1 да Карынфянаў 6 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Сабілы і Малахава
Ці сьмее хто з вас, маючы справу з другім, судзіцца перад нявернымі, саміж перад сьвятымі?
Як адважваецца хто з вас, маючы справу супраць другога, судзіцца (зь ім) перад няправеднымі, а ня перад сьвятымі?
Няўжэ ня ведаеце, што сьвятыя будуць сьвет судзіць? А калі вы маеце судзіць куды меншыя справы?
Ці ня ведаеце, што сьвятыя будуць судзіць гэты сьвет? Дык калі вамі будзе судзімы гэты сьвет, (то няўжо) вы нявартыя судзіць найменшыя справы?
Хіба ня ведаеце, што будзем судзіць Анёлаў? Наколькіж болей — справы сьвецкія?
Ці ня ведаеце, што (мы) будзем судзіць Ангелаў, дык тым больш справы жыцьцёвыя?
А вы, судзячыся аб жыцьцёвых справах, ставіце сваімі судзьдзямі ня маючых павагі ў эклезіі.
А вы калі маеце жыцьцёвыя цяжбы, (то) стаўляеце (сваімі судзьдзямі) тых, хто нічога ня значыць у царкве.
На сорам вам кажу гэта! Няўжэ няма між вамі каго разумнага, што могбы рассуджваць між братамі сваімі?
Кажу вам на сорам: няўжо сярод вас няма ніводнага мудрага, каторы мог бы рассудзіць паміж сваімі братамі?
А-то брат з братам судзіцца ды шчэ й перад няверцамі.
Але брат з братам судзіцца, і да таго ж (яшчэ і) перад нявернымі.
Ужо й тое паніжаюча для вас, што вы наагул судзіцеся між сабою. Чамуб вам не аставацца лепш ужэ пакрыўджанымі? Чамуб лепей не цярпець шкоды?
Ужо тое для вас (зьяўляецца) паражэньнем, што вы маеце цяжбы паміж сабою. Чаму б вам лепш ня заставацца пакрыўджанымі? Чаму б вам лепей ня пацярпець шкоду?
Вы-ж, наадварот, самі крыўдзіце й абдзіраеце, і-то братоў.
Але вы крыўдзіце і абдзіраеце, і прытым, братоў.
Ці ня ведаеце, што несправядлівыя валадарства Божага не ўнасьледзяць? Не манеце сабе: ані распусьнікі, ані балванаверцы, ані чужаложнікік, ані разнузданыя, ані садомцы,
Ці (вы) ня ведаеце, што няправедныя Валадарства Бога ня ўспадкуюць? Ня памыляйцеся: ні блудадзеі, ні балванаслужкі, ні чужаложцы, ні малакіі, ні мужаложцы,
ані зладзеі, ані прагавітыя, ані п’яніцы, ні зламоўцы, ані грабежнікі — валадарства Божага не ўнасьледзяць.
ні зладзеі, ні падкупныя (будуць падкупляць вас. 2Пёт. 2:3), ні п’яніцы, ні зламоўныя, ні рабаўнікі Валадарства Бога ня ўспадкуюць.
І гэткімі былі некаторыя з вас; але ўжо абмытыя, але асьвенчаныя, але усправядліўленыя ў імя Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса і ў Духу Бога нашага.
І гэткімі былí нікаторыя (з вас), але абмыты, але асьвячоны, але апраўда́ны Імем Госпада Ісуса і Духам Бога нашага.
«Усё мне можна,» — але ня ўсё карыснае; «усё мне можна», — але нічога не павінна мною валадаць.
Усё мне магчыма, але ня ўсё (мне) карысна; усё мне магчыма, але я ня буду падуладным чаму-небудзь (някарыснаму).
Яда для жывата, а жывот для яды; але Бог зьністожыць і адно і другое. Цела-ж не для распусты, але для Усеспадара, а Усеспадар для цела.
Ежа для страўніка, і страўнік для ежы; але Бог абе́рне і тое і другое ў нішто. І цела (нашае) ня для блудадзейства, але для Госпада, і Госпад для цела (нашага).
Бог-жа і Усеспадара быў з гробу падняў, ды й нас падыме моцай сваёю.
Бог жа і Госпада ўваскрасіў, і нас уваскрэсіць сілаю Сваёю.
Ціж ня ведаеце, што целы вашыя — гэта чэлесы Хрыстуса? Узяўшы тады чэлесы Хрыстуса, зраблю іх чэлесамі блудніцы? Ніколі!
Ці ня ведаеце, што целы вашыя зьяўляюцца Чэлясамі Хрыста? Ці ж узяўшы Чэлясы ў Хрыста зраблю (іх) чэлясамі блудадзейкі? няхай ня ста́нецца (такога)!
Хіба ня ведаеце, што хто суспаляецца з блудніцай, ёсьць адным целам зь ёю? Сказана бо: Двоя будуць у вадным целе (Быць. 2:24).
Ці ня ведаеце, што той, хто злучаецца з блудадзейкаю, ёсьць адно цела зь ёю? Бо ска́зана: «двое будуць адным целам».
А хто суспаляецца з Усяспадарам, ёсьць із Ім адным духам.
А той, хто далучаецца да Госпада, ёсьць адзін дух (зь Ім).
Уцякайце ад распусты! Усякі грэх, якога дапускаецца чалавек, ёсьць по-за целам; але хто дапускаецца распусты, грэшыць проціў свайго цела.
Пазьбягайце блудадзейства; усякі грэх, які б ні ўчыніў чалавек, знаходзіцца па-за целам, а той, хто блудадзейнічае (з блудадзейкаю), той грэшыць супраць уласнага цела.
Ціж ня ведаеце, што цела ваша ёсьць сьвятыняй Духа Сьвятога, Якога маеце ад Бога, і вы — не свае (Кар. 6:16).
Ці ня ведаеце, што целы вашыя зьяўляюцца Сьвятыняю Духа Сьвятога, Які (жыве) ў вас, Якога вы маеце ад Бога, і вы (ужо) ня свае?
Бо вы куплены за высокую цану. Хвалеце, восьжа, і насеце Бога ў целе вашым!
Бо вы куплены (дарагой) цаною, таму слаўце Бога ў целах вашых і ў духу вашым, якія ёсьць Божыя.