1 Яна 5 разьдзел

Першае пасланьне Яна
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

Кажны, хто верыць, што Езус ёсьць Хрыстусам, з Бога радзіўся; і кажны, хто любіць Радзіўшага, любіць і зь Яго народжанага.
 

З таго пазнаём, што любім дзяцей Божых, калі Бога любім ды выконваем Ягоныя прыказанні;
 

бо-ж любасьць да Бога — гэта й ёсьць спаўнянне прыказанняў Яго; а Ягоныя прыказанні не цяжкія.
 

Усё бо з Бога народжанае перамагае сьвет; а перамогай, паканаўшай сьвет, ёсьць вера наша.
 

Бо хтож паконывае сьвет, як ня той, каторы верыць, што Езус Хрыстус ёсьць Сынам Божым?
 

Той самы Езус Хрыстус, што прыйшоў праз воду, праз кроў і праз Духа ; не ў вадзе толькі, але ў вадзе й крыві; а Дух сьветчыць аб Ім, бо Дух ёсьць праўдай.
 

Трох бо сьветчаць на небе; Айцец, Слова й Дух Святы; і гэныя трох ёсьць адно.
 

І тры сьветчаць на зямлі; дух, вада і кроў; і гэтыя тры ёсьць адно.
 

Калі мы прыймаем сьветчанне людзкое, дык сьветчанне Божае — большае, бо гэта ёсьць сьветчанне Божае, якім Бог сьветчыць аб сваім Сыне.
 

Хто ў Божага Сына верыць, мае Божае пасьветчанне ў сабе; хто ня верыць Сыну, прадстаўляе Яго лгарскім, бо ня уверыў у сьветчанне, якім Бог пасьветчыў аб Сыне сваім.
 

Гэнае сьветчанне ў тым, што Бог даў нам жыцьцё вечнае, а тое жыцьцё ў Ягоным Сыне.
 

Хто мае Сына, мае жыцьцё, а хто ня мае Сына Божага, ня мае жыцьця.
 

Гэта напісаў я вам, каб ведалі, што маеце жыцьцё вечнае вы, веручыя ў імя Сына Божага.
 

Надзея-ж, якую да Яго маем, ёсьць у тым, што калі згодна зь Ягонай воляй чаго папросім, выслухае нас;
 

а як ведаем, што нас выслухоўвае, калі чаго, дык ведаем, што атрымоўваем прошанае ад Яго.
 

Хто бачыць брата свайго, які грэшыць не на сьмерць, то хай просіць, і Ён дасьць жыцьцё грэшачаму не на сьмерць. Ёсьць грэх наводзячы сьмерць, дык не за такога кажу маліцца.
 

Кажная нягоднасьць грахом ёсьць, але — грахом не на сьмерць.
 

Мы ведаем, што кажны народжаны з Бога ня грэшыць, але — дзеля нараджэння з Бога — сьцеражэ сябе і злыдзень ня сьмее крануць яго.
 

Мы ведаем, што мы з Бога, а цэлы сьвет агорнуты злом.
 

Ведаем такжа, што прыйшоў Сын Божы і даў нам розум, каб пазналі Бога праўдзівага ды былі ў праўдзівым Сыне Ягоным. Ён ёсьць праўдзівым Богам і жыцьцём вечным.
 

Сыночкі, высьцерагайцеся хвальшывых багоў. Амэн.