Да Рымлянаў 16 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад П. Татарыновіча → Рeraklad V. Hadleuski
Паручаю вам Фэбу, нашу сястру, катора знайходзіцца на служэнні эклезіі ў Кенхрах,
каб годна прынялі яе з Богам, як прыстоіць сьвятым, ды памаглі ёй, у чым яна меціме ў вас патрэбу, бо-ж і яна многіх, а навет і мяне самога, ўспамагала.
Прывітайце Прыску і Аквілю, супрацоўнікаў маіх у Хрыстусе Езусе,
(якія за маё жыцьцё галоваў сваіх шчадзілі й якім дзякую ня толькі я, але і ўсе эклезіі сярод паганаў), вітайце й эклезію ў іхнім доме.
Перадайце прывет міламу майму Эпэнэту, каторы ёсьць першафруктам Азыі ў Хрыстусе.
Вітайце Марыю, якая шмат для вас працавала.
Паздароўце Андроніка й Юнію, маіх сваякоў і са мною вязьненых, што славіліся між Апосталамі ды перш за мяне ўверылі ў Хрыстуса.
Прывітайце Амплія любага майго ў Богу.
Аддайце прывет Урбану, супрацоўніку нашаму ў Хрыстусе Езусе і міламу майму Стахію.
Вітайце Апэльлеса дазнанага ў Хрыстусе; здароўце ўсіх з дому Арыстобуля.
Паздароўце Гэрадыёна, сваяка майго; і Нарцызавых тых, што ў Хрыстусе.
Перадайце прывет Трыфэну й Трыфозу, што працуюць з Богам; ды найдаражэйшай Пэрсыдзе, якая вельмі шмат старалася для Хрыстуса.
Прывітайце Руфа, ў Богу выбранага, й ягону ды маю матку.
Вітайце Асынкрыта, Флегонта, Гэрму, Патробу, Гэрмаса ды іншых братоў, што зь імі.
Паздароўце Філялёга і Юлію, Нэрэя й ягону сястру; Олімпія ды ўсіх зь імі сьвятых.
Здароўце адзін другога сьвятым цалункам. Усе эклезіі Хрыстуса засылаюць вам прывет.
Шчыра прашу вас, браты, сьцеражэцеся тых, што шыраць нязгоду й зьняверу проці навукі, якое вы навучыліся; ухіляецеся ад іх;
гэткія бо ня Хрыстусу Усеспадару нашаму служаць, а свайму чэраву, ды разлашчваннем і салодкімі славамі зводзяць нявінныя сэрцы.
Вашая паслухмянасьць веры ведамая ўсюды, таму цешуся з вас; але жадаю, каб вы былі растропнымі ў добрасьці й няпрыступнымі для зла.
Бог міру-згоды скрышыць борзда пад ступамі вашымі шатана. Ласка Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса з вамі!
Прывет вам ад Тыматэя, майго супрацоўніка, і Люцыя і Язона і Созыпатра, маіх сваякоў.
Вітаю з Богам вас і я, Тэрцый, што напісаў гэты ліст.
Засылае прывет вам Гай, гасьцінны для мяне, ды цэлая эклезія.
Прывітанне вам і ад Эраста, скарбніка места, ды ад брата Кварта. Ласка Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса хай будзе з усімі вамі. Амэн.
А таму, Каторы мае моц уцьвярдзіць вас згодна з маёй Эванэліяй і навучаннем аб Езусе Хрыстусе, водле аб’яўлення ад вякоў прамоўчванай тайніцы,
а цяпер выяўленай з прароцкіх Пісанняў па загаду Бога прадвечнага для послуху веры, абвешчанай усім народам —
адзінаму Богу прамудраму чэсьць і хвала, празь Езуса Хрыстуса, на вякі вечныя. Амэн.