Лікі 20 разьдзел

Лікі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Л. Гарошка

 
 

І прыйшлі ў першы месяц сыны Ізраіля, уся грамада, у пустыню Сін, і затрымаўся народ у Кадэшы. Там памерла Мірыям, і там была пахаваная.
 

І не было вады для грамады, і зграмадзіліся яны супраць Майсея і Аарона.
 

І спрачаўся народ з Майсеем, і яны казалі: «Лепш, каб мы загінулі, калі загінулі браты нашыя перад абліччам ГОСПАДА!
 

Навошта вывелі вы царкву ГОСПАДА ў пустыню гэтую, каб там загінулі мы і жывёла нашая?
 

Навошта вы нас вывелі з Эгіпту, каб завесьці нас у гэтае месца ліхое, дзе сеяць нельга, дзе дрэва фігавае не расьце, ані вінаград, ані дрэвы гранатовыя, і вады няма для піцьця?»
 

І Майсей і Аарон адыйшлі ад аблічча царквы да ўваходу ў Намёт Спатканьня, і ўпалі на абліччы свае. І зьявілася слава ГОСПАДА над імі.
 

І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
 

«Вазьмі кій і зьбярыце грамаду, ты і Аарон, брат твой, і прамоўце да скалы перад вачыма іхнімі, і яна дасьць ваду. І ты выведзеш ваду са скалы, і напоіш грамаду і жывёлу ейную».
 

І ўзяў Майсей кій спрад аблічча ГОСПАДА, як [Госпад] загадаў яму.
 

І Майсей і Аарон сабралі царкву перад скалою, і сказаў [Майсей]: «Слухайце, бунтаўнікі! Ці зможам мы з гэтай скалы вывесьці ваду для вас?»
 

І падняў Майсей руку сваю, і ўдарыў скалу кіем сваім два разы. І выцякла шмат вады, і напілася грамада і жывёла іх.
 

І сказаў ГОСПАД Майсею і Аарону: «За тое, што вы не паверылі Мне, каб выявіць сьвятасьць Маю перад вачыма сыноў Ізраіля, вы не ўвядзіцё царкву гэтую ў зямлю, якую Я даў ім».
 

Гэта вось вада Мэрывы, дзе спрачаліся сыны Ізраіля супраць ГОСПАДА і дзе Ён выявіў сьвятасьць Сваю перад імі.
 

І паслаў Майсей з Кадэшу паслоў да валадара Эдому, каб яны сказалі: «Я — брат твой, Ізраіль: Ты ведаеш усе беды, якія спаткалі нас.
 

І зыйшлі бацькі нашыя ў Эгіпет, і жылі ў Эгіпце шмат дзён, і Эгіпцяне крыўдзілі нас і бацькоў нашых,
 

і мы клікалі да ГОСПАДА, і Ён выслухаў голас наш, і паслаў анёла, і вывеў нас з Эгіпту. І вось, мы ў горадзе Кадэшы, на мяжы тваёй.
 

Просім, дазволь прайсьці праз зямлю тваю. Ня пойдзем мы праз палі і вінаграднікі і ня будзем піць вады са студняў. Мы пойдзем шляхам валадарскім, не адхіляючыся ані направа, ані налева, пакуль не мінем межаў тваіх».
 

І сказаў ім Эдом: «Ня пройдзеш праз мяне, бо я з мячом выйду насустрач табе».
 

І сказалі яму сыны Ізраіля: «Мы пойдзем бітаю дарогай, а калі будзем піць ваду тваю, мы і жывёла наша, заплацім. Нічога не жадаем, толькі прайсьці пехатою».
 

І сказаў [Эдом]: «Ня пройдзеце!» І выйшаў Эдом супраць іх з народам шматлікім і рукою моцнаю.
 

І забараніў Эдом Ізраілю пераходзіць межы свае, і Ізраіль адыйшоў у бок ад яго.
 

І вырушылі з Кадэшу, і прыйшлі сыны Ізраіля, уся грамада, пад гару Гор.
 

І сказаў ГОСПАД Майсею і Аарону каля гары Гор, якая на мяжы зямлі Эдому, кажучы:
 

«Аарон будзе далучаны да народу свайго, бо ён ня ўвойдзе ў зямлю, якую Я дам сынам Ізраіля, таму што вы супрацівіліся [слову] з вуснаў Маіх ля водаў Мэрывы.
 

Вазьмі Аарона і Элеазара, сына ягонага, і завядзі іх на гару Гор.
 

Здымі з Аарона адзеньне ягонае, і апрані ў яго Элеазара, сына ягонага, і Аарон няхай далучыцца [да народу свайго], і памрэ там».
 

І зрабіў Майсей, як загадаў ГОСПАД. І ўзыйшлі яны на гару Гор на вачах усёй грамады.
 

І зьняў Майсей з Аарона адзеньне ягонае, і апрануў у яго Элеазара, сына ягонага. І памёр Аарон там на вяршыні гары, а Майсей і Элеазар зыйшлі з гары.
 

І ўбачыла ўся грамада, што памёр Аарон, і плакаў увесь дом Ізраіля па Аароне трыццаць дзён.