2 Пятра 2 разьдзел

Другое пасланьне Пятра
Пераклад П. Татарыновіча → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Былі хвальш-прарокі ў народзе, як і ў вас будуць вучыцялі-лгуны, якія ўвядуць гэрэтыцкія сэкты і, адцураўшыся Збавіцеля іх адкупіўшага, натрочаць на сябе хуткую загубу.
 

І многія пойдуць сьлядамі іхняй распушчанасьці, празь іх і шлях праўды будзе абэшчаны.
 

Ў сваёй заграбучасьці яны лавіцьмуць вас лісьлівымі славамі, але прысуд ім даўно гатовы і загуба іх не абміне.
 

Бо калі зграшыўшых анелаў Бог не пашчадзіў, а зьвязаўшы путамі пякельнае цемры каральнае, аддаў захаваць іх на суд;
 

калі не пашкадаваў першабытнага сьвету, а ўхаваў толькі самавосьмага Ноя, спавесьніка праўды, наводзячы патоп на бязбоязны Бога сьвет;
 

ды калі гарады Садомцаў і Гоморцаў, асудзіўшы на разбурэнне, абярнуў у попел на показ будучым бязбожнікам;
 

а справядліўца Лёта, прыгнечанага сужыцьцём з людзьмі разбуянае распусты, выбавіў,
 

(гэты бо праведнік, жывучы між імі й штодня відзячы ды чуючы нягодныя паступкі, мучыўся ў сваёй справядлівай душы),
 

дык знача ведае Бог, як выбаўляць пабожных ад спакушання, а нягоднікаў захоўваць да суднага дня на кару;
 

асабліва тых, якія ў нячыстай пажадлівасьці служаць целу, а верхаўладай пагарджаюць, самахвальскіх нахабнікаў, што адважваюцца ганьбячыя анелаў сэкты ўводзіць;
 

тады як анелы, хоць большыя магуцтвам і сілай, не ппадымаюць на іх прад Богам дакараючага суду.
 

Яны, як неразумныя жывёла, празначаная з натуры свае на ўлоў ды на ўбой, бэсьцяць тое, чаго не разумеюць і ў бэстыяльсьцьве сваім выгінуць,
 

дастануць адплату за буянства. Бясстыднікі й паскуднікі — штодзенную насалоду адураючаю роскашшу яны ўважаюць за шчасьце, банкетуючы з вамі;
 

вочы іхнія заўсёды поўныя грэшнай похаці й прывабы для падатных душ, а сэрцы гатовыя да нажывы — гэта сыны пракляцьця.
 

Зыйшоўшы з простага шляху, яны зблудзілі, падаўшыся ў сьляды Балаама, сына Босора, які пагнаўся на неправедны подкуп,
 

але быў зганены за свой праступак: бязмовая асьліца ў ярме, прагаварыўшы, людзкім голасам, утамавала дур прарока (Ліч. 22:23−24).
 

Гэта крыніцы бязводныя, аблокі бурай ганяныя: іх чакае чорная хмара вечнай цемрадзі.
 

Прамаўляючы бо надутымі й пустымі славамі, яны вабяць у распусную похатнасьць цела тых, што недаўна толькі адхінуліся ад занураных у блудзе;
 

суляць ім свабоду, самы будучы рабамі гнілля; хто бо кім пераможаны, той таму й раб.
 

Бо-ж калі, ўцёкшы ад брыды сьвету праз пазнане Ўсеспадара й Збавіцеля нашага Езуса Хрыстуса, зноў уцялёпкваюцца ў яе, дык апошнія рэчы іх горшыя за першыя.
 

Лепш былоб ім не пазнаваць шляху праведнасьці, чым, пазнаўшыць адвярнуцца назад ад пераданага ім сьвятога прыказання.
 

Але на іх спраўджаецца надта дарэчная прыказка: сабака вяртаецца да сваіх рыготаў, а вымытая сьвіньня — да свайго балота.