Ісаі 12 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

І скажаш таго дня: «Я дзякую Табе, СПАДАРУ, бо Ты ўгневаўся на мяне, але гнеў Твой адышоў, і Ты пацешыў мяне.
 

Вось, БОГ — спасеньне мае: я спадзяюся і не баюся; бо Сіла мая а песьня ЯГ, СПАДАР; Ён стаў імне спасеньням».
 

І будзеце сіляць ваду з радасьці із жаролаў спасеньня.
 

І скажаце таго дня: «Дзякуйце СПАДАРУ; гукайце імя Ягонае; павядайце меж людаў справы Ягоныя; мянуйце, што ўзьвялічана імя Ягонае.
 

Пяіце СПАДАРУ, бо Ён стварыў вялікае; гэта ведама па ўсёй зямлі.
 

Гукай а пяі, жыхарка Сыёну, бо вялікі сярод цябе Сьвяты Ізраеляў».