Да Піліпянаў 1 разьдзел
Пасланьне да Піліпянаў
Пераклад П. Татарыновіча → Рeraklad V. Hadleuski
Павал і Тыматэй, слугі Езуса Хрыстуса, усім сьвятым у Хрыстусе Езусе, што прабываюць у Філіппах, зь біскупамі й дыяканамі:
ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага і Усеспадара Езуса Хрыстуса.
Дзякую Богу майму пры ўсякім успаміне аб вас,
заўсёды ў кажнай маей маліцьве за ўсіх вас молячыся з радасьцяй
за вашае судзейніцтва ў Эванэліі ад першага дня аж дагэтуль,
маючы пэўнасьць, што той, хто пачаў у вас добрае дзела, будзе даконваць яго аж па дзень Хрыстуса Езуса.
Яно й справядліва думаць гэта мне аб усіх вас, маю бо ў сэрцы вас і ў путах маіх, і ў абароне ды ўгрунтоўванні Эванэліі, як супольнікаў мае радасьці.
Бог бо мне сьветка, як я тужу па ўсіх вас сэрцам Хрыстуса Езуса;
і малюся пра тое, каб любасьць вашая болей ды болей узрастала ў пазнанні ды ўсякім досьвідзі,
каб умелі разузнаваць важнейшае ды былі шчырымі й беззаганнымі на дзень Хрыстуса,
поўнаправеднымі праз Езуса Хрыстуса на чэсьць і хвалу Божую.
Жадаю, браты, каб вы ведалі, што ўсё здарыўшаеся са мною, выйшла больш на карысьць Эванэліі;
вестка бо, што я ў кайданох за Хрыстуса сталася ведамай усёй прэторыі ды й усім іншым,
так што многія з братоў у Хрыстусе, асьмеленыя маімі кайданамі, яшчэ з большаю адвагаю й бязбожнасьцю весьцяць слова Божае.
Некаторыя, штопраўда, праз зайдрасьць і спрачальнасьць, а іншыя дык з добрай воляй абвяшчаюць Хрыстуса;
адны — з любасьці, ведаючы, што я пастаўлены тут дзеля абароны Эванэліі;
а другія няшчыра, дзеля супору абвяшчаюць Хрыстуса, думаючы гэтым абцяжыць мае кайданы.
Дык штож з таго? Так, ці гэтак: дзеля вока, ці шчыра, то Хрыстус абвяшчаецца, і я з таго цешуся ды буду цешыцца;
бо ведаю, што гэта выйдзе мне на збаўленне пры вашай маліцьве й дапамозе Духа Езуса Хрыстуса,
згодна з чаканнем маім і надзеяй, што ні ў чым ня буду асаромлены, а як заўсёды, так і цяпер з усёй пэўнасьцю Хрыстус будзе ўзьвялічаны ў целе маім, ці-то жыцьцём, ці сьмерцю.
Мне бо жыць — гэта Хрыстус, а ўміраць — гэта здабытак.
Калі аднак жыцьцё ў целе дае плод у маім дзеле (апастольства), дык ня ведаю, што й выбраць.
Цягне тое і другое: хацеласяб разьвязацца і быць з Хрыстусам, бо гэта шмат лепшае;
але дзеля вас мне патрабней заставацца ў целе.
І ведаю пэўна, што застануся й прабываціму з усімі вамі для досьпеву вашага і радасьці ў веры,
каб празь мяне збольшылася хвала вашая ў Езусе Хрыстусе, як прыйду да вас паўторна.
Тоьлкі паводзьцеся ў спосаб годны Эванэліі Хрыстусавай, каб мне — ці прыду і ўбачу вас, ці ня прыду — мець чуткі аб вас што вы стаіце у вадным духу, змагаючыся аднадушна за эванэлічную веру,
ні ў чым не баючыся вашых праціўнікаў, гэта для іх знак занубы, а для вас — збаўлення, і-то ад Бога;
бо-ж вам дадзена ласка Хрыстуса ня толькі верыць у Яго, але і цярпець за Яго,
вядучы туюж барацьбу, якую бачыце ў ва мне й чуеце аба мне.