2 Пятра 1 разьдзел
Другое пасланьне Пятра
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Леаніда Галяка
Сымон Пётр, слуга й апостал Езуса Хрыстуса — тым, што прынялі роўнацэнную з намі веру праз апраўданне Бога нашага й Збавіцеля Езуса Хрыстуса.
Прасьвяда вам і супакой хай прымножыцца праз пазнанне Бога і Хрыстуса Езуса Ўсеспадара нашага.
Як сіла ягоная абдарыла нас усім тым, што патрэбнае да пабожнага жыцьця, даючы пазнаць таго, каторы нас паклікаў собскай славай і цнотай
якія нас абагацілі велічнымі абяцаннямі стацца празь іх удзельнікамі Божай натуры, ухінуўшыся ад похатнага сапсуцьця ў сьвеце,
то і вы, не шкадуйце ўсякіх старанняў грунтаваць вашу веру на цноце, цноту на развазе,
развагу на паўстрымнасьці, паўстрымнасьць на цярплівасьці, цярплівасьць на пабожнасьці,
пабожнасьць на браталюбсьцьве, браталюбства на любасьці (Бога).
Вось гэта ўсё калі ў вас ёсьць і-то паддастаткам, дык вы не астанецеся бязьдзейнымі й бескарыснымі ў пазанні Ўсеспадара нашага Езуса Хрыстуса;
а ў каго няма гэтага, той сьляпы, недабачваючы забыўся аб ачышчэнні старых сваіх грахоў.
Дзеля гэтага старайцеся, браткі, добрымі ўчынкамі што-раз болей апэўніваць пакліканне й выбранне вашае; гэтак паступаючы, ніколі ня згрэшыце.
Гэткім чынам ушчодрыцца вам уваход у вечнае Валадарства Ўсеспадара нашага й Збавіцеля Езуса Хрыстуса.
Таму-то я ніколі не перастану аб гэтым напамінаць вам, хоць вы й ведаеце гэта ды уцьверджаны ў гэтай праўдзе.
Лічу маім абавязкам — пакуль знаходжуся ў гэтай будыніне (цела) — пабуджаць вас напамінам,
будучы пэўным, што хутка пакіну маю будыніну, як і Госпад наш Езус Хрыстус выявіў мне (Ян. 21:18−19).
Але буду старацца, каб вы і пасьля майго адыходу маглі заўсёды прыпамінаць сабе гэтыя рэчы.
Мы бо вам спавясьцілі моц і прыйсьцё Ўсеспадара нашага Езуса Хрыстуса не з хітравыдуманых басьняў, а з аглядання собскімі вачыма ягонай велічы.
Бо-ж як ён атрымоўваў ад Бога Айца чэсьць і хвалу ў зыйходзячым на яго з чароўнай (воблачнай) глёрыі голасе: «Гэты ёсьць Сын мой улюблёны, ў якім мая мілаўпадоба, яго слухайце» (Мг. 17:5),
дык мы той голас зь неба чулі, будучы на сьвятой гары.
Дый маем мацнейшу мову прароцкую і вы добра робіце, што зьвяртаецеся да яе як да сьветача, зіяючага ў цёмным месцы, пакуль не разаднее ды ня ўзойдзе зараніца ў сэрцах вашых;
толькіж памятайце перш-за-ўсё аб тым, што ніякага прароцтва ў Пісанні ня можна выкладаць самавольна.
Бо ня людзкою воляю прароцтва было калісь спавяшчана, але Духам Святым натхнёныя мужы Божыя яго пераказвалі.