Міхея 7 разьдзел

Кніга прарока Міхея
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Л. Гарошка

 
 

Гора мне! Я стаўся як недазьбіраная [садавіна] летняя, як рэшта ад збору вінаграду, няма гронкі на ежу, [няма] сьпелай фігі, якой жадае душа мая.
 

Загінуў багабойны на зямлі, і няма правага сярод людзей; усе цікуюць на кроў; кожны палюе на брата свайго, [ставячы] пастку.
 

Да зла [скіраваныя] абедзьвума рукамі, каб рабіць яго спраўна, князь вымагае [хабару], і судзьдзя [вымагае] платы, і вялікі выказвае згубнае [жаданьне] душы сваёй, і выкрыўляюць усё.
 

Найлепшы з іх — як церне, правы — як жываплот. Дзень вартаўнікоў Тваіх і наведваньня Твайго надыйшоў; цяпер будзе зьбянтэжанасьць у іх.
 

Ня верце бліжняму, не спадзявайцеся на сябра; ад той, якая ляжыць на ўлоньні тваім, захоўвай дзьверы вуснаў тваіх.
 

Бо сын зьневажае бацьку, дачка паўстае супраць маці сваёй, нявестка — супраць сьвякрыві сваёй, і ворагі чалавеку хатнія ягоныя.
 

А я буду глядзець на ГОСПАДА, буду спадзявацца на Бога збаўленьня майго. Бог мой пачуе мяне.
 

Ня радуйся з мяне, вораг мой! Хоць я ўпаў, я ўстану; хоць я жыву ў цемры, ГОСПАД — сьвятло для мяне.
 

Гнеў ГОСПАДА я буду насіць, бо я зграшыў супраць Яго, аж пакуль Ён не разгледзіць справу маю і не правядзе суд мой. Ён вывядзе мяне на сьвятло, я ўбачу праведнасьць Ягоную.
 

І ўбачыць [гэта] вораг мой, і пакрые сорам таго, які сказаў мне: «Дзе ГОСПАД, Бог твой?» Вочы мае будуць глядзець на яго, цяпер патопчуць яго, як балота на вуліцах.
 

У дзень, калі агароджа твая будзе пабудаваная, у той дзень далёка пашырыцца пастанова [Божая].
 

У той дзень прыйдуць да цябе і з Асірыі, і аж да гарадоў умацаваных, і ад гарадоў умацаваных аж да ракі, і ад мора да мора, і ад гары да гары.
 

Але будзе зямля на спусташэньне за жыхароў ейных, за плады ўчынкаў іхніх.
 

Пасьві народ Твой дубцом Тваім, авечак спадчыны Тваёй, якія жывуць асобна ў лесе, сярод Кармэлю. Няхай яны пасьвяцца ў Башане і Гілеадзе, як у дні старадаўнія.
 

Як у дні выхаду ягонага з зямлі Эгіпецкай, Я пакажу яму цуды.
 

Убачаць народы і будуць асаромленыя з усёю моцаю сваёю; паложаць руку на вусны, вушы іхнія стануцца глухія.
 

Яны будуць лізаць пыл, як зьмеі, як паўзуны зямныя. Яны будуць напалоханыя ў норах сваіх; перад ГОСПАДАМ, Богам нашым, будуць дрыжаць, і будуць баяцца Цябе.
 

Які Бог падобны да Цябе, Які даруеш беззаконьне і абмінаеш віну рэшты спадчыны Тваёй, Які трымаеш заўсёды гнеў Твой, бо маеш упадабаньне ў міласэрнасьці?
 

Ён павернецца, зьявіць нам міласьць, загладзіць беззаконьні нашыя. Ты кінеш у глыбіні мора ўсе грахі нашыя.
 

Ты зьявіш праўду Якубу, міласэрнасьць Абрагаму, як прысягнуў бацькам нашым у дні даўнейшыя.