Да Рымлянаў 12 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад П. Татарыновіча → Рeraklad V. Hadleuski

 
 

Дык прашу вас, браты, на міласьць Боскую, аддавайце вашае цела ў ахвяру жывую, сьвятую, мілую Богу, на разумную службу вашу.
 

А не ўпадабняйцеся гэтаму сьвету, але пераіначцеся аднаўленнем розуму, каб дазналіся якой ёсьць воля Божая: што водле яе ёсьць добрае, што мілае, што дасканальнае.
 

Кажу бо, данаю мне лаксаю, ўсім з вас: ня думайце болей як трэба, але думайце ўмеру, водле надзеленага кажнаму ад Бога дару веры.
 

Бо як у вадным целе шмат маем складовых частак, а яны ня тую самую выконваюць дзейнасьць,
 

гэтак усе мы зьяўляемся адным целам у Хрыстусе, а паасобку — адзін другога сустаўныя часьціны.
 

А паводле надзеленай нам ласкі маем розныя дары: ці-то прароцтва ў дзялянцы веры,
 

ці-то службовасьці ў выконванні ўраду, ці-то навуковасьці ў навучанні, ці-то напаміну ў настаўлянні;
 

і гэтак вось: калі абдарваеш (субожынай), дык — у прастаце; калі старшынюеш, дык — рупліва; калі міласэрдзішся, дык — пагодна.
 

Любасьць ваша хай будзе бяз прытворства; брыдзьцеся благога, а гарнецеся якмага да дабра;
 

ўзаемна любецеся па-брацку, ў ветлівасьці адзін другога апераджайце;
 

у руплівасьці не слабейце, духам палайце; Усеспадару служэце;
 

пацяшайцеся надзеяй, будзьце ў горы цярплівымі, ў маліцьве вытрывалымі;
 

ў патрэбе сьвятых успаможнікамі, ў гасьціннасьці сусьціжнікамі.
 

Дабраслаўляйце прасьледуючых вас, багаслаўляйце, а не клянеце.
 

Радуйцеся з радуючыміся, плачце з плачучымі.
 

Будзьце міжсобку аднадумнымі, ня мудруючыся завысока, а хінецеся да пакорных; ня мройце надта аб самамудрасьці.
 

Нікому злом за зло не адплачвайце, але дбайце аб дабры ня толькі перад Богам, але і перад усімі людзьмі.
 

Калі магчыма ды калі гэта залежыць ад вас, будзьце з усімі людзьмі ў згодзе.
 

Ня мсьцеце, мілыя, самы за сябе, а пакіньце гэта гневу Божаму, напісана бо: Мне належыць помста і я адплачу — кажа Госпад. (Паўт. Пр. 32:35).
 

Але, каліб вораг твой быў галодны, накармі яго; каліб меў смагу, напаі яго: гэта бо робячы, ты вугальлё гарачае зьбярэш яму на голаў. (Прып. 25:21−22).
 

Не дайся злу перамагчы сябе, але зло дабром паконывай.