Да Эфэсянаў 1 разьдзел
Пасланьне да Эфэсянаў
Пераклад П. Татарыновіча → Біблія Скарыны (Бразгуноў)
Павал з волі Божае Апостал Езуса Хрыстуса — сьвятым усім у Эфэзе й верным у Езусе Хрыстусе.
Ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага і Усеспадара Езуса Хрыстуса.
Дабраслаўлёны Бог і Айцец Усеўладара нашага Езуса Хрыстуса, які ўбагаславіў нас усякім духоўным багаслаўленствам нябесным у Хрыстусе;
выбраў бо ў Ім нас перад стварэннем сусьвету, каб сьвятымі быць нам і беззаганнымі перад Ім у любасьці;
прадназначыўшы нас на усынаўленне Сабе праз Езуса Хрыстуса з ласкавасьці волі свае,
на славу свае, ласкі якою абдарыў нас у любым сваім Сыне.
У Ім маем адкупленне ягонай крывёю, адпушчэнне грахоў, па шчодрасьці ласкі ягонай,
якою абдзяліў нас у поўні мудрасьці й развагі;
адкрыўшы нам тайніцу волі свае, водле свайго дабраўпадобнага задуму ў Ім:
каб, як настане поўня часаў, абнавіць усё ў Хрыстусе, тое, што ў небе, і тое, што на зямлі.
У Ім і мы сталіся лёсам выбранымі, дзеля вялічання хвалы ягонай, прызначаныя да гэтага пастановаю Таго, каторы дзее ўсё водле рады сваей волі:
мы, якія раней ужо спадзяваліся на Хрыстуса.
У Ім і вы, пачуўшы слова праўды — эванэлію вашага збаўлення — ды ўверыўшы ў Яго, былі назначаны пячацьцю абяцання, Святога Духа,
што ёсьць задаткам нашай спадчыны на вокуп набытку ды на вялікомленне славы ягонай.
Дзеля гэтага і я, пачуўшы аб вашай веры ў Езусе Усеўладару ды аб любасьці да ўсіх сьвятых,
не перастаю дзякаваць за вас Богу, спамінаючы ў маіх малітвах,
каб Бог Усеўладара нашага Езуса Хрыстуса, Айцец хвалы, даў вам духа мудрасьці ды адкрыцьця на пазнанне Яго,
і прасьвятліў зрок вашага сэрца, каб вы ведалі да якой надзеі вас паклікае й якое багацьце слаўнае спадчыны ягонай для сьвятых,
ды як бязьмерная веліч ягонага магуцтва ў нас, веручых праз дзеянне тае магутнае сілы ягонае,
якую зьдзейсьніў Ён у Хрыстусе, ускрасіўшы Яго з умерлых і пасадзіўшы праваруч Сябе ў небе
вышэй за ўсякае князёўства і ўладу, і сілу, і гаспадараванне, ды ўсякае назовы, якаяб яна ні была, ня толькі ў гэтым вяку, але і ў будучым;
і ўсё падуладніў (спакарыў) пад стопы ягоныя, а яго самога вывышыў надусё, як Галаву Эклезіі,
што зьяўляецца ягоным целам і поўняю Таго, які ўсё ў-ва ўсіх дапаўняе.