Асіі 7 разьдзел
Кніга прарока Асіі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі
Калі захацеў вылечыць Ізраэля, яўнай сталася праступнасць Эфраіма і ліхота Самарыі, бо яны дапусціліся лгарства: злодзей уваходзіць, а на дварэ рабуюць разбойнікі.
Калі Я лекаваў Ізраіля, адкрылася няпраўда Яфрэмава і зладзейства Самарыі; бо яны паводзяцца ілжыва; і ўваходзіць злодзей, і разбойнік рабуе на вуліцах.
Яны не думаюць у сэрцах сваіх, што Я памятаю ўсе іх злачынствы, цяпер акружаюць іх учынкі іх, яны — перад абліччам Маім.
Ня думаюць яны ў сэрцы сваім, што Я памятаю ўсе ліхадзействы іхнія; цяпер вакол іх учынкі іхнія; яны — перад абліччам Маім.
Сваёй пераваротнасцю ўзрадавалі цара, а лгарствамі сваімі — князёў.
Ліхадзействам сваім яны вяселяць цара і падманамі сваімі — князёў.
Усе яны чужаложнікі: яны — як прапаленая печ, пекар перастае раздуваць агонь, калі месіць цеста, аж пакуль яно не скісне.
Усе яны палаюць пералюбствам, як печ, напаленая пекарам, які перастае паліць яе, калі замесіць цеста і яно ўкісьне.
У дзень цара нашага князі самлелі ад гарачкі віна, яно апанавала дзёрзкіх.
«Дзень нашага цара!» кажуць князі, разгарачаныя да хваробы віном, а ён працягвае руку сваю да блюзьнераў.
Бо яны распалілі інтрыгамі сэрца сваё, як печ; усю ноч засынаў гнеў іх, нараніцы ж гарыць ён, як полымя агню.
Бо яны хітрынай сваёю робяць сэрца сваё падобным да печы: пекар іхні сьпіць усю ноч, а раніцай яна гарыць як палымяны агонь.
Усе яны распалены, як печ, і пажыраюць суддзяў сваіх; усе цары іх папрападалі, няма з іх нікога, хто прызываў бы Мяне,
Усе яны распалены, як печ, і пажыраюць судзьдзяў сваіх; усе цары іхнія падаюць, і ніхто зь іх не зьвяртаецца да Мяне.
Эфраім памяшаўся з народамі, Эфраім — печаны ў прысаку хлеб, які не варочалі.
Яфрэм зьмяшаўся з народамі, Яфрэм стаў як непавернуты хлеб.
Чужыя спажываюць сілу яго, а ён не ведае; сівізна пакрыла яго, а ён не ведае.
Чужыя пажыралі сілу ягоную, — і ён не заўважаў; сівізна пакрыла яго, а ён ня ведае.
Пыха Ізраэля сведчыць сама за сябе, але яны не навярнуліся да Госпада, Бога свайго, і ва ўсім гэтым не шукалі Яго.
І гонар Ізраіля прыніжаны ў вачах іхніх, — і пры ўсім гэтым яны не зьвярнуліся да Госпада Бога свайго і не знайшлі Яго.
Вось, стаўся Эфраім, як галубіца неразумная, што не мае развагі; клікалі ў Егіпет, пайшлі ў Асірыю.
І зрабіўся Яфрэм, як дурны голуб, бяз сэрца: клічуць Егіпцянаў, ідуць у Асірыю.
І калі яны пойдуць, закіну Я на іх нерат Свой і схаплю ўсіх, як птушак паднебных, пакараю іх паводле таго, што чулі на сваім сходзе.
Калі яны пойдуць, Я закіну на іх сетку Маю; як птушак нябесных скіну іх; пакараю іх, як чула зборня іхняя.
Гора ім, бо яны адступілі ад Мяне! Будуць знішчаны, бо яны адвярнуліся ад Мяне. Усё ж такі адкуплю іх, хоць бы яны гаварылі лгарства супраць Мяне.
Гора ім, што яны адышлі ад Мяне; пагібель ім, што яны адпаліся ад Мяне! Я ратаваў іх, а яны ілжу казалі на Мяне.
Не прызывалі Мяне шчырым сэрцам сваім, калі лямантавалі на ложках сваіх; наразаюць скуру з-за збожжа і віна ды супрацівяцца адносна Мяне.
І не зьвярталіся да Мяне сэрцам сваім, калі галасілі на ложках сваіх; зьбіраюцца дзеля хлеба і віна, а ад Мяне аддаляюцца.
Я ж вучыў іх і ўзмацоўваў плячо іх, а яны супраць Мяне задумваюць ліхоту.
Я наводзіў іх на розум, а яны намышлялі ліхое супроць Мяне.
Звяртаюцца да таго, хто не дапаможа, сталіся, як лук падманны; падуць ад меча князі іх дзеля нястрыманасці языка свайго: такое пасмяянне з іх у зямлі Егіпецкай.
Яны зьвярталіся, але не да Ўсявышняга, зрабіліся — як ненадзейны лук; загінуць ад меча князя іхняга за дзёрзкасьць языка свайго; гэта будзе пасьмяяньне зь іх у зямлі Егіпецкай.