Да Рымлянаў 1 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад П. Татарыновіча → Рeraklad V. Hadleuski

 
 

Павал, слуга Езуса Хрыстуса, пакліканы Апостал, прызначаны для Божай Эванэліі,
 

якую загадзіць (Бог) абяцаў праз сваіх Прарокаў у сьвятых Пісаннях,
 

аб Сыне сваім, які целам стаўся яму з насення Давіда
 

й адкрыўся Сынам Божым паводля духа усьвячэння ды праз паўстанне зь мяртвых, Езусе Хрыстусе, Усеспадару нашым,
 

празь якога мы атрымалі ласку і апастольства, каб дзеля імя Ягонага здабываць да паслушнасьці для веры ўсе народы;
 

між якімі ёсьць і вы пакліканыя Езуса Хрыстуса;
 

— усім у Рыме ўмілаваным Божым, пакліканым да сьвятасьці, ласка і супакой ад Бога Айца нашага і Усеспадара Езуса Хрыстуса.
 

Перш за ўсё дзякую Богу майму праз Езуса Хрыстуса за ўсіх вас, што вера ваша слыве па ўсім сьвеце.
 

Бог мне сьветкай, Якому служу духам маім у Эванэліі Сына Яго, што няўпынна спамінаю вас,
 

просячы ў малітвах маіх заўсёды, каб усёж калінебудзь воля Божая пашчасьціла да вас дастацца.
 

Бо вельмі хацеўбы пабачыцца з вамі, каб удзяліць вам які дар духовы для ўмацавання вашага,
 

ці то парадавацца з вамі супольнаю вераю вашаю й маёю.
 

А ня хочу, браты, пакінуць вас у няведанні таго, што я часта зьбіраўся к вам прыбыць — але аж дагэтуль не дазвалялі перашкоды — каб і ў вас мець нейкі пажытак, як і ў другіх народаў.
 

Грэкам і барбарам, мудрым і нямудрым, даўжніком зьяўляюся;
 

восьжа (што да мяне), я гатоў і вам, каторыя ў Рыме, вясьціць Эванэлію.
 

Я бо Эванэліі ня стыдзіўся, таму што яна ёсьць моцай Божай да збаўлення кажнаму веручаму, Жыду перш, ды і Грэку;
 

бо ў ёй адкрываецца справядлівасьць Божая зь веры ў веру, як напісана: А справядлівы зь веры жыве (Габ. 2:4).
 

Аб’яўляецца бо гнеў Божы зь неба на ўсякую бязбожнасьць і несправядлівасьць тых людзей, што праўду беспраўднасьцю тамуюць.
 

Бо-ж тое, што можна даведацца аб Богу, ёсьць для іх яўным, Бог бо ім гэта унаяўніў:
 

нябачнае ў Ім, навет справечная моц і боства ягона, у стварэнні сьвету праз одум над творамі дабачваецца; так-што адмануцца ім нельга
 

ад таго, што пазнаўшы Бога, не аддалі Яму чэсьці й падзякі, як Богу, а блазіліся ў мудрошчах сваіх і амарочылася бяздумнае сэрца іх;
 

у называнні сябе мудрымі абясьцямелі
 

і хвалю нетлага Бога перападобнілі сьмяротнаму чалавеку, птушкам, чацьвёраногім ды гадам.
 

Таму-ж і аддаў іх Бог у похацях сэрцаў іхніх нячыстасьці, каб апаганьвалі між сабою целы свае,
 

бо праўду Божую замянілі яны на хвальш і аддавалі чэсьць ды служылі стварэнню, а не Стварыцелю, каторы багаслаўлёны ёсьць навекі. Амэн.
 

Дзеля таго Бог іх аддаў ганебнай жорсьці: жанчыны бо іхнія замянілі натуральнае ужыванне на антынатуральнае;
 

гэтаксама й мужчыны, заняхаіўшы натуральнае ужыванне жанчыны, разьярваліся пажадлівасьцю адзін да другога, мужчыны на мужчынах дапушчаліся сораму, нясучы на сабе належную заплату за сваё блюдадзейства.
 

А як яны ня рупіліся мець у пазнані Бога, здаў іх Бог на бязглуздыя замыслы — рабіць няпрыстойнасьць;
 

так-што яны поўныя ўсякай няпраўды, злосьці, блюдадзейства, прагавітасьці, подласьці, поўныя ненавісьці, людабойства, сваркі, ашуканства, закатнасьці, падшэпніцтва;
 

зьвяглівыя паклёпнікі, боганенавісьнікі, крыўдзіцелі, самахвалы, надутыя пышліўцы, вынаходнікі новых збродняў, непаслушныя бацьком,
 

неразважныя, вераломныя, нязгодалюбныя, бязь літасьці й бяз міласэрдзя.
 

Яны, ведаючы праведны Божы прысуд — што гэтак паступаючыя варты сьмерці — ня толькі самы гэта робяць, але й другім у гэтым спрыяюць.