Міхея 7 разьдзел
Кніга прарока Міхея
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
Гора мне! Я стаўся як недазьбіраная [садавіна] летняя, як рэшта ад збору вінаграду, няма гронкі на ежу, [няма] сьпелай фігі, якой жадае душа мая.
Бяда імне! Я — як зьбіраньнікі летнае садавіны, астачаў ад віннога збору, нямаш гранкі на ежу; сьпелае садавіны жадае душа мая.
Загінуў багабойны на зямлі, і няма правага сярод людзей; усе цікуюць на кроў; кожны палюе на брата свайго, [ставячы] пастку.
Багабойлівы загінуў ізь зямлі, і нямаш пасьцівага меж людзтва; усі цікуюць на кроў; кажны палюе сецьцю на брата свайго.
Да зла [скіраваныя] абедзьвума рукамі, каб рабіць яго спраўна, князь вымагае [хабару], і судзьдзя [вымагае] платы, і вялікі выказвае згубнае [жаданьне] душы сваёй, і выкрыўляюць усё.
Улегліва робяць абедзьвіма рукамі ліха, князь вымагае, і судзьдзя вымагае заплаты, і вялікі выказуе шкоднае жаданьне сваё, і глыбяць гэта.
Найлепшы з іх — як церне, правы — як жываплот. Дзень вартаўнікоў Тваіх і наведваньня Твайго надыйшоў; цяпер будзе зьбянтэжанасьць у іх.
Найлепшы зь іх — як дзядоўнік, найпасьціўшы — як церневы плот; дзень вартаўнікоў Тваіх і даведаньня Твайго настаець; цяпер будзе сумятня ў іх.
Ня верце бліжняму, не спадзявайцеся на сябра; ад той, якая ляжыць на ўлоньні тваім, захоўвай дзьверы вуснаў тваіх.
Ня верце прыяцелю, не давярайце правадыру; ад ляжачае на ўлоньню тваім сьцеражы дзьверы вуснаў сваіх;
Бо сын зьневажае бацьку, дачка паўстае супраць маці сваёй, нявестка — супраць сьвякрыві сваёй, і ворагі чалавеку хатнія ягоныя.
Бо сын ганьбе айца, дачка паўстаець супроці маці свае, нявестка супроці сьвякрыві свае: непрыяцелі людзіне хатнія ейныя.
А я буду глядзець на ГОСПАДА, буду спадзявацца на Бога збаўленьня майго. Бог мой пачуе мяне.
А я буду глядзець на СПАДАРА, буду спадзявацца на Бога спасеньня свайго; Бог мой пачуе мяне.
Ня радуйся з мяне, вораг мой! Хоць я ўпаў, я ўстану; хоць я жыву ў цемры, ГОСПАД — сьвятло для мяне.
Ня цешся зь мяне, непрыяцелка мая! як я ўпаў, я ўстану; як я ў цемры, СПАДАР сьвятліня імне.
Гнеў ГОСПАДА я буду насіць, бо я зграшыў супраць Яго, аж пакуль Ён не разгледзіць справу маю і не правядзе суд мой. Ён вывядзе мяне на сьвятло, я ўбачу праведнасьць Ягоную.
Абурэньне СПАДАРОВА я буду насіць, бо я ізграшыў супроці яго, пакуль Ён не разьвяжа справы мае і ня ўчыне суду майго; Ён вывядзе мяне на сьвятліню, я буду глядзець на справядлівасьць Ягоную.
І ўбачыць [гэта] вораг мой, і пакрые сорам таго, які сказаў мне: «Дзе ГОСПАД, Бог твой?» Вочы мае будуць глядзець на яго, цяпер патопчуць яго, як балота на вуліцах.
І абача непрыяцелка мая, і пакрые сорам тую, што сказала імне: «Ідзе СПАДАР, Бог твой?» Вочы мае будуць глядзець на яе, цяпер яна будзе на таптаньне, як балота на вуліцах.
У дзень, калі агароджа твая будзе пабудаваная, у той дзень далёка пашырыцца пастанова [Божая].
Дня, калі агарожа твая будзе збудавана, таго дня далёка пашырыцца права.
У той дзень прыйдуць да цябе і з Асірыі, і аж да гарадоў умацаваных, і ад гарадоў умацаваных аж да ракі, і ад мора да мора, і ад гары да гары.
Таго дня прыйдуць і да цябе з Асыры, і з абаронных местаў, і з гарадоў аж да Ракі, і ад мора аж да мора, і ад гары аж да гары.
Але будзе зямля на спусташэньне за жыхароў ейных, за плады ўчынкаў іхніх.
І будзе зямля на спустошаньне за жыхараў яе, за плады ўчынкаў іхных.
Пасьві народ Твой дубцом Тваім, авечак спадчыны Тваёй, якія жывуць асобна ў лесе, сярод Кармэлю. Няхай яны пасьвяцца ў Башане і Гілеадзе, як у дні старадаўнія.
Пасьві ж люд Свой ськіпетрам Сваім, чараду спадку Свайго, што жывець на аднаселі ў лесе, сярод Кармілу, няхай яны пасьвяцца ў Вашане а Ґілеадзе, як за дзён даўнейшых.
Як у дні выхаду ягонага з зямлі Эгіпецкай, Я пакажу яму цуды.
«Як за дзён выхаду твайго ізь зямлі Ягіпецкае, пакажу яму чудосы».
Убачаць народы і будуць асаромленыя з усёю моцаю сваёю; паложаць руку на вусны, вушы іхнія стануцца глухія.
Народы будуць бачыць і сароміцца з усяе моцы свае; паложаць руку на вусны, вушы іхныя будуць глухія;
Яны будуць лізаць пыл, як зьмеі, як паўзуны зямныя. Яны будуць напалоханыя ў норах сваіх; перад ГОСПАДАМ, Богам нашым, будуць дрыжаць, і будуць баяцца Цябе.
Будуць лізаць пыл, як гад, як паўзуны земныя; як паўзуны земныя, будуць спуджаны з нораў сваіх; СПАДАРА, Бога нашага, будуць лякацца, і будуць баяцца Цябе.
Які Бог падобны да Цябе, Які даруеш беззаконьне і абмінаеш віну рэшты спадчыны Тваёй, Які трымаеш заўсёды гнеў Твой, бо маеш упадабаньне ў міласэрнасьці?
Які Бог падобны да Цябе, што даруе бяспраўе і абмінае выступ астачы спадку Свайго? Ён не задзержуе на векі гневу Свайго, бо любуе міласэрдзе.
Ён павернецца, зьявіць нам міласьць, загладзіць беззаконьні нашыя. Ты кінеш у глыбіні мора ўсе грахі нашыя.
Абернецца, паспагадае нам, услыша бяспраўі нашы, і кіне ў глыбіні морскія ўсі грахі вашы.
Ты зьявіш праўду Якубу, міласэрнасьць Абрагаму, як прысягнуў бацькам нашым у дні даўнейшыя.
Ты дасі праўду Якаву, міласэрдзе Абрагаму, як прысягнуў айцом нашым ад дзён даўнейшых.