Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

Міхея 7 Міхея 7 разьдзел

1 Бяда імне! Я — як зьбіраньнікі летнае садавіны, астачаў ад віннога збору, нямаш гранкі на ежу; сьпелае садавіны жадае душа мая.
2 Багабойлівы загінуў ізь зямлі, і нямаш пасьцівага меж людзтва; усі цікуюць на кроў; кажны палюе сецьцю на брата свайго.
3 Улегліва робяць абедзьвіма рукамі ліха, князь вымагае, і судзьдзя вымагае заплаты, і вялікі выказуе шкоднае жаданьне сваё, і глыбяць гэта.
4 Найлепшы зь іх — як дзядоўнік, найпасьціўшы — як церневы плот; дзень вартаўнікоў Тваіх і даведаньня Твайго настаець; цяпер будзе сумятня ў іх.
5 Ня верце прыяцелю, не давярайце правадыру; ад ляжачае на ўлоньню тваім сьцеражы дзьверы вуснаў сваіх;
6 Бо сын ганьбе айца, дачка паўстаець супроці маці свае, нявестка супроці сьвякрыві свае: непрыяцелі людзіне хатнія ейныя.
7 А я буду глядзець на СПАДАРА, буду спадзявацца на Бога спасеньня свайго; Бог мой пачуе мяне.
8 Ня цешся зь мяне, непрыяцелка мая! як я ўпаў, я ўстану; як я ў цемры, СПАДАР сьвятліня імне.
9 Абурэньне СПАДАРОВА я буду насіць, бо я ізграшыў супроці яго, пакуль Ён не разьвяжа справы мае і ня ўчыне суду майго; Ён вывядзе мяне на сьвятліню, я буду глядзець на справядлівасьць Ягоную.
10 І абача непрыяцелка мая, і пакрые сорам тую, што сказала імне: «Ідзе СПАДАР, Бог твой?» Вочы мае будуць глядзець на яе, цяпер яна будзе на таптаньне, як балота на вуліцах.
11 Дня, калі агарожа твая будзе збудавана, таго дня далёка пашырыцца права.
12 Таго дня прыйдуць і да цябе з Асыры, і з абаронных местаў, і з гарадоў аж да Ракі, і ад мора аж да мора, і ад гары аж да гары.
13 І будзе зямля на спустошаньне за жыхараў яе, за плады ўчынкаў іхных.
14 Пасьві ж люд Свой ськіпетрам Сваім, чараду спадку Свайго, што жывець на аднаселі ў лесе, сярод Кармілу, няхай яны пасьвяцца ў Вашане а Ґілеадзе, як за дзён даўнейшых.
15 «Як за дзён выхаду твайго ізь зямлі Ягіпецкае, пакажу яму чудосы».
16 Народы будуць бачыць і сароміцца з усяе моцы свае; паложаць руку на вусны, вушы іхныя будуць глухія;
17 Будуць лізаць пыл, як гад, як паўзуны земныя; як паўзуны земныя, будуць спуджаны з нораў сваіх; СПАДАРА, Бога нашага, будуць лякацца, і будуць баяцца Цябе.
18 Які Бог падобны да Цябе, што даруе бяспраўе і абмінае выступ астачы спадку Свайго? Ён не задзержуе на векі гневу Свайго, бо любуе міласэрдзе.
19 Абернецца, паспагадае нам, услыша бяспраўі нашы, і кіне ў глыбіні морскія ўсі грахі вашы.
20 Ты дасі праўду Якаву, міласэрдзе Абрагаму, як прысягнуў айцом нашым ад дзён даўнейшых.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга прарокі Міхея, 7 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.