Асіі 12 разьдзел

Кніга прарока Асіі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Эфраім пасе вецер і ганяецца за хвалямі: увесь дзень множыць лгарства і гвалт, заключае прымірэнне з Асірыяй і дастаўляе аліву ў Егіпет.
 
Яфрэм пасьвіць вецер і ганяецца за ўсходнім ветрам, кожны дзень памнажае ілжу і спусташэньні; заключаюць яны саюз з Асурам, і ў Егіпет вывозіцца алей.

Дык з Юдаю суд у Госпада, і Ён наведае Якуба; і адгодзіць Ён яму за паводзіны яго і ўчынкі яго.
 
Але і зь Юдам у Госпада суд, — і Ён наведае Якава па дарогах ягоных, аддасьць яму паводле дзеяў ягоных.

Ужо ва ўлонні маці ашукаў брата свайго, і ў поўні сіл сваіх змагаўся з Богам.
 
Яшчэ ў чэраве ў маці запыняў ён брата свайго, а ўзмужнеўшы змагаўся з Богам.

Змагаючыся з анёлам, перамог яго, плакаў і маліў яго. Спаткаў яго ў Бэтэлі і там гаварыў з намі
 
Ён змагаўся з анёлам — і перамог; плакаў і благаў Яго; у Віфляеме Ён знайшоў нас і там гутарыў з намі.

Госпад — Бог Магуццяў; Той, Які ёсць, — імя Яго.
 
А Гасподзь ёсьць Бог Саваоф; Сутны — імя Яго.

І ты вярніся да Бога свайго; беражы любоў і закон і май заўсёды надзею ў Богу тваім.
 
Зьвярніся і ты да Бога твайго: назірай міласьць і суд і спадзявайся на Бога твайго заўсёды.

Ханаан мае ў руцэ фальшывую вагу, любіць ашуканства.
 
Хананэянін зь няправільнымі вагамі ў руцэ любіць крыўдзіць;

Вось жа, сказаў Эфраім: «Стаўся я багаты, знайшоў сабе маёмасць, і ўсе мае намаганні не дакажуць маёй незаконнасці, якой бы я зграшыў».
 
і Яфрэм кажа: «аднак я разбагацеў; назапасіў сабе маёмасьці, хоць ва ўсіх маіх працах ня знойдуць нічога незаконнага, што было б грэхам».

«Я, вось, Госпад, Бог твой з зямлі Егіпецкай; дазволю табе яшчэ пражываць у палатках, як было ў днях сходу.
 
А Я, Гасподзь Бог твой ад самай зямлі Егіпецкай, зноў пасялю цябе ў кушчах, як у дні сьвята.

Вось жа, буду прамаўляць да прарокаў, і памножу бачанні, і праз прарокаў буду даваць прыпавесці».
 
Я гаварыў прарокам і памнажаў уявы і праз прарокаў ужываў прытчы.

Калі Галаад зрабіўся злачыннасцю, яны зноў сталіся ліхімі; у Галгале складаюць ахвяры цялятамі, — ахвярнікі іх будуць кучамі на барознах раллі.
 
Калі Галаад зрабіўся Авэнам, дык яны сталі марныя, у Галгалах калолі ў ахвяру цялят, і ахвярнікі іхнія стаялі як крушні на межах поля.

Якуб уцёк у мясцовасць Арам; і служыў Ізраэль за жонку, і дзеля жонкі быў вартаўніком.
 
Уцёк Якаў на палі Сірыйскія, і служыў Ізраіль за жонку і за жонку вартаваў авечак.

Вось, праз прарока Госпад вывеў Ізраэля з Егіпта і праз прарока акружыў яго апекай.
 
Праз прарока вывеў Гасподзь Ізраіля зь Егіпта і праз прарока Ён ахоўваў яго.

Эфраім справакаваў Яго да моцнага гневу, таму кроў яго пакіне на ім і за яго знявагу Госпад яго адгодзіць яму.
 
Моцна раздражніў Яфрэм Госпада, і за тое кроў яго пакіне на ім і кляцьбу яго аберне Гасподзь на яго.