2 Пятра 2 разьдзел
Другое пасланьне Пятра
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Анатоля Клышкi
Былі хвальш-прарокі ў народзе, як і ў вас будуць вучыцялі-лгуны, якія ўвядуць гэрэтыцкія сэкты і, адцураўшыся Збавіцеля іх адкупіўшага, натрочаць на сябе хуткую загубу.
Але паяўляліся і лжэпрарокі ў народзе, як і між вас будуць ілжэнастаўнікі, якія ўвядуць згубныя ерасі, і, адракаючыся ад Уладара, што выкупіў іх, навядуць на сябе саміх хуткую пагібель.
І многія пойдуць сьлядамі іхняй распушчанасьці, празь іх і шлях праўды будзе абэшчаны.
І многія пойдуць услед іх распушчанасці і з-за іх дарога праўды будзе зняважана.
Ў сваёй заграбучасьці яны лавіцьмуць вас лісьлівымі славамі, але прысуд ім даўно гатовы і загуба іх не абміне.
І ў сквапнасці з прытворнымі словамі яны будуць прадаваць вас; прысуд ім даўно ў моцы і пагібель іх не дрэмле.
Бо калі зграшыўшых анелаў Бог не пашчадзіў, а зьвязаўшы путамі пякельнае цемры каральнае, аддаў захаваць іх на суд;
Бо калі Бог не пашкадаваў анёлаў, што саграшылі, а ў путах цемры скінуўшы ў тартар, аддаў трымаць для суда,
калі не пашкадаваў першабытнага сьвету, а ўхаваў толькі самавосьмага Ноя, спавесьніка праўды, наводзячы патоп на бязбоязны Бога сьвет;
і не пашкадаваў старажытнага свету, але захаваў восем душ і між іх Ноя, прапаведніка праведнасці, калі навёў патоп на свет бязбожнікаў,
ды калі гарады Садомцаў і Гоморцаў, асудзіўшы на разбурэнне, абярнуў у попел на показ будучым бязбожнікам;
і гарады Садом і Гамору, спапяліўшы, асудзіў [на зруйнаванне], даючы прыклад кары тым, хто намерыўся жыць бязбожна,
а справядліўца Лёта, прыгнечанага сужыцьцём з людзьмі разбуянае распусты, выбавіў,
а праведнага Лота, прытомленага распуснымі паводзінамі беззаконнікаў, выбавіў,
(гэты бо праведнік, жывучы між імі й штодня відзячы ды чуючы нягодныя паступкі, мучыўся ў сваёй справядлівай душы),
бо гэты праведнік, жывучы між іх, мучыўся дзень пры дні сваёю праведнай душою, бачачы і чуючы беззаконныя ўчынкі;
дык знача ведае Бог, як выбаўляць пабожных ад спакушання, а нягоднікаў захоўваць да суднага дня на кару;
то ведае Госпад, як збаўляць набожных ад спакусы, а няправедных захоўваць на дзень суда для пакарання,
асабліва тых, якія ў нячыстай пажадлівасьці служаць целу, а верхаўладай пагарджаюць, самахвальскіх нахабнікаў, што адважваюцца ганьбячыя анелаў сэкты ўводзіць;
найболей жа тых, якія ідуць за нячыстымі пажадлівасцямі цела і пагарджаюць уладаю. Нахабнікі, самалюбцы, яны не дрыжаць, блюзнерачы супроць нябеснай славы.
тады як анелы, хоць большыя магуцтвам і сілай, не ппадымаюць на іх прад Богам дакараючага суду.
тады як Анёлы, большыя за іх магутнасцю і сілаю, не выносяць на іх перад Госпадам зневажальнага суду.
Яны, як неразумныя жывёла, празначаная з натуры свае на ўлоў ды на ўбой, бэсьцяць тое, чаго не разумеюць і ў бэстыяльсьцьве сваім выгінуць,
А гэтыя, нібы неразумныя жывёліны, што ад прыроды народжаныя на ўлоў і забой, блюзнераць на тое, чаго не ведаюць, у сваім знішчэнні іншых і будуць знішчаны,
дастануць адплату за буянства. Бясстыднікі й паскуднікі — штодзенную насалоду адураючаю роскашшу яны ўважаюць за шчасьце, банкетуючы з вамі;
прымуць кару як заплату за няправеднасць; яны асалодаю лічаць распусту сярод дня; самі — плямы і заганы, яны раскашуюцца ў сваіх падманах, банкетуючы разам з вамі;
вочы іхнія заўсёды поўныя грэшнай похаці й прывабы для падатных душ, а сэрцы гатовыя да нажывы — гэта сыны пракляцьця.
вочы ў іх поўныя чужаложства і несупыннага граху; яны звабліваюць няцвёрдыя душы; сэрца ў іх прывучана да хцівасці, яны дзеці праклёну.
Зыйшоўшы з простага шляху, яны зблудзілі, падаўшыся ў сьляды Балаама, сына Босора, які пагнаўся на неправедны подкуп,
Пакідаючы простую дарогу, яны зблудзілі, пайшоўшы дарогаю Валаама, сына Васоравага, які палюбіў плату за няправеднасць,
але быў зганены за свой праступак: бязмовая асьліца ў ярме, прагаварыўшы, людзкім голасам, утамавала дур прарока (Ліч. 22:23−24).
але быў выкрыты ў сваім беззаконні, безгалосая пад’ярэмная жывёліна, прамовіўшы чалавечым голасам, спыніла вар’яцтва прарока.
Гэта крыніцы бязводныя, аблокі бурай ганяныя: іх чакае чорная хмара вечнай цемрадзі.
Гэтыя людзі — бязводныя крыніцы і туманы, гнаныя бураю, для якіх захавана цемень [вечнай] цемры.
Прамаўляючы бо надутымі й пустымі славамі, яны вабяць у распусную похатнасьць цела тых, што недаўна толькі адхінуліся ад занураных у блудзе;
Бо, вымаўляючы высакапарныя пустыя словы, яны звабліваюць пажадлівасцямі цела праз распусту тых, хто ледзь уцёк, ад тых, што жывуць у аблудзе,
суляць ім свабоду, самы будучы рабамі гнілля; хто бо кім пераможаны, той таму й раб.
абяцаючы ім свабоду, яны самі рабы разбэшчанасці: бо хто кім пераможаны, той таго і раб.
Бо-ж калі, ўцёкшы ад брыды сьвету праз пазнане Ўсеспадара й Збавіцеля нашага Езуса Хрыстуса, зноў уцялёпкваюцца ў яе, дык апошнія рэчы іх горшыя за першыя.
Бо калі, пазбегнуўшы ад апаганьванняў свету праз пазнанне [нашага] Госпада і Збаўцы Ісуса Хрыста, але зноў заблытаўшыся ў іх, яны пераможаны, то для іх апошняе зрабілася горшым за першае.
Лепш былоб ім не пазнаваць шляху праведнасьці, чым, пазнаўшыць адвярнуцца назад ад пераданага ім сьвятога прыказання.
Бо лепш было б ім не пазнаць дарогі праведнасці, чым, пазнаўшы, вярнуцца назад ад перададзенай ім святой запаведзі.
Але на іх спраўджаецца надта дарэчная прыказка: сабака вяртаецца да сваіх рыготаў, а вымытая сьвіньня — да свайго балота.
З імі здарылася паводле справядлівай прыказкі: «Сабака вярнуўся да сваіх ванітаў, а вымытая свіння ідзе качацца ў гразі».