1 летапісаў 14 разьдзел

Першая кніга летапісаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

І паслаў Хірам, валадар Тыру, да Давіда паслоў, і дрэвы кедровыя, і муляроў, і цесьляроў, каб будаваць яму дом.
 

І даведаўся Давід, што ГОСПАД умацаваў яго як валадара над Ізраілем, бо высока ўзьвялічылася валадарства ягонае дзеля народу Ягонага Ізраіля.
 

І ўзяў Давід яшчэ жонак у Ерусаліме, і нарадзіў Давід яшчэ сыноў і дочак.
 

І вось імёны тых, якія нарадзіліся ў яго ў Ерусаліме: Шамуа, Шаваў, Натан і Салямон,
 

Іўхар, Элішуа, Эльпалет,
 

Нагах, Нэфэг, Яфія,
 

Элішама, Бээліяда і Эліфэлет.
 

І пачулі Філістынцы, што Давід памазаны як валадар над усім Ізраілем, і выйшлі ўсе Філістынцы шукаць Давіда. І пачуў Давід, і выйшаў перад аблічча іхняе.
 

І Філістынцы прыйшлі, і азлажылі [табар] у даліне Рэфаім.
 

І спытаўся Давід у Бога, кажучы: «Ці вырушыць мне супраць Філістынцаў, і ці Ты аддасі іх у рукі мае?» І сказаў яму ГОСПАД: «Руш, і Я аддам іх у рукі твае».
 

І пайшлі яны ў Баал-Пэрацым, і пабіў іх там Давід, і сказаў Давід: «Пабіў Бог ворагаў маіх рукою маёю, як прарыў вады». Дзеля гэтага далі імя месцу гэтаму Баал-Пэрацым.
 

І пакінулі там Філістынцы багоў сваіх, і загадаў Давід, і спалілі [іх] у агні.
 

І сабраліся зноў Філістынцы, і разлажылі [табар] у даліне.
 

І зноў спытаў Давід у Бога, і сказаў яму Бог: «Не выходзь на іх, ухіліся ад іх і ідзі на іх з боку тутавых дрэваў.
 

Калі пачуеш гук крокаў на вершалінах дрэваў, тады выйдзі на бітву, бо выйшаў Бог перад абліччам тваім, каб пабіць табар Філістынскі».
 

І зрабіў Давід, як загадаў яму Бог; і пабілі табар Філістынскі ад Гібэону аж да Гэзэры.
 

І было праслаўлена імя Давіда па ўсіх землях, і ГОСПАД спаслаў страх Свой на ўсе народы.