2 царстваў 4 разьдзел

Другая кніга царстваў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І пачуў сын Саўла, што памёр Абнэр у Хеўроне, і самлелі рукі ягоныя, і ўвесь Ізраіль стрывожыўся.
 

Сын Саўла меў двух начальнікаў войска, адзін меў імя Баана, а імя другога — Рэхаў, сыны Рымона з Бээроту, з сыноў Бэн’яміна, бо Бээрот залічалі да Бэн’яміна.
 

А жыхары Бээроту ўцяклі ў Гіттаім і [жывуць] там прыхаднямі аж па сёньняшні дзень.
 

А Ёнатан, сын Саўла, меў кульгавага сына. Бо калі ён меў пяць гадоў, надыйшла вестка з Езрээлю пра Саўла і Ёнатана, і нянька ягоная схапіла яго, і ўцякла. І калі яна пасьпешліва ўцякала, ён упаў і скалечыўся. А імя ягонае — Мэфібашэт.
 

І пайшлі сыны Рымона з Бээроту, Рэхаў і Баана, і ўвайшлі ў сьпякоту дня ў дом Ішбашэта, і ён спаў у [сьпякоту] дня.
 

І ўвайшлі Рэхаў і Баана, брат ягоны, у сярэдзіну дома, [нібы] ўзяць пшаніцы; і ўдарылі [Ішбашэта] пад рэбры, і ўцяклі.
 

І яны ўвайшлі ў дом, а ён спаў на ложку сваім у спальні сваёй. І яны ўдарылі яго, і забілі, і адсеклі галаву ягоную, і ішлі ўсю ноч дарогай Арабы.
 

І прынесьлі яны галаву Ішбашэта Давіду ў Хеўрон, і сказалі валадару: «Вось галава Ішбашэта, сына Саўла, ворага твайго, які цікаваў на душу тваю. І даў ГОСПАД гаспадару нашаму, валадару, адпомсьціць сёньня Саўлу і насеньню ягонаму».
 

І адказаў Давід Рэхаву і Баану, брату ягонаму, сынам Рымона з Бээроту, і сказаў ім: «Як жывы ГОСПАД, Які вызваліў душу маю з усякага ўціску.
 

Калі таго, хто паведаміў мне, кажучы: “Вось, Саўл памёр”, і быў ён дабравесьнікам у вачах сваіх, я схапіў і забіў у Цыклягу, і ня даў яму нагароду,
 

тым больш цяпер, калі ліхія людзі забілі праведнага чалавека ў доме ягоным на ложку ягоным. Няўжо я ня буду шукаць кроў ягоную на руках вашых і ня зьнішчу вас з зямлі?»
 

І загадаў Давід юнакам, і яны забілі іх, і адсеклі рукі іхнія і ногі іхнія, і павесілі іх каля сажалкі ў Хеўроне. А галаву Ішбашэта занесьлі і пахавалі ў магіле Абнэра ў Хеўроне.