Да Рымлянаў 8 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Дык няма цяпер ніякага засуджэньня тым, што ў Хрысту Ісусу жывуць ня подле цела, але подле духа,
Няма цяпер ніякага асуджэння тым, хто ў Хрысце Езусе,
Бо закон духа жыцьця ў Хрысту Ісусу вывальніў мяне ад закону грэху а сьмерці.
бо закон Духа жыцця ў Езусе Хрысце вызваліў цябе ад закону граху і смерці.
Як Закон, скволены целам, быў слабы, дык Бог паслаў Сына Свайго ў падобнасьці цела грэшнага за грэх і засудзіў грэх у целе,
Закон быў бяссільны, бо быў аслаблены целам. Таму Бог, паслаўшы свайго Сына ў постаці грэшнага цела, з-за граху асудзіў грэх у целе,
Каб вымаганьне Закону споўнілася ў нас, каторыя жывем ня подле цела, але подле духа.
каб апраўданне Закону споўнілася ў нас, якія жывуць не паводле цела, але паступаюць паводле Духа.
Бо жывучыя подле цела празь цялеснае думаюць, а жывучыя подле духа — праз духоўнае.
Бо тыя, хто жыве паводле цела, думаюць аб цялесным. А тыя, хто паводле Духа, — аб духоўным.
Падумкі цялесныя ё сьмерць, а падумкі духоўныя — жыцьцё а супакой,
Памкненні ж цела — смерць, а памкненні Духа — жыццё і спакой.
Бо цялесныя падумкі ё непрыязьньства супроці Бога, бо яны не паддаюцца закону Божаму, дый запраўды ня могуць.
Памкненні цела — непрыяцелі Бога, бо не пакараюцца Божаму закону, ды і не могуць.
Затым тыя, што ў целе, ня могуць угадзіць Богу.
Тыя ж, хто жыве паводле цела, не могуць падабацца Богу.
Але вы ня ў целе, але ў Духу, калі запраўды Дух Божы жывець у вас. Калі ж хто ня мае Духа Хрыстовага, тый не Ягоны.
Вы ж не ў целе, але ў Духу, калі толькі Дух Божы жыве ў вас. Калі ж хто не мае Хрыстовага Духа, той не належыць Яму.
А калі Хрыстос у вас, цела запраўды мертвае да грэху, але дух жывы да справядлівасьці.
Калі ж у вас Хрыстус, то хоць цела мёртвае з-за граху, аднак Дух дае жыццё дзякуючы апраўданню.
Калі ж Дух Таго, хто ўскрысіў Ісуса зь мертвых, жывець у вас, Тый, што ўскрысіў Ісуса зь мертвых, ажыве сьмяротныя целы вашыя Духам Сваім, Каторы жывець у вас.
Калі ж Дух таго, хто ўваскрасіў Езуса, жыве ў вас, то той, хто ўваскрасіў Хрыста, ажывіць і вашыя смяротныя целы Духам сваім, які ёсць у вас.
Дык, браты, мы даўжбіты ня целу, каб жыць подле цела;
Таму, браты, мы не даўжнікі цела, каб жыць паводле цела.
Бо, калі жывіце подле цела, маеце памерці; але калі духам забіваеце ўчынкі цела, жывыя будзеце.
Бо калі жывяце паводле цела, то памрэце; а калі забіваеце Духам цялесныя ўчынкі, будзеце жыць.
Бо ўсі, воджаныя Духам Божым, ё сынове Божыя;
Таму што ўсе, каго вядзе Дух Божы, — гэта Сыны Божыя.
Бо вы не прынялі духа няволі ізноў дзеля страху, але прынялі духа ўсынаўленьня, каторым гукаем: «Аўва! Войча!»
Вы ж не прынялі духа няволі, каб зноў баяцца, але прынялі Духа ўсынаўлення, у якім мы клічам: «Абба, Ойча!»
Гэты самы Дух сьветча духу нашаму, што мы — дзеці Божыя.
Гэты самы Дух сведчыць духу нашаму, што мы дзеці Божыя.
А калі дзеці, дык і спадкаемцы; спадкаемцы Божыя, суспадкаемцы Хрыстовы, калі запраўды церпім ізь Ім, каб ізь Ім і ўславіцца.
А калі дзеці, то і спадкаемцы. Спадкаемцы Божыя, спадкаемцы разам з Хрыстом, калі толькі мы церпім разам з Ім, каб разам з Ім і ўславіцца.
Бо ўважаю, што цяперашнія цярпеньні не раўня прыйдучай славе, што аб’явіцца нам.
Думаю, што цярпенні цяперашняга часу нягодныя той славы, якая павінна выявіцца ў нас.
Бо, рупатліва выглядаючы, стварэнцы спадзяюцца аб’яўленьня сыноў Божых, —
Стварэнне ж з надзеяй чакае адкрыцця сыноў Божых,
Бо стварэнцы паддаліся марнасьці не самахоць, але з волі таго, хто паддаў іх, — у надзеі,
бо стварэнне падпарадкавалася марнасці не добраахвотна, але праз таго, хто падпарадкаваў яго, у надзеі,
Што й самы стварэнцы вывальнены будуць ізь няволі раскладу да свабоды славы дзяцей Божых.
што і само стварэнне вызвалена будзе з няволі тлення дзеля свабоды хвалы дзяцей Божых.
Бо мы ведаем, што ўсе стварэньне разам стогне і разам трудніцца ў болю аж дагэтуль;
Мы ж ведаем, што ўсё стварэнне разам стогне і нараджае ў пакутах ажно да цяперашняга часу.
І не адно яно, але й мы самы, маючы пачатак Духа, і мы ў сабе стогнем, рымсьцячы чакаем усынаўленьня, адкупленьня цела свайго.
І не толькі яно, але і мы самі, якія маем пачатак Духа, і мы ў сабе стогнем, чакаючы ўсынаўлення, адкуплення цела нашага.
Бо мы спасёныя надзеяй. Але надзея відомая ня ё надзея; бо, калі хто бача, чаго яму й спадзявацца?
Мы збаўленыя праз надзею. А надзея, калі яна бачная, не ёсць надзеяй. Бо, калі хто бачыць, навошта яму яшчэ спадзявацца?
Але калі спадзяемся таго, чаго ня бачым, тады, рымсьцячы, спадзяемся ў цярплівосьці.
Але калі спадзяёмся на тое, чаго не бачым, тады чакаем цярпліва.
І падобна таксама Дух памагае нам у нашых кволасьцях; бо мы ня ведаем, як маем маліцца, але Сам Дух прычыняецца за нас стогнамі нявымоўнымі.
Таксама і Дух дапамагае ў слабасцях нашых, бо мы не ведаем, аб чым трэба маліцца, але сам Дух заступаецца за нас стагнаннямі невымоўнымі.
Тый жа, хто дасьлядуе сэрцы, ведае, якая думка ў Духа, бо Ён прычыняецца за сьвятых з волі Божае.
Той жа, хто даследуе сэрцы, ведае, чаго прагне Дух, бо Ён заступаецца за святых па волі Божай.
Мы ж ведаем, што любячым Бога ўсе дзеецца дзеля дабра, тым, што пагуканыя подле замеру.
Мы ведаем таксама, што ўсё служыць на карысць тым, хто любіць Бога і хто пакліканы па Яго пастанове.
Бо каго Ён перадведаў, тым і наканаваў быць падобнымі да абраза Сына Свайго, каб Ён быў першаком памеж шмат братоў.
Бо, каго Ён наперад пазнаў, таго і прызначыў быць падобным да вобраза свайго Сына, каб Ён быў першародным між многімі братамі.
А каго Ён наканаваў, тых і пагукаў; а каго пагукаў, тых і аправіў; а каго аправіў, тых і ўславіў.
Каго ж прызначыў, таго і паклікаў, а каго паклікаў, таго і апраўдаў; а каго апраўдаў, таго і ўславіў.
Што ж скажам на гэта? Калі Бог за нас, хто супроці нас?
Што ж скажам на гэта? Калі Бог за нас, хто супраць нас?
Тый, Каторы Сына Свайго не пашчаджаў, але аддаў Яго за ўсіх нас, як ізь Ім не падаруе нас шчодра і ўсім?
Той, які не пашкадаваў свайго Сына, але аддаў Яго за ўсіх нас, як жа не дасць нам разам з Ім таксама ўсяго?
Хто будзе вінаваць абраных Божых? Бог праўдзе іх.
Хто будзе абвінавачваць выбраных Богам? Ці ж Бог, які апраўдвае?
Хто засуджае? Хрыстос памер, але і ўскрэс: Ён і паправе Бога, Ён і прычыняецца за нас.
Хто будзе асуджаць іх? Ці ж Хрыстус, які памёр, а нават больш за тое, уваскрос, знаходзіцца праваруч Бога і заступаецца за нас?
Хто адлуча нас ад міласьці Божае: атуга, ці гарота, ці перасьледаваньне, ці галадоў, ці голасьць, ці небясьпечнасьць, ці меч?
Хто адлучыць нас ад любові Хрыста? Няшчасце ці прыгнёт, пераслед ці голад, галеча ці небяспека, ці меч?
Як напісана: «За Цябе забіваюць нас кажны дзень; мелі нас за авечкі на зарэз».
Як напісана: «За цябе забіваюць нас увесь дзень, лічаць нас авечкамі, прызначанымі на зарэз».
Але ўсе перамагаем пераз Таго, хто ўмілаваў нас.
Але над усім гэтым мы атрымліваем поўную перамогу праз таго, хто палюбіў нас.
Бо я пераканаўшыся, што ані сьмерць, ані жыцьцё, ані ангілы, ані князствы, ані цяперашнія, ані будучыя, ані сілы,
Бо я перакананы, што ні смерць, ні жыццё, ні анёлы, ні ўлады, ні цяперашняе, ні будучае, ні сілы,
Ані вышыня, ані глыбіня, ані якое іншае стварэньне не адлуча нас ад любосьці Божае ў Хрысту Ісусу, Спадару нашым.
ні вышыня, ні глыбіня, ні іншае якое стварэнне не зможа адлучыць нас ад любові Божай, якая ёсць у Хрысце Езусе, Пану нашым.