Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Осіі 10 Осіі 10 разьдзел

1 Ізраэль — адборная вінаградная лаза, што прыносіць многа пладоў сваіх; паводле пладароднасці сваёй множыў ён ахвярнікі; паводле тлустасці зямлі сваёй аздабляў ідалаў.
2 Раздзялілася сэрца іх, і цяпер будуць пакараныя; Ён сам сатрэ ахвярнікі іх, знішчыць іх ідалаў.
3 Яны, канешне, кажуць: «Няма ў нас цара; мы бо не баімся Госпада, то што нам цар зробіць?»
4 Гавораць словы, прысягаюць ілжыва, заключаюць хаўрусы; таму вырасце, быццам атрутнае зелле, суд на барознах раллі.
5 З-за цяляці ў Бэт-Авэне трымцець будуць жыхары Самарыіі; бо ў жалобе засмуткуе народ яе; святары тым часам радуюцца дзеля славы яго; бо скора адыдзе ад яго.
6 Бо і ён сам перапраўлены ў Асірыю, у падарунак цару вялікаму; апануе ганьба Эфраіма, засаромеецца Ізраэль дзеля рашэння свайго.
7 Гіне Самарыя, а цар яе — як пена на паверхні вады.
8 Ды будуць знішчаны ўзвышшы бязбожнасці — грэх Ізраэля; церні і асот вырасце на ахвярніках іх, а яны будуць казаць гарам: «Прыкрыйце нас!», а ўзгоркам: «Падзіце на нас!»
9 Ад дзён Габы грашыць Ізраэль; там ператрывалі. Не ахопіць іх у Габе вайна супраць сыноў злачыннасці?
10 «Па жаданні Маім — пакараю іх: збяруцца супраць іх народы, каб іх пакараць дзеля дзвюх іх злачыннасцей.
11 Эфраім — навучаная цялушка, што любіць малацьбу. Я Сам ускладу ярмо на сытую шыю яго, сам Эфраіма запрагу, араць будзе Юда, Якуб жа баранаваць будзе.
12 Пасейце сабе справядлівасць, а пажніце любоў: узарыце сабе новыя землі! Час шукаць Госпада, аж прыйдзе, каб праліць на вас дождж справядлівасці.
13 Узворвалі вы бязбожнасць, жняце несправядлівасць, спажываеце плады лжывасці, бо паспадзяваўся ты на калясніцы свае, на мноства асілкаў тваіх.
14 Падымецца замяшанне ў народзе тваім, і ўсе твае ўмацаванні будуць развалены, як Салман знішчыў Бэт-Арбээль у час вайны, а маці з дзецьмі засечана.
15 Так учыніць вам Бэтэль за ўсю вашу вялікую злачыннасць. Уранні прападзе цар Ізраэля.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Осіі, 10 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017