Асіі 4 разьдзел

Кніга прарока Асіі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Слухайце слова Госпада, сыны Ізраэля, бо суд у Госпада з жыхарамі зямлі: бо няма праўды, і няма міласэрнасці, ды няма на зямлі пазнання Бога.
 
Слухайце слова Гасподняе, сыны Ізраілевыя; бо суд у Госпада з жыхарамі гэтай зямлі, бо няма ні праўды, ні міласэрнасьці, ні Богаспазнаньня на зямлі.

Пракляцце і хлусня, забойства і крадзеж, і чужаложства распаўсюдзілася лішне, кроў памнажае кроў.
 
Прысяга і падман, забойства і крадзёж і пералюбнасьць вельмі пашырыліся, і праліцьцё крыві ідзе сьледам за праліцьцём крыві.

Дзеля таго будзе плакаць зямля, і зняможацца кожны, хто жыве на ёй, жыхар яе са зверам палявым, з птушкай паднебнай, і нават рыбы марскія знікнуць.
 
За гэта заплача зямля гэтая і змогуцца ўсе, хто жыве на ёй, са зьвярамі польнымі і птушкамі нябеснымі, нават і рыбы марскія загінуць.

Аднак хай не будзе нікога, хто б асуджаў, ды нікога, хто б ганіў. І народ твой — як тыя, хто спрачаецца са святаром!
 
Але ніхто не спрачайся, ніхто не выкрывай другога; і твой народ — як тыя, што спрачаюцца са сьвятаром.

І ты ўпадзеш днём, і прарок таксама будзе падаць з табою ноччу; дык загублю маці тваю.
 
І ты загінеш удзень, і прарок загіне з табою ўначы, і зьнішчу маці тваю.

Прападае народ Мой, таму што не мае навучання, бо ты адкінуў навучанне, і Я цябе адкіну ад Майго святарства, бо забыўся ты пра закон Бога твайго, дык і Я забудуся пра дзяцей тваіх.
 
Вынішчаны будзе народ Мой празь недахоп выданьня: як што ты адкінуў веданьні, дык і я адкіну цябе ад сьвяшчэнадзейства перада Мною; і як ты забыў закон Бога твайго, дык і Я забуду дзяцей тваіх.

Чым болей іх, тым больш грашаць супраць Мяне; дык славу іх замяню на ганьбу.
 
Чым болей яны памнажаюцца, тым болей грэшаць супроць Мяне; славу іхнюю абярну ў няславу.

Грахом народа Майго жывяцца яны, і да няправасці кіруюць яны душы свае.
 
Грахамі народу Майго кормяцца яны, і да беззаконьня яго імкнецца душа іхняя.

Што будзе з народам, тое будзе са святаром, і адпомшчу за яго ліхія паводзіны, па ўчынках яго адгаджу яму.
 
І што будзе з народам, тое і са сьвятаром; і пакараю яго паводле шляхоў ягоных і аддам яму паводле ўчынкаў ягоных.

Будуць яны есці і не наядуцца; будуць чужаложыць, але не размножацца, бо пакінулі Госпада, каб не служыць Яму.
 
Будуць есьці — і не насыцяцца; будуць блудадзейнічаць — і не размножацца, бо пакінулі служэньні Госпаду.

Распуста, і віно, і п’янства завалодалі сэрцам іх.
 
Блуд, віно і напоі завалодалі сэрцам іхнім.

Народ Мой раіцца са сваім дрэвам, а яго палка прадказвае яму; бо дух чужаложны звёў іх, пакінулі Бога свайго, каб распуснічаць.
 
Народ Мой пытаецца ў свайго дрэва, і жазло ягонае дае яму адказ; бо дух блуду ўвёў іх у аблуду, і блудадзейнічаючы, яны адступіліся ад Бога свайго.

На вяршынях гор складаюць ахвяру, і на ўзгорках кадзяць кадзіла, пад дубам і таполяй, і тэрэбінітам, бо засень ад іх добрая. Таму вашыя дочкі займаюцца распустай, нявесткі вашыя чужаложаць.
 
На вяршынях гор яны прыносяць ахвяры і на пагорках кадзяць пад дубам і таполяй і тэрафімам, бо добры ад іх цень; таму любадзейнічаюць дочкі вашыя, і пералюбы чыняць нявесткі вашыя.

Ці ж не буду караць дачок вашых, калі б дапускаліся распусты? І нарачэніц вашых, калі б чужаложылі? Але яны самі паганяцца з чужаложніцамі і нават складаюць ахвяры з распусніцамі, ды так народ неразумны загіне.
 
Я пакіну караць дочак вашых, калі яны блудадзейнічаюць, а нявестак вашых, калі яны пералюбы чыняць, бо вы самыя — на баку блудадзеек і зь любадзейкамі прыносіце ахвяры, а невук-народ гіне.

Калі ты, Ізраэлю, распуснічаеш, хай прынамсі Юда не грашыць! Не хадзіце ў Галгал, не заходзьце ў Бэт-Авэн, ані прысягайце словамі: «Жыве Госпад».
 
Калі ты, Ізраіле, блудадзейнічаеш, дык хай бы не грашыў Юда; і не хадзеце ў Галгал і ня ўзыходзьце ў Бэт-Авэн і не бажэцеся: жывы Гасподзь!

Бо Ізраэль упорысты, як карова наравістая. Ці ж цяпер будзе іх пасвіць Госпад, як ягня на прасторным пасвішчы?
 
Бо як упартае цяля, упарты стаў Ізраіль; ці будзе цяпер Гасподзь пасьвіць іх, як ягнят на шырокай пашы?!

Засябраваў Эфраім з ідаламі — кінь яго!
 
Прывязаўся да ідалаў Яфрэм; пакінь яго!

Далучыўся да п’янства іх, аддаліся яны распусце, больш любяць ганьбу нячыстасці.
 
Агіднае п’янства іх, зусім аддаліся блудадзейству; князі іхнія любяць сараматнае.

Апануе іх віхор сваімі крыламі, і засаромяцца яны ахвяр сваіх.
 
Ахопіць іх вецер сваімі крыламі, і пасаромеюцца яны ахвяраў сваіх.