Ераміі 26 разьдзел
Кніга прарока Ераміі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча
На пачатку дзяржавы Егоякіма Есянка, караля Юдэйскага, было слова ад СПАДАРА, кажучы:
«Гэтак кажа СПАДАР: "Стань на панадворку дому СПАДАРОВАГА і кажы ўсім местам Юдэі, каторыя прыходзяць кланяцца ў доме СПАДАРОВЫМ, усі словы, што Я расказаў табе казаць ім; не адбаў ані слова.
Можа яны паслухаюць а зьвернуцца зь ліхое дарогі свае, і Я пажалею ліха, што думаю зрабіць ім за ліхія ўчынкі іхныя".
І скажы ім: "Гэтак кажа СПАДАР: ’Калі вы не паслухаеце Мяне, каб хадзіць у праве Маім, каторае Я ўстанавіў перад вамі,
Слухаць словаў слугаў Маіх прарокаў, каторых Я пасылаю да вас, рана ўстаючы а пасылаючы, але вы ня слухалі;
Дык я зраблю гэтаму дому, як Шыле, і аддам места гэтае на праклён усім народам зямлі’"».
І слухалі сьвятарове а прарокі а ўвесь люд, як Ярэма мовіў гэтыя словы ў доме СПАДАРОВЫМ.
І сталася, як Ярэма скончыў мовіць усе, што СПАДАР расказаў мовіць да ўсяго люду, то схапілі яго сьвятарове а прарокі а ўвесь люд, кажучы: «Ты сьмерцю памрэш.
Чаму ты праракаў імям СПАДАРОВЫМ, кажучы: "Як Шыло, будзе дом гэты, і гэтае места будзе пустое, бяз жыхараў?"» І зьберся ўвесь люд да Ярэмы ў доме СПАДАРОВЫМ.
І пачулі князі юдэйскія гэтыя словы, і ўзышлі з дому каралеўскага да дому СПАДАРОВАГА, і селі ў варотах новае брамы СПАДАРОВАЕ.
І казалі сьвятарове а прарокі князём а ўсяму люду, кажучы: «Рассудак сьмерці людзіне гэтай, бо ён праракаў супроці места гэтага, як вы чулі сваімі вушамі».
І гукаў Ярэма да ўсіх князёў а да ўсяго люду, кажучы: «СПАДАР паслаў мяне праракаць супроці дому гэтага а супроці места гэтага ўсі словы, што вы чулі.
Дык цяпер папраўце дарогі свае а ўчынкі свае і слухайце голасу СПАДАРА Бога свайго, і СПАДАР пажалее таго ліха, што Ён вымавіў супроці вас.
Што да мяне, вось, я ў руццэ вашай, рабіце імне, што добра й што пасьціва ў вачох вашых.
Адно ведайце напэўна, што калі вы зробіце імне сьмерць, вы напэўна возьмеце нявінную кроў на сябе а на гэтае места а на жыхараў яго, бо запраўды СПАДАР паслаў мяне да вас мовіць усі гэтыя словы ў вушы вашы».
Тады сказалі князі а ўвесь люд сьвятаром а прарокам: «Ня мае быць гэтай людзіне рассудку сьмерці, бо ён мовіў нам імям СПАДАРА, Бога нашага».
Тады ўсталі некаторыя із старцоў зямлі і сказалі ўсёй грамадзе люду, кажучы:
«Міхей Морэшэцянін праракаў за дзён Гэзэкі, караля Юдэйскага, і сказаў усяму люду юдэйскаму, кажучы: "Гэтак кажа СПАДАР войскаў: "Сыён будзе ўзараны, як поле, і Ерузалім станецца кучамі, і гара дому — як вышыні лесавыя’.
Ці пасьмелі забіць яго Гэзэка, кароль Юдэйскі, і ўся Юдэя? ці ён не пабаяўся СПАДАРА? і маліў від СПАДАРОЎ, і СПАДАР пажалеў таго ліха, каторае вымавіў на іх. А мы дзеем вялікае ліха душам нашым"».
І быў там таксама чалавек, што праракаў імям СПАДАРОВЫМ — Ура Шэмаёнак із Кіраф-Еарыму; ён праракаў супроці места гэтага й супроці зямлі гэтае подле ўсіх словаў Ярэміных.
І пачуў кароль Егоякім, і ўсі дужасілы ягоныя, і ўсі князі словы ягоныя, і шукаў кароль, каб зрабіць яму сьмерць; і пачуў Ура, і зьлякаўся, і ўцёк, і прышоў да Ягіпту.
І Ягоякім кароль паслаў людзёў да Ягіпту — Елнафана Ахборонка і людзёў ізь ім да Ягіпту.
І вывялі Уру зь Ягіпту, і прывялі яго да караля Егоякіма, і ён паразіў яго мячом, і кінуў мертвае цела ягонае ў грабы сыноў люду.
Але рука Агікама Шафанёнка была за Ярэму, так што яны не аддалі яго ў руку люду зрабіць яму сьмерць.