Да Галятаў 1 разьдзел

Пасланьне да Галятаў
Пераклад П. Татарыновіча → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Павал Апостал, не ад людзей і не праз чалавека выбраны, але праз Езуса Хрыстуса і Бога Айца, збудзіўшага з умерлых Яго,
 

ды ўсе браты, што са мною — эклезіям Галятыі.
 

Ласка вам і супакой ад Бога Айца і Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса,
 

Які аддаў Сябе Самога за грахі нашы, каб нас ад паганага веку гэтага выбавіць, водле волі Бога й Айца нашага,
 

Якому хвала на вякі вечныя. Амэн.
 

Дзіўлюся, што вы так хутка перайходзіце ад таго, хто вас паклікаў к ласцы Хрыстуса, да іншай эванэліі;
 

ня-то, каб яна была сапраўды іншай, толькі ёсьць такія, што вас бянтэжаць і хочуць з’інакшыць Эванэлію Хрыстуса.
 

Але хоцьбы й мы, ці навет Анел зь неба стаў вясьціць вам па-над тое, што мы вам дабравесьцілі — хай будзе анатэма!
 

Як раней мы казалі, так гавару й цяпер: каліб хто вясьціў вам эванэлію іншую за тую, што вы атрымалі — хай будзе анатэма!
 

Ціж бо ў людзей цяпер дабраспадобы шукаю, а ня ў Бога? Ці людзям дагадзіць намагаюся? Каліб яшчэ людзям хацеў прыпадабацца, дык ня быўбы слугою Хрыстуса.
 

Спавяшчаю восьжа вам, браты, што Эванэлія, каторую вясьціў я вам, ня ёсьць чалавечая;
 

бо і я прыняў яе і навучыўся не ад чалавека, але праз аб’яўленне Езуса Хрыстуса.
 

Вы-ж чулі аб маіх калішніх паводзінах у Юдаізме, як я церазьмерна прасьледаваў Божу Эклезію й пустошыў яе;
 

як перасьцігаў у тымжа Юдаізьме многіх равесьнікаў з майго роду, будучы надруплівым зайздросьнікам бацькаўскіх традыцыяў.
 

А калі падабалася Таму, Які выбраў мяне з лона маткі мае й паклікаў Сваей ласкай,
 

аб’явіць у ва мне Сына Свайго, каб я дабравесьціў Яго сярод паганаў, — я не стаў тады радзіцца з целам і крывёю
 

ды не пайшоў у Ерузалім к папярэднікам маім Апосталам, а падаўся ў Арабію дый зноў у Дамаск вярнуўся.
 

Тры гады пазьней, то хадзіў і ў Ерузалім відзець Пятра і прабыў у яго пятнаццаць дзён.
 

Іншага з Апосталаў нікога ня бачыў, апрача Якуба, Усеспадаравага брата.
 

Бог сьветкай, што ня ілгу, пішучы вам гэта.
 

Потым прыйшоў у староны Сырыі й Цыліцыі.
 

Эклезіям Хрыстуса ў Юдэі з твару я ня быў знаёмы,
 

а толькі чуткі мелі, што той, які нас калісь прасьледаваў, цяпер апавяшчае веру, з катораю раней змагаўся;
 

і дзеля мяне выслаўлялі Бога.