Да Габрэяў 3 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

Дык, браты сьвятыя, учасьнікі ў нябёсным пагуканьню, разглядайце Апостала й Найвышшага Сьвятара вызнаньня нашага, Ісуса,
 

Каторы верны Таму, хто Яго ўстанавіў, як і Масей у вусёй дамове Ягонай.
 

Бо быў уважаны за годнага тым большае славы над Масея, чым большую чэсьць мае будаўнічы чымся дом.
 

Бо кажны дом збудаваны кімсь, а Тый, хто збудаваў усе, ё Бог.
 

І Масей запраўды верны ў вусёй дамове Ягонай, як слугачы, дзеля сьветчаньня таго, што мела быць сказана пасьлей.
 

А Хрыстос — як Сын у дамове Сваей, Каторага дамова мы, калі давер і пахвалу надзеі моцна дадзяржым аж да канца.
 

Затым, як кажа Дух Сьвяты: «Цяпер, як пачуеце голас Ягоны,
 

Не каляньце сэрцаў сваіх, як у часе ўзбурэньня ў дзень спакушэньня на пустыні,
 

Ідзе спакушалі Мяне айцове вашы, прабуючы Мяне, і бачылі ўчынкі мае сорак год.
 

Затым Я ўгневаўся на тое пакаленьне й сказаў: "Яны заўсёды блудзяць сэрцам, не пазналі яны дарогаў Маіх";
 

Затым, Я прысягнуў у гневе Сваім: "Хіба яны ўвыйдуць у супакой Мой?"»
 

Глядзіце, браты, каб ня было ў кім-колечы з вас нягоднага сэрца няверы, што адступала б ад Бога жывога.
 

Але захочуйце самы сябе кажнага дня, пакуль завецца «Цяпер», каб ніхто з вас не закалянеў ашукнасьцяй грэху;
 

Бо мы сталі сябрамі Хрыстовымі, калі запраўды пачатак пэўнасьці цьверда захаваем аж да канца,
 

Пакуль кажацца: «Цяпер, як вы пачуеце голас Ягоны, не каляньце сэрцаў сваіх, як у часе ўзбурэньня».
 

Бо хто гэта былі, што, пачуўшы, узбурыліся? Ці ня ўсі, што вышлі зь Ягіпту з Масеям?
 

І на кога Ён гневаўся сорак год? Ці не на тых, што ізграшылі, каторых трупы палі на пустыні?
 

І каму прысягаў, што ня ўвыйдуць у супакой Ягоны, як ня тым, што былі непаслухменыя?
 

І мы бачым, што яны не маглі ўвыйсьці з прычыны няверы.