Міхея 5 разьдзел

Кніга прарока Міхея
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Цяпер зьбяры войскі, дачка войскаў! Аблягуць нас аблогаю, дубцом будуць біць па шчоках судзьдзю Ізраіля.
 
Цяпер наснудзься вяткаю, дачка вяткі; аблягуць нас аблогаю; дубцом будуць біць повуху судзьдзю Ізраелявага.

Ты, Бэтлеем-Эфрата, — найменшы сярод тысячаў Юды, з цябе выйдзе для Мяне Той, Які будзе Правадыром у Ізраілі, Які паходзіць здаўна, ад дзён старадаўніх.
 
Але ты, Бэтлееме-Ефрафа, ты малады, каб быць меж тысячаў Юдзіных, зь цябе выйдзе Імне, Каторы будзе Валадаром у Ізраелю, Каторы паходзе здаўна, ад вечнасьці».

Дзеля гэтага Ён выдасьць іх аж да часу, калі народзіць тая, што мае нарадзіць; і пазасталыя з братоў Ягоных вернуцца да сыноў Ізраіля.
 
Затым Ён выдасьць іх аж да часу, пакуль ня родзе маючая радзіць; тады астача з братоў Ягоных зьвернецца да сыноў Ізраелявых.

І стане Ён, і будзе пасьвіць у моцы ГОСПАДА, у слаўнасьці імя ГОСПАДА, Бога Свайго, і яны будуць жыць [там], бо ад гэтага [часу] Ён узьвялічыцца аж да канцоў зямлі.
 
І стане Ён, і будзе пасьціць у сіле СПАДАРОВАЕ у майстаце імені СПАДАРА, Бога Свайго, і будуць жыць, бо адгэнуль Ён узьвялічыцца аж да канцоў зямлі.

І Ён будзе супакой. Калі Асур прыйдзе ў зямлю нашую і калі будзе таптаць палацы нашыя, тады мы выставім супраць яго сем пастыраў і восем князёў чалавечых.
 
І гэта будзе мірам. Як Асур прыйдзе да зямлі нашае і як патопча палацы нашы, тады мы выставім супроці яго сямёх пастыроў і асьмёх князёў зь люду.

І яны будуць мячом пасьвіць зямлю Асура і зямлю Німрода каля ўваходаў іхніх. І Ён выратуе ад Асура, калі той прыйдзе ў зямлю нашую і калі будзе таптаць межы нашыя.
 
І спустошаць зямлю Асураву мячом і зямлю Немродаву ў вуходах яе; гэтак Ён выбаве ад Асура, як гэты прыйдзе да зямлі нашае і як патопча граніцы нашы.

І будзе рэшта Якуба сярод мноства народаў, як раса ад ГОСПАДА, як дождж на траву, якога не спадзяешся ад чалавека і не чакаеш ад сыноў чалавечых.
 
І будзе астача Якавава сярод шмат якіх людаў, як раса ад СПАДАРА, як лівун на траву, каторага не спадзяешся ад людзіны ані чакаеш ад сыноў людзкіх.

І будзе рэшта Якуба сярод народаў, сярод мноства народаў, як леў сярод зьвяроў лесу, як ільвяня сярод чарады авечак, якое, калі ўвойдзе, топча і разьдзірае, і [ніхто] ня можа выратаваць.
 
І будзе астача Якавава сярод народаў, сярод шмат якіх людаў, як леў меж статку ў лесе, як левянё меж чарады авец, каторае, як выйдзе, топча а ірвець, і ніхто ня можа вывальніць.

Узьнімецца рука твая на прыгнятальнікаў тваіх, і ўсе ворагі твае будуць зьнішчаны.
 
Падыймецца рука твая на праціўнікаў тваіх, і ўсі непрыяцелі твае будуць адцяты.

І станецца ў той дзень, кажа ГОСПАД, Я зьнішчу коней тваіх сярод цябе і скрышу калясьніцы твае;
 
«І станецца таго дня, — агалашае СПАДАР, — што адатну коні сярод цябе і зьнішчу цялежкі твае;

і зьнішчу гарады ў зямлі тваёй, і зруйную ўсе замкі твае;
 
І адатну месты ў зямлі Тваёй, і абуру ўсі гарады твае;

і зьнішчу чараваньне рукі тваёй, і варажбітоў ня будзе ў цябе;
 
І адатну чары з рукі твае, і вяшчуноў ня будзе ў цябе;

і зьнішчу балванаў тваіх і слупы твае пасярод цябе, і ня будзеш ужо пакланяцца вырабу рук тваіх;
 
Таксама адатну выразаныя твае і стаўпы з пасярод цябе, і ня будзеш ужо кланяцца вырабу рук сваіх;

і Я павырываю астартаў тваіх спасярод цябе; і панішчу гарады твае.
 
Вырву гаі твае з пасярод цябе; гэтак зьнішчу месты твае.

І ўчыню ў гневе і абурэньні помсту над народамі, якія не былі паслухмяныя [Мне].
 
І зьдзею ў гневе а абурэньню помсту над народамі, каторыя ня слухалі».