Асіі 7 разьдзел
Кніга прарока Асіі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі
Калі Я лячу Ізраіля, выяўляецца беззаконьне Эфраіма і ліхота Самарыі, бо яны ўчыняюць хлусьню, і злодзей уваходзіць [у дом], разбойнікі рабуюць на вуліцы.
Калі Я лекаваў Ізраіля, адкрылася няпраўда Яфрэмава і зладзейства Самарыі; бо яны паводзяцца ілжыва; і ўваходзіць злодзей, і разбойнік рабуе на вуліцах.
І ня кажуць яны ў сэрцы сваім, што Я памятаю пра ўсю ліхоту іхнюю. Цяпер атачаюць іх учынкі іхнія, яны будуць перад абліччам Маім.
Ня думаюць яны ў сэрцы сваім, што Я памятаю ўсе ліхадзействы іхнія; цяпер вакол іх учынкі іхнія; яны — перад абліччам Маім.
Ліхоцьцем сваім весялілі валадара, і маной сваёю — князёў.
Ліхадзействам сваім яны вяселяць цара і падманамі сваімі — князёў.
Усе яны чужаложаць, як печ, распаленая пекарам, які перастае чуваць, калі замясіў цеста, каб яно закісла.
Усе яны палаюць пералюбствам, як печ, напаленая пекарам, які перастае паліць яе, калі замесіць цеста і яно ўкісьне.
У дзень валадара нашага князі зрабілі яго нядужым, [даўшы] бутлі віна, і ён выцягвае руку сваю разам з насьмешнікамі.
«Дзень нашага цара!» кажуць князі, разгарачаныя да хваробы віном, а ён працягвае руку сваю да блюзьнераў.
Бо яны наблізілі сэрца сваё да [растаўляньня] пастак як [распаленая] печ. Пекар іхні сьпіць усю ноч, а раніцаю яна гарыць, як полымя агню.
Бо яны хітрынай сваёю робяць сэрца сваё падобным да печы: пекар іхні сьпіць усю ноч, а раніцай яна гарыць як палымяны агонь.
Усе яны распаленыя, як печ, і зьядаюць судзьдзяў сваіх. Усе валадары іхнія падаюць, няма сярод іх нікога, хто б клікаў да Мяне.
Усе яны распалены, як печ, і пажыраюць судзьдзяў сваіх; усе цары іхнія падаюць, і ніхто зь іх не зьвяртаецца да Мяне.
Эфраім зьмяшаўся з народамі; Эфраім стаўся як аладка, [якая сьпечана], не пераварочваючы.
Яфрэм зьмяшаўся з народамі, Яфрэм стаў як непавернуты хлеб.
Чужынцы зьядаюць сілу ягоную, а ён ня ведае; таксама сівізна пабяліла яго, а ён ня ведае.
Чужыя пажыралі сілу ягоную, — і ён не заўважаў; сівізна пакрыла яго, а ён ня ведае.
І сьведчыць пыха Ізраіля супраць яго, але яны не зьвяртаюцца да ГОСПАДА, Бога іхняга, і не шукаюць Яго ў-ва ўсім гэтым.
І гонар Ізраіля прыніжаны ў вачах іхніх, — і пры ўсім гэтым яны не зьвярнуліся да Госпада Бога свайго і не знайшлі Яго.
І стаўся Эфраім як голуб дурны, бяз сэрца, клічуць Эгіпет, ідуць у Асірыю.
І зрабіўся Яфрэм, як дурны голуб, бяз сэрца: клічуць Егіпцянаў, ідуць у Асірыю.
Калі яны пойдуць, Я расьцягну на іх сеці Мае, сьцягну іх, як птушак нябесных, пакараю іх, як было ім сказана ў грамадзе іхняй.
Калі яны пойдуць, Я закіну на іх сетку Маю; як птушак нябесных скіну іх; пакараю іх, як чула зборня іхняя.
Гора ім, бо яны ўцякаюць ад Мяне! Спусташэньне на іх, бо яны адступіліся ад Мяне! Хоць Я адкупіў іх, яны кажуць няпраўду на Мяне.
Гора ім, што яны адышлі ад Мяне; пагібель ім, што яны адпаліся ад Мяне! Я ратаваў іх, а яны ілжу казалі на Мяне.
І ня клічуць Мяне ў сэрцы сваім, калі выюць на ложках сваіх. Дзеля збожжа і віна яны зьбіраюцца, але ад Мяне адварочваюцца.
І не зьвярталіся да Мяне сэрцам сваім, калі галасілі на ложках сваіх; зьбіраюцца дзеля хлеба і віна, а ад Мяне аддаляюцца.
Хоць Я настаўляў іх, умацоўваў рамёны іхнія, яны надумваюць ліхое супраць Мяне.
Я наводзіў іх на розум, а яны намышлялі ліхое супроць Мяне.
Зьвяртаюцца, але не да Найвышэйшага. Яны — як лук здрадлівы. Упадуць ад мяча князі іхнія за ярасьць языка іхняга. Гэта [зробіць] іх пасьмешышчам у зямлі Эгіпецкай.
Яны зьвярталіся, але не да Ўсявышняга, зрабіліся — як ненадзейны лук; загінуць ад меча князя іхняга за дзёрзкасьць языка свайго; гэта будзе пасьмяяньне зь іх у зямлі Егіпецкай.