Асіі 11 разьдзел

Кніга прарока Асіі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Палюбіў Я Ізраэля, калі быў яшчэ дзіцём, і сына Свайго пазваў з Егіпта.
 
І на золку загіне цар Ізраілеў! Калі Ізраіль быў малады, Я любіў яго і зь Егіпта выклікаў сына Майго.

Чым болей іх прызываў, тым больш адыходзілі ад аблічча Майго: а ахвяры складалі Баалам і ідалам палілі кадзіла.
 
Клікалі іх, а яны ішлі прэч ад аблічча іх; прыносілі ахвяру Ваалам і кадзілі ідалам.

А Я ж вучыў хадзіць Эфраіма, насіў іх на руках Сваіх, яны ж не ведалі, што апякуюся імі.
 
Я Сам прывучаў Яфрэма хадзіць, насіў яго на руках Сваіх, а яны не ўсьведамлялі, што я лекаваў іх.

Цягнуў я іх сувязямі людскімі, цягамі любові; Я быў ім, як той, хто прытуляе немаўля да грудзей сваіх; і схіляўся над ім, і карміў яго.
 
Путамі чалавечымі цягнуў Я іх, путамі любові, і быў ім як бы тым, хто падымае ярмо са сківіцаў іхніх, і ласкава падкладваў ежу ім.

Дык вернецца ў зямлю Егіпецкую, і Асур будзе яго царом, бо не хацелі навярнуцца.
 
Ня вернецца ён у Егіпет; але Асур — ён будзе царом яго, бо яны не схацелі зьвярнуцца да Мяне.

У гарадах яго будзе шалець меч і вынішчыць іх гаманкіх дзяцей ды паесць іх за рашэнні іх.
 
І ўпадзе меч на гарады яго — і зьнішчыць замкі ягоныя і зжарэ іх за намыслы іхнія.

Народ Мой настаўлены, каб адвярнуцца ад Мяне, і прызываюць яго ўгору, але поруч не падымаюць яго.
 
Народ Мой закасьцянеў у адпадзеньні ад Мяне, хоць і заклікаюць яго да вышэйшага, ён не ўзвышаецца аднадушна.

Як учыню табе, Эфраіме? Як пакінуць цябе, Ізраэлю? Ці ж учыню табе, як Адаме, ці зраблю цябе падобным да Себаіма? Уздрыгаецца на гэта сэрца Маё, і адначасова разгараецца літасць Мая.
 
Што зраблю з табою, Яфрэме? як здраджу табе, Ізраіле? Ці зраблю з табою, як з Адамам, ці зраблю табе, як Сэваіму? Павярнулася ўва Мне сэрца Маё, загарэлася шкадоба Мая!

Не пушчу гарэння гневу Майго, не павярнуся, каб знішчыць Эфраіма, бо Я — Бог, а не чалавек, пасярод Цябе — святы, і не прыйду з пагрозаю.
 
Не зраблю паводле лютасьці гневу Майго, ня зьнішчу Яфрэма, бо Я — Бог, а не чалавек; сярод цябе — Сьвяты; Я не ўвайду ў горад.

Услед за Госпадам пойдуць яны; як леў, Ён дасць голас свой, бо Ён сам зарычыць, і з дрыжэннем збягуцца сыны з захаду.
 
Сьледам за Госпадам пойдуць яны. Як леў, Ён дасьць голас Свой; дасьць голас Свой, — страпянуцца да Яго сыны з захаду,

І, як птушкі, злятуцца з Егіпта, і, як галубы, — з зямлі Асірыйскай; і збяру іх у сваіх дамах», — кажа Госпад.
 
страпянуцца зь Егіпта як птушкі, і зь зямлі Асірыйскай, як галубы, і ўсялю іх у дамы іхнія, кажа Гасподзь.

«Акружыў мяне Эфраім падманам, і ашуканствам — дом Ізраэля, аднак Юда яшчэ дагэтуль ходзіць з Богам і, верны, — са Святым».
 
Акружыць Мяне Яфрэм маною і дом Ізраілеў — хітрынаю; Юда трымаўся яшчэ Бога і верны быў са сьвятымі.