1 Слухайце слова Госпада, сыны Ізраэля, бо суд у Госпада з жыхарамі зямлі: бо няма праўды, і няма міласэрнасці, ды няма на зямлі пазнання Бога.
2 Пракляцце і хлусня, забойства і крадзеж, і чужаложства распаўсюдзілася лішне, кроў памнажае кроў.
3 Дзеля таго будзе плакаць зямля, і зняможацца кожны, хто жыве на ёй, жыхар яе са зверам палявым, з птушкай паднебнай, і нават рыбы марскія знікнуць.
4 Аднак хай не будзе нікога, хто б асуджаў, ды нікога, хто б ганіў. І народ твой — як тыя, хто спрачаецца са святаром!
5 І ты ўпадзеш днём, і прарок таксама будзе падаць з табою ноччу; дык загублю маці тваю.
6 Прападае народ Мой, таму што не мае навучання, бо ты адкінуў навучанне, і Я цябе адкіну ад Майго святарства, бо забыўся ты пра закон Бога твайго, дык і Я забудуся пра дзяцей тваіх.
7 Чым болей іх, тым больш грашаць супраць Мяне; дык славу іх замяню на ганьбу.
8 Грахом народа Майго жывяцца яны, і да няправасці кіруюць яны душы свае.
9 Што будзе з народам, тое будзе са святаром, і адпомшчу за яго ліхія паводзіны, па ўчынках яго адгаджу яму.
10 Будуць яны есці і не наядуцца; будуць чужаложыць, але не размножацца, бо пакінулі Госпада, каб не служыць Яму.
11 Распуста, і віно, і п’янства завалодалі сэрцам іх.
12 Народ Мой раіцца са сваім дрэвам, а яго палка прадказвае яму; бо дух чужаложны звёў іх, пакінулі Бога свайго, каб распуснічаць.
13 На вяршынях гор складаюць ахвяру, і на ўзгорках кадзяць кадзіла, пад дубам і таполяй, і тэрэбінітам, бо засень ад іх добрая. Таму вашыя дочкі займаюцца распустай, нявесткі вашыя чужаложаць.
14 Ці ж не буду караць дачок вашых, калі б дапускаліся распусты? І нарачэніц вашых, калі б чужаложылі? Але яны самі паганяцца з чужаложніцамі і нават складаюць ахвяры з распусніцамі, ды так народ неразумны загіне.
15 Калі ты, Ізраэлю, распуснічаеш, хай прынамсі Юда не грашыць! Не хадзіце ў Галгал, не заходзьце ў Бэт-Авэн, ані прысягайце словамі: «Жыве Госпад».
16 Бо Ізраэль упорысты, як карова наравістая. Ці ж цяпер будзе іх пасвіць Госпад, як ягня на прасторным пасвішчы?
17 Засябраваў Эфраім з ідаламі — кінь яго!
18 Далучыўся да п’янства іх, аддаліся яны распусце, больш любяць ганьбу нячыстасці.
19 Апануе іх віхор сваімі крыламі, і засаромяцца яны ахвяр сваіх.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Осіі, 4 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017