым.
Бо, хто гэтым служа Хрысту, тый любы Богу й прызнаны людзьмі.
Хто ў гэтым служыць Хрысту, той падабаецца Богу і ў пашане ў людзей.
Дык будзем імкнуцца да тога, што служа супакою а ўзаемнаму збудаваньню.
Таму будзем шукаць таго, што служыць спакою і ўзаемнаму збудаванню.
Дзеля ежы ня бурай справы Божае. Усе чыстае, але блага людзіне, каторая есьць на спадману.
Дзеля ежы не знішчай справы Божай! Усё чыстае, але становіцца кепскім, калі чалавек, які есць, прычыняецца да чыйгосьці спатыкнення.
Добра ня есьці мяса, ані піць віна, ані рабіць чаго-колечы, ад чаго брат твой спатыкаецца, альбо спадманяецца, альбо слабянее.
Добра не есці мяса, не піць віна і не рабіць таго, што прычыняецца да спатыкнення твайго брата.
Маеш ты веру? май сам у сабе перад Богам. Шчасьлівы, каторы ня судзе сябе самога ў тым, што прызнаець сабе за добрае.
Веру, якую маеш, май для сябе перад Богам. Шчаслівы, хто не асуджае сябе ў тым, што прымае.
Але тый, што сумляецца, як есьць, будзе засуджаны, бо ня зь веры; а што-колечы ня зь веры, грэх.
Хто ж, спажываючы, сумняваецца, асуджае сябе, бо паступае нязгодна з верай, а ўсё, што не паводле веры, — грэх.