Да Ціта 1 разьдзел

Пасланьне да Ціта
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Леаніда Галяка

 
 

Павал слуга Божы й Апостал Езуса Хрыстуса для веры выбраных Божых ды для пазнання праўды, вядучай да пабожнасьці,
 

надзеі жыцьця вечнага, прад вякамі абяцанага Богам няздрадным у слове,
 

а ў сваім часе аб’явіўшым сваё слова праз навучанне, паверанае мне з загаду Богазбаўцы нашага, —
 

шчыраму сыну ў супольнай веры: ласка і спакой ад Бога Айца і Езуса Хрыстуса Збавіцеля нашага.
 

Я пакінуў цябе ў Крыце натое, каб ты давяршыў недаладжанае шчэ ды і ўстанавіў па ўсіх местах старэйшын (прэзьбітэраў), як я загадаў табе:
 

беззаганных, аднажэнцаў, маючых дзяцей веручых не дакараных за распусту, ці непакорлівасьць.
 

Бо біскуп павінен быць беззаганным, як Божы гаспадар дому, ня пышны й гняўлівы, не п’яніца й завадыяка ды карысталюбец,
 

але гасьцінны, дабралюбец, разважны, справядлівы, багабойны, паўстрымны,
 

каб трымаўся ў слове здаровай вернай навукі, ды мог і напамін даваць супраціўнікам.
 

Шмат бо ёсьць непакорных, пуставякалаў і зводнікаў, асабліва з абразаных,
 

якім трэба прыцінаць язык. Яны, дзеля нягоднае нажывы разбаламучваюць цэлые дамы, навучаючы нясінеце.
 

Сказаўжа адзін зь іх, вершаплёт: Крытыйцы заўсёдные лгуны, абжорцы, лень і дзікуны.
 

Светчанне гэтае ёсьць праўдзівае. Дзеля гэтага давай моцные напаміны, каб былі здаровымі ў веры,
 

ня слухалі жыдоўскіх басьняў ды наказаў людзей адвяртаючыхся ад праўды.
 

Для чыстых — усё чыстае, а для апаганеных і няверных нічога няма чыстага, бо апаганены іхні розум ды сумленне.
 

Яны сьвердзяць, што знаюць Бога, а паступкамі сваімі гэта запярэчваюць, агідныя бо й непакорныя ды няздольные да ніякага добрага дзела.