Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

Да Рымлян 8 Да Рымлян 8 разьдзел

1 Дык няма цяпер ніякага засуджэньня тым, што ў Хрысту Ісусу жывуць ня подле цела, але подле духа,
2 Бо закон духа жыцьця ў Хрысту Ісусу вывальніў мяне ад закону грэху а сьмерці.
3 Як Закон, скволены целам, быў слабы, дык Бог паслаў Сына Свайго ў падобнасьці цела грэшнага за грэх і засудзіў грэх у целе,
4 Каб вымаганьне Закону споўнілася ў нас, каторыя жывем ня подле цела, але подле духа.
5 Бо жывучыя подле цела празь цялеснае думаюць, а жывучыя подле духа — праз духоўнае.
6 Падумкі цялесныя ё сьмерць, а падумкі духоўныя — жыцьцё а супакой,
7 Бо цялесныя падумкі ё непрыязьньства супроці Бога, бо яны не паддаюцца закону Божаму, дый запраўды ня могуць.
8 Затым тыя, што ў целе, ня могуць угадзіць Богу.
9 Але вы ня ў целе, але ў Духу, калі запраўды Дух Божы жывець у вас. Калі ж хто ня мае Духа Хрыстовага, тый не Ягоны.
10 А калі Хрыстос у вас, цела запраўды мертвае да грэху, але дух жывы да справядлівасьці.
11 Калі ж Дух Таго, хто ўскрысіў Ісуса зь мертвых, жывець у вас, Тый, што ўскрысіў Ісуса зь мертвых, ажыве сьмяротныя целы вашыя Духам Сваім, Каторы жывець у вас.
12 Дык, браты, мы даўжбіты ня целу, каб жыць подле цела;
13 Бо, калі жывіце подле цела, маеце памерці; але калі духам забіваеце ўчынкі цела, жывыя будзеце.
14 Бо ўсі, воджаныя Духам Божым, ё сынове Божыя;
15 Бо вы не прынялі духа няволі ізноў дзеля страху, але прынялі духа ўсынаўленьня, каторым гукаем: «Аўва! Войча!»
16 Гэты самы Дух сьветча духу нашаму, што мы — дзеці Божыя.
17 А калі дзеці, дык і спадкаемцы; спадкаемцы Божыя, суспадкаемцы Хрыстовы, калі запраўды церпім ізь Ім, каб ізь Ім і ўславіцца.
18 Бо ўважаю, што цяперашнія цярпеньні не раўня прыйдучай славе, што аб’явіцца нам.
19 Бо, рупатліва выглядаючы, стварэнцы спадзяюцца аб’яўленьня сыноў Божых, —
20 Бо стварэнцы паддаліся марнасьці не самахоць, але з волі таго, хто паддаў іх, — у надзеі,
21 Што й самы стварэнцы вывальнены будуць ізь няволі раскладу да свабоды славы дзяцей Божых.
22 Бо мы ведаем, што ўсе стварэньне разам стогне і разам трудніцца ў болю аж дагэтуль;
23 І не адно яно, але й мы самы, маючы пачатак Духа, і мы ў сабе стогнем, рымсьцячы чакаем усынаўленьня, адкупленьня цела свайго.
24 Бо мы спасёныя надзеяй. Але надзея відомая ня ё надзея; бо, калі хто бача, чаго яму й спадзявацца?
25 Але калі спадзяемся таго, чаго ня бачым, тады, рымсьцячы, спадзяемся ў цярплівосьці.
26 І падобна таксама Дух памагае нам у нашых кволасьцях; бо мы ня ведаем, як маем маліцца, але Сам Дух прычыняецца за нас стогнамі нявымоўнымі.
27 Тый жа, хто дасьлядуе сэрцы, ведае, якая думка ў Духа, бо Ён прычыняецца за сьвятых з волі Божае.
28 Мы ж ведаем, што любячым Бога ўсе дзеецца дзеля дабра, тым, што пагуканыя подле замеру.
29 Бо каго Ён перадведаў, тым і наканаваў быць падобнымі да абраза Сына Свайго, каб Ён быў першаком памеж шмат братоў.
30 А каго Ён наканаваў, тых і пагукаў; а каго пагукаў, тых і аправіў; а каго аправіў, тых і ўславіў.
31 Што ж скажам на гэта? Калі Бог за нас, хто супроці нас?
32 Тый, Каторы Сына Свайго не пашчаджаў, але аддаў Яго за ўсіх нас, як ізь Ім не падаруе нас шчодра і ўсім?
33 Хто будзе вінаваць абраных Божых? Бог праўдзе іх.
34 Хто засуджае? Хрыстос памер, але і ўскрэс: Ён і паправе Бога, Ён і прычыняецца за нас.
35 Хто адлуча нас ад міласьці Божае: атуга, ці гарота, ці перасьледаваньне, ці галадоў, ці голасьць, ці небясьпечнасьць, ці меч?
36 Як напісана: «За Цябе забіваюць нас кажны дзень; мелі нас за авечкі на зарэз».
37 Але ўсе перамагаем пераз Таго, хто ўмілаваў нас.
38 Бо я пераканаўшыся, што ані сьмерць, ані жыцьцё, ані ангілы, ані князствы, ані цяперашнія, ані будучыя, ані сілы,
39 Ані вышыня, ані глыбіня, ані якое іншае стварэньне не адлуча нас ад любосьці Божае ў Хрысту Ісусу, Спадару нашым.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Ліст сьв. Паўлы апостала да Рымлян, 8 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.