Псалтыр 99 псалом

Псалтыр
Пераклад Яна Станкевіча → Рeraklad V. Hadleuski

 
 

СПАДАР гаспадарствуе: няхай люды дрыжаць; сядзіць меж херуваў: затрэслася зямля.
 

СПАДАР на Сыёне вялікі, і высокі Ён над усімі людамі.
 

Няхай хваляць Твае вялікае а страшнае імя: сьвяты Ён.
 

І сіла каралеўская любе суд; Ты ўстанавіў справядлівасьць, суд а справядлівасьць у Якаву Ты ўчыніў.
 

Узьвялічайце СПАДАРА, Бога нашага, і кланяйцеся ля казулькі ног Ягоных: сьвяты Ён!
 

Масей а Аарон памеж сьвятароў Ягоных і Самуйла памеж гукаючых імя Ягонае; яны гукалі СПАДАРА, і Ён адказаў ім.
 

У стаўпе болачным гукаў ім; яны дзяржалі сьветчаньні Ягоныя, і ўставу Ён ім даў.
 

СПАДАРУ, Божа наш! Ты адказаў ім; Бог даруючы Ты быў ім, але імсьціўся за ўчынкі іхныя.
 

Узьвялічайце СПАДАРА, Бога нашага, і кланяйцеся да сьвятое гары Ягонае; бо СПАДАР, Бог наш — сьвяты.